Гэта здымачная пляцоўка легендарнага танцавальнага фільма “Крок наперад”? Не, звычайныя заняткі па фізкультуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Але чаму замест класічнага “Размаўляць не трэба. Прысядайце да ўпаду…” тут разгарнуўся сапраўдны харэаграфічны гурток?

Не спяшайцеся, тры-чатыры!
Усё дзякуючы аўтарскаму падыходу выкладчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ Наталлі Аляксандраўны Ушаковай. Яна распрацавала трэніровачны комплекс, які ўключае элементы з аэробікі і сучасных танцавальных напрамкаў у вучэбную праграму. Фармат таксама асаблівы — цьютарскія заняткі.
— Доўгі час я працавала трэнерам па агульнай фізічнай падрыхтоўцы ў камандных відах спорту, таму ведаю, чым зацікавіць групу. Распрацаваныя методыкі вельмі падабаюцца менавіта дзяўчатам. Яны аддаюць перавагу танцам і фітнесу, у той час як хлопцы выбіраюць рухавыя гульні і “жалеза”. Раней на фізкультуры дзяўчатам было сумнавата, а мая галоўная мэта — выклікаць у іх імкненне стаць лепшымі. Паказаць, што можна наведваць не “з-пад палкі”, а з задавальненнем.
“У БДУ сфармаваўся калектыў сапраўдных прафесіяналаў, якія шмат чаго дасягнулі. Мае месца здаровая спартыўная канкурэнцыя, калі выкладчыкі вучацца адзін у аднаго, абменьваюцца вопытам. Пастаянна арганізуюцца адкрытыя заняткі, майстар-класы, што забяспечвае стабільнае павышэнне якасці аздараўлення і агульнай фізічнай падрыхтоўкі ў навучэнцаў”.
Таму з’явіўся фармат цьютарскіх трэнінгаў, дзе студэнты могуць і сваю фізічную форму ў парадак прывесці, і навучыцца танцавальным рухам, і нават палепшыць навыкі сацыялізацыі. Заняткі праходзяць раз на тыдзень і нечым нагадваюць аэробіку. Разнастайныя рухі, якія я паказваю, развіваюць не толькі мышцы, але і прапрыяцэпцыю — адчуванне частак цела ў прасторы, а таксама актывізуюць мазгавую дзейнасць.
Мае цьютарскія заняткі прадугледжваюць псіхарухальную тэрапію, развіццё каардынацыі і пластыкі. У іх фітнес спалучаецца з абавязковай вучэбнай праграмай. А яшчэ гэта ідэальны шанс для студэнтаў адпрацаваць прапушчаныя пары. І сябе зробіш лепшым, і наблізішся да запаветнага заліку.

Не баяцца і шукаць
Акрамя танцавальных методык, Наталля Аляксандраўна распрацавала комплекс практыкаванняў, якія дапамагаюць аднавіць правільную паставу. Спатрэбіўся багаты вопыт лячэбнай фізкультуры.
— Таксама існуе комплекс практыкаванняў, створаны для студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. У многіх з іх няправільная пастава. Я доўгі час працавала з праблемамі пазваночніка ў спецмедгрупе ў школе. На нашы заняткі нават прыходзілі дактары, таму што пасля рэгулярных наведванняў дзецям знімалі дыягназы. Прыемна бачыць, што гэты вопыт знаходзіць водгук і ў студэнтаў.
“Разуменне, што спорт — гэта добра і трэба кожнаму, не заўсёды матывуе. Важна, каб фізкультура прыйшла са спартыўнай залы ў дом. Так адбываецца фарміраванне асабістай культуры. Чымсьці падобна на ёгу, дзе выкананне практыкаванняў спрыяе арганізацыі ўвагі, прыводзіць у парадак не толькі цела, але і розум”.
Верхам на тонінгболе
Для таго каб вырашыць гэтую сур’ёзную задачу, звычайнай гімнастыкі недастаткова. Таму Наталля Аляксандраўна выкарыстоўвае сучасны інвентар, які спрыяе аздараўленню і ўмацаванню арганізма.
— У нашым універсітэце добрая база для правядзення заняткаў з элементамі фітнесу. Каб разнастаіць класічную праграму па фізкультуры, выкарыстоўваю рознае абсталяванне для аэробікі. Напрыклад, методыка работы з тонінгболамі выдатна падыходзіць для стрэйчынгу — расцяжэння мышачных валокнаў.
Таксама можна паэксперыментаваць з палкамі для скандынаўскай хадзьбы. Да звычайнага перамяшчэння дадаю разнастайныя практыкаванні для развіцця каардынацыі. Цела любіць працу, і калі больш увагі ўдзяляецца тэхніцы, нейкім нестандартным падыходам, навучэнцы ўцягваюцца ў працэс.
Яшчэ ёсць добры спосаб задаць нестандартную нагрузку і прапрацаваць мышцы жывата і спіны, ягадзічнай зоны і сцёгнаў — трэніравацца з гімнастычнымі жгутамі, фітнес-гумкамі і эспандарамі. Іх выкарыстоўваюць у барацьбе, плаванні, боксе, а таксама ў зімовых відах спорту. Такія трэніроўкі вельмі эфектыўныя, таму што развіваюць сілу, хуткасць і цягавітасць.
Эксперыментам — кампліменты
Зараз студэнтаў захапіць не так проста. Але ў Наталлі Аляксандраўны ёсць некалькі эфектыўных прыёмаў, якія дазваляюць злавіць патрэбную хвалю. Тут важны і ўзровень кампетэнтнасці, і індывідуальны падыход, і пастаянная цяга да ўсяго новага.
— Асабісты прыклад вельмі дапамагае знайсці з вучнямі агульную мову. Многае вырашае знешні выгляд, а таксама здольнасць да нефармальнага ўзаемадзеяння. Не апошнюю ролю адыгрывае і дадатковая матывацыя да развіцця сябе. Тлумачу, што можна выглядаць вось так, а можна яшчэ лепш, але для гэтага прыйдзецца папацець. Акрамя таго, пастаянна цікаўлюся навінкамі, заўважаю крутыя фішкі і ўкараняю іх у адукацыйны працэс. А яшчэ пастаянна спрабую. Мне здаецца, добры педагог — заўсёды эксперыментатар.
Галоўны вынік маёй працы — бачыць, як студэнты паказваюць тое, чаму навучыліся ў мяне на занятках. Гэта могуць быць выступленні, удзел у спаборніцтвах і масавых мерапрыемствах. Калі яны не баяцца праявіць сябе, значыць, усё недарма. Такая вось зваротная сувязь.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота з асабістага архіва Н.А.Ушаковай.





