Марына КУНЯЎСКАЯ
Адораныя дзеці заўсёды на асаблівым рахунку. Як своечасова заўважыць адмысловы дар, здавалася б, у звычайным вучні? Як не даць загаснуць палымянаму таленту ў актыўным дзіцяці, але развіваць творчы і інтэлектуальны патэнцыял? Гэта важна не толькі для сталеючай асобы, але і для грамадства ў цэлым, бо сённяшнія таленавітыя дзеці — гэта рухаючая сіла краіны заўтра.
Сёння ў многіх краінах існуюць сістэмы пошуку і падтрымкі адораных і таленавітых дзяцей. Прыкладна ў 50 дзяржавах існуюць праграмы абавязковай дыягностыкі ўсіх дзяцей на прыкметы геніяльнасці. У Ізраілі эфектыўная сістэма навучання адораных дзяцей нават з’яўляецца дзяржаўным сакрэтам. Беларускія педагогі не робяць сакрэту з сістэмы работы з адоранымі дзецьмі і ахвотна расказваюць, як выяўляюць дапытлівых чамучак у пачатковай школе, як зацікаўліваюць хлопчыкаў і дзяўчынак фізікай, хіміяй, біялогіяй, астраноміяй, гісторыяй, а затым, працуючы з імі з году ў год, гадуюць будучых пераможцаў алімпіяд, юных даследчыкаў, вынаходнікаў, пераможцаў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў.
Так, у гімназіі № 1 Салігорска дапытлівых, актыўных, ініцыятыўных і захопленых хлопчыкаў і дзяўчынак педагогі з малых гадоў бяруць на аловак, ствараюць банк даных адораных дзяцей. З першых класаў назіраючы за інтарэсамі, захапленнямі і поспехамі навучэнцаў, настаўнікі глядзяць, да чаго тыя праяўляюць зацікаўленасць, і ўжо ў сярэдняй школе прапануюць дадаткова займацца па тым ці іншым прадмеце.
— Адораныя дзеці вельмі розныя, у кожнага адоранасць праяўляецца па-свойму, — адзначае Яўген Валынец, настаўнік фізікі з 37-гадовым стажам гімназіі № 1 Барысава, чые вучні заваявалі больш за сто дыпломаў абласнога ўзроўню і больш за паўсотні рэспубліканскага. — Адны злёту схопліваюць матэрыял, хутка лічаць, выдатна запамінаюць. Іншыя больш часу трацяць на засваенне тэмы, але зусім па-іншаму бачаць і ўспрымаюць матэрыял з прычыны асаблівага, нешаблоннага мыслення. Гледзячы, напрыклад, на дзве паралельныя прамыя, такія дзеці сумняваюцца ў іх паралельнасці. Яны заўсёды знаходзяць нешта нестандартнае ў стандартным.
Дар дару розніца. Сярод адораных дзяцей ёсць тыя, хто таленавіты, як кажуць, ва ўсім. Яны выдатна паспяваюць па ўсіх прадметах ды яшчэ праяўляюць сябе ў творчасці. А ёсць тыя, хто паспяхова рухаецца ў адным кірунку і захоплены выключна ім. Такія вучні звычайна імкнуцца быць, як усе, нічым не вылучаюцца, яны нешматслоўныя, не задаюць пытанняў на ўроках. Бездакорна справіўшыся з задачай, ціха сядзяць, не падымаючы руку, не патрабуючы новага задання. Майстэрства ж настаўніка ў тым, каб своечасова разгледзець здольнасць у такім дзіцяці і захапіць яго сваім прадметам. Пры гэтым да сарамлівых ціхонь важна знайсці падыход, дапамагчы ім раскрыцца, пазбавіцца залішняй сціпласці, комплексаў, развіць у іх такія якасці, як дапытлівасць, ініцыятыўнасць, мэтанакіраванасць і настойлівасць.
Многія педагогі адзіныя ў меркаванні, што для выніковай работы з адоранымі дзецьмі важныя некалькі складнікаў: жаданне і ўменне настаўніка працаваць з юнымі талентамі, жаданне і магчымасць здольных навучэнцаў займацца, бо 70% поспеху залежыць ад іх працавітасці і самаразвіцця, а таксама наяўнасць спрыяльных умоў ва ўстанове адукацыі, такіх як стымуляванне педагогаў, наяўнасць факультатыўных заняткаў, функцыянаванне профільных класаў. Акрамя таго, важна, каб ва ўстанове поспех аднаго або некалькіх вучняў станавіўся агульным дасягненнем.
А ведаеце, аб чым педагогі просяць бацькоў? Падтрымлівайце захапленні і інтарэсы сваіх дзяцей ці хаця б не перашкаджайце іх развіццю, не навязвайце свой выбар жыццёвага шляху і прафесіі. Верце ў сваё дзіця!
Не магу не пагадзіцца з гэтым заклікам.