Дапаможам сабе самі?

- 10:40Авторские колонки, Мнение

Святлана НІКІФАРАВА

 

 

 

 

 

 

Вось і лета на зыходзе. З вёсак вяртаюцца загарэлыя гарадскія дзеці. Іх адпачынак хутка скончыцца, а вось у бабуль і дзядуль пачнецца. Часам даглядаць унукаў — не самая лёгкая справа.

— Я ў вёску прыехала адпачываць, а не працаваць, — на маё пытанне “Чаму бабулі не дапамагаеш агарод паліваць?”, лежачы ў гамаку і не адрываючыся ад смартфона, адказвае мая юная суседка па дачы. — У мяне канікулы, я і так увесь год у школе “працую”.

Змянілася мая родная вёска. І дзеці ў ёй сталі іншымі, сучаснымі. Да бабуль едуць з манікюрам, прыхапіўшы з сабой гаджэты, сродкі для загару, пляжны парасон, скейт ці ролікі. Некалі мы, малыя, тут і кароў пасвілі, і сена зграбалі, і грады палолі, і бульбу капалі, і паласы на рацэ мылі… У мяне ёсць сшытак для рэцэптаў зімовых нарыхтовак, дзе першыя запісы я рабіла каліграфічным почыркам, як навучыла першая настаўніца. Тады я не разумела, чаму так дзівіцца мая цётка, што я, дванаццацігадовая, закатала за лета пад сотню слоікаў памідораў. Жыла я тады з бабуляй, бо мамы ўжо не было. А бабуля не ўмела захоў­ваць ура­джай у слоіках — усё, што расло на агародзе, яна квасіла ў бочках, а ягады і садавіну сушыла на печы. Таму кансерваваць навучылася я. І дзіва ў гэтым ніякага не бачыла. Як і ў тым, што я сама ваду з калодзежа насіла і ў хату, і агарод паліваць. Мабыць, гэтыя “водныя” трэніроўкі і далі аб сабе ­знаць праз гады ў пед­універсітэце, калі я трапіла ў каманду філфака па армрэслінгу і нават перамагала на спаборніцтвах.

Штолета на пару тыдняў я ез­дзіла на заробкі — у вёску да свайго дзядзькі. Ён займаўся фермерствам і на лета браў на працу памочнікаў — і дарослых, і дзяцей. Для кожнага з нас гэта была магчымасць і нацешыцца вёскай, і добра зара­біць (дарослыя нават спецыяльна для гэтага бралі водпуск на рабоце). Нас, дзяцей-падлеткаў, збіралася тут чалавек 15—20, у тым ліку і абедзь­ве дзядзькавы дачкі (старэйшы сын-старшакласнік ужо працаваў у полі на трактары). На нас быў збор ягад. Уставалі мы вельмі рана, бо трэба было паспець да выезду машыны на Камароўку і да спякоты назбіраць па кошыку клубніц, суніц ці парэчкі — каму што выпа­дзе. І за трактарам хадзілі — выцягвалі прысыпаныя трактарам лісткі капусты, і ў полі палолі, і дапамагалі гатаваць абед… Каля двух дзясяткаў кніг, якія я купіла са свайго першага заробку ў дзядзькі, і сёння ў мяне захоўваюцца.

А чаго была варта летняя практыка ў школе? Мы і ў цяпліцах працавалі, і на школьным агародзе, і кветнікі палолі, і насенне збіралі. Зрэшты, уласна працу я памятаю не вельмі добра — з практыкі нам больш за ўсё запомніліся эмоцыі ад сустрэч, смак яблыкаў у школьным садзе і пароўну падзеленыя настаўнікам паміж усімі практыкантамі ірыскі.

І ніхто з нас не скардзіўся, што мы перарабіліся, што ў нас адабралі дзяцінства. Наадварот, мы, ведаючы, што такое праца, адчувалі дзяцінства напоўніцу! Любая праца нам была ў задавальненне. Усё рабілася лёгка, гуртам, з гумарам.

А сучасныя дзеці скардзяцца! І, па іх словах, перарабляюць. І вучоба для іх цяжкая, і ўрокаў зашмат, і дамашнія заданні трэба рабіць… Таму баць­кі часта стараюцца ім гэтую долю аблегчыць: “Ну і што, што я яму ложак засцілаю? Ён жа спозніцца на ўрокі!”, “Не хапала яшчэ, каб дзіця сабе вячэру гатавала — няхай хаця б урокі вывучыць”, “Субота ў мяне — дзень свабодны, я і сама ў кватэры прыбяруся — няхай дзіця дзянёк выспіцца і адпачне, тры кантрольныя на тыдні былі!” І паспрабуй, настаўнік, трапіць пад гарачую руку і прапанаваць дзіцяці прыйсці ў школу і сваю парту памыць! “Мы вам вучня далі, а не парабка!” А з горам папалам, нарэшце, дачакаўшыся канікул, бацькі гатовы перадаць эстафету па здзьмухванні пылінак са свайго дзіцяці бацькам у вёску. І тыя актыўна падхопліваюць: “Адпачывай, дзіцятка! А я табе пакуль яблычак пачышчу, ягадак намыю. Паляжыш — збегай у магазін па марожанае (сёння ж такая спякота)”. Бо, не дай божа, унучак дома скажа, што ў вёсцы не спадабалася — больш жа не прыедзе!

Я ні ў якім разе не хачу сказаць, што сёння дзеці горшыя і што быццам мы былі героямі. Не! Дзеці заўсёды аднолькавыя. Праблема ў нас, дарослых. Можа, мы проста з маленства прывыклі працаваць і не можам інакш? Маўляў, мне не цяжка, а дзеці на сваім вяку яшчэ напрацуюцца. А можа, мы баімся прызнацца самі сабе, што з нечым ужо не спраўляемся і нам не пашкодзіла б дапамога (атрымліваецца, сталеем)? Можа, не хочам псаваць сваім дочкам і сыночкам жыццё ўспамінамі пра “працу пад прыгнётам”? Ма­быць, прычыны ў кожнага свае, і не факт, што яны ёсць. Факт толькі ў тым, што мы самі аберагаем дзяцей ад працы і тым самым, лічы, ад жыцця. Вельмі хацелася б, каб не было нагоды некалі моцна аб гэтым пашкадаваць.