У руках настаўніцы пачатковых класаў Насовіцкай сярэдняй школы Добрушскага раёна Галіны Маісеенка — фатаграфія яе дзеда Пятра Кірылавіча Серпікава, які прысвяціў рабоце ў школе каля 40 гадоў.

— У нас педагагічная дынастыя, — расказвае Галіна Віктараўна. — Дзед Пётр Кірылавіч Серпікаў прайшоў вайну з 1941 па 1945 год. Вярнуўся з ордэнам Чырвонай Зоркі і цяжкімі раненнямі. Пачынаў працаваць настаўнікам ваеннай падрыхтоўкі, а пасля атрымання вышэйшай адукацыі стаў выкладаць рускую мову і літаратуру ў суседняй вёсцы Антонаўка, быў там дырэктарам школы.
Бацька Галіны Віктар Пятровіч Серпікаў выкладаў беларускую мову. Ён выдатнік народнай адукацыі БССР, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Яго педагагічны стаж — больш за 50 гадоў. У 2021 годзе перадаў кіраўніцтва мясцовым школьным музеем, адкрытым у 1991 годзе, сваёй дачцэ Галіне Маісеенка. І вось ужо 30 гадоў яна працуе ў Насовіцкай школе настаўніцай пачатковых класаў.
Галіна Віктараўна была вучаніцай у тыя гады, калі ў школьным музеі з’яўляліся першыя экспанаты.
— Я памятаю, як мае аднакласнікі і іх бацькі прыносілі ў музей першыя этнаграфічныя экспанаты. Гэта былі ткацкі станок і шмат ручнікоў. Дакументы савецкай эпохі сталі з’яўляцца ў музеі ў 90-я гады, калі сельская гаспадарка прыходзіла ў заняпад. У нас закрывалася кантора знакамітага ў савецкія гады племзавода “Насовічы”. Тады ў школу перанеслі важныя рэчы, якія сведчылі пра той час.
На веласіпедах юныя краязнаўцы калясілі па адселеных вёсках суседніх Веткаўскага і Навазыбкаўскага (Расія) раёнаў. З кожнай паездкі прывозілі ў музей старадаўнія вышыванкі, гарнітуры, прадметы штодзённага ўжытку. Адных толькі гармонікаў мінулага стагоддзя ў музеі — больш за два дзясяткі. Усяго ж тут захоўваецца звыш 3,5 тысячы экспанатаў.
Віктар Серпікаў сабраў і сістэматызаваў багаты краязнаўчы матэрыял пра населены пункт Насовічы і школу. У ім ёсць вельмі цікавыя гістарычныя факты, якія сведчаць пра падзеі, што адбываліся ў гэтых месцах яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Якраз перад адменай прыгоннага права ў Насовічах былі адкрыты дзве пачатковыя школы. Адна — для дзяцей беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, другая — яўрэйская. Для ўстаноў адукацыі спецыяльна пабудавалі драўляныя будынкі.
У 1914 годзе ў Насовічах было адкрыта вышэйшае пачатковае вучылішча з чатырохгадовым курсам навучання. У яго прымаліся хлопчыкі і дзяўчынкі, якія скончылі пачатковыя школы і паспяхова вытрымалі прыёмныя іспыты. Для вучняў уводзілася форма: чорная кашуля са скураным рэменем-поясам, чорнае паліто і фуражка са значком. Вучылішча ўтрымлівалася на мясцовыя сродкі.
У 1924 годзе Насовіцкая школа была пераўтворана ў трохгадовую школу сялянскай моладзі. Разам з агульнай адукацыяй гэтая ўстанова давала навучэнцам веды па аграноміі, тэхніцы і арганізацыі сельскай гаспадаркі.
Са жніўня 1941 года населены пункт быў пад акупацыяй. У верасні 1943 года немцы пры адступленні падпальвалі хаты, і фактычна ад Насовічаў мала што засталося. Ацалелі толькі два будынкі, у тым ліку школа. Дакументы сведчаць пра тое, што ў гады вайны сярод спаленых і расстраляных жыхароў Насовічаў былі настаўнікі і дзеці — 20 чалавек. Цяпер побач са школай ім усталяваны помнік.
Вядома, што ахвярамі фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны сталі настаўнікі Насовіцкай школы Мікіта Мікітавіч Бічукоў, Вольга Ісакаўна Кужалева, Аляксандра Мітрафанаўна Лешчанка, Марыя Васільеўна Шляхценка. 10 настаўнікаў школы ваявалі на франтах Айчыннай вайны: Іван Аляксеевіч Глухаў, Сямён Пятровіч Бандарэнка, Роза Давыдаўна Дынкіна, Іван Лявонцьевіч Раманчыкаў, Яўген Леанідавіч Мартынаў, Аляксандра Пятроўна Кужалева, Сямён Сцяпанавіч Анісімаў, Сцяпан Сямёнавіч Лешчанка, Дзмітрый Мікалаевіч Патапенка, Аляксей Міхайлавіч Міхалёў.
У пачатку кастрычніка 1943 года ў Насовічах прызначаны дырэктар школы Надзея Мікалаеўна Пястун арганізавала грамадскасць правесці рамонт ацалелых будынкаў. Педагогі выраблялі сталы і лаўкі, неабходнае школьнае абсталяванне. У канцы кастрычніка 1943 года пачаліся заняткі ў сямігадовай школе.
У канцы 1962 года быў уведзены ў эксплуатацыю новы двухпавярховы будынак Насовіцкай школы. У ім было ўсё неабходнае для атрымання ведаў: сем класных пакояў, хімічная лабараторыя, фізічны, гістарычны і біялагічны кабінеты, спартыўная зала, бібліятэка, піянерскі пакой і буфет. У 1991 годзе да школы прыбудавалі памяшканні, дзе і цяпер займаюцца вучні.

Галіна Віктараўна Маісеенка вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Музеязнаўства”. Яго ўдзельнікі падрабязна вывучаюць створаную экспазіцыю, сістэматызуюць краязнаўчы матэрыял, вучацца правільна праводзіць экскурсіі, удзельнічаюць у даследчай дзейнасці, распрацоўваюць краязнаўчыя маршруты, а таксама перамагаюць у конкурсах, канферэнцыях, злётах, алімпіядах. Такім чынам навучэнцы не толькі вывучаюць гісторыю, але і становяцца актыўнымі носьбітамі гістарычнай памяці народа. Педагог гаворыць, што нават малодшыя школьнікі ў работу аб’яднання па інтарэсах пагружаны з галавой. Некаторыя дзеці глыбока ведаюць свае радаводы.
— Нядаўна ў калекцыю прынеслі яшчэ адзін вугальны прас, ёсць у нас старадаўнія формы для выпечкі хлеба, драўляныя лыжкі і вядро, жорны, паляўнічыя лыжы. Усе ў аграгарадку ведаюць: знойдзеныя на гарышчах рэчы трэба прыносіць да нас, а не выкідваць. Людзі пытаюць: “Вам гэта трэба?” Мы заўсёды гаворым: “Нясіце — нам усё трэба”.
Ваенныя экспанаты школьнаму музею падарылі сваякі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх сёння ўжо няма ў жывых.
— Родныя ветэранаў прыносяць у наш музей рэчы, форму ветэранаў вайны. Мы падтрымліваем цесную сувязь з воінамі-афганцамі, нашымі былымі выпускнікамі. Сярод тых, хто ўславіў мясцовую зямлю, хто вучыўся ў Насовіцкай школе ў розныя часы, былі высокапастаўленыя вайскоўцы, героі Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, філосафы і мастакі… Веды пра іх і ўвогуле пра гісторыю родных мясцін дапамагаюць выхоўваць у школьнікаў любоў да малой радзімы, — упэўнена педагог.
Насовіцкая сярэдняя школа — самая буйная сярод сельскіх школ у Добрушскім раёне. Цяпер тут вучацца 250 дзяцей. Дырэктар Наталля Пабедзіна сама калісьці была тут вучаніцай. Скончыўшы Гомельскае педагагічнае вучылішча, Мазырскі педуніверсітэт, прыйшла працаваць у родныя сцены. І ўжо восьмы год кіруе калектывам настаўнікаў:
— Імкнуся працягваць закладзеныя раней традыцыі. Мы ж тут усе адно аднаго ведаем і цесна ўзаемадзейнічаем. У нас на вельмі добрым узроўні ажыццяўляецца экскурсійная дзейнасць. Нашы дзеці наведалі шмат гістарычных і мемарыяльных аб’ектаў. У планах — яшчэ больш.
У памяшканні музея рэгулярна праводзяцца акцыі грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Класныя і інфармацыйныя гадзіны, урокі мужнасці, вайсковай славы, міру. Вялікая работа праводзіцца і па адраджэнні сямейных традыцый. З гэтай мэтай сабраны матэрыялы — успаміны старажылаў-землякоў.
Ва ўстанове адукацыі лічаць важным, каб школьны музей быў жывым арганізмам. Таму музейныя фонды выкарыстоўваюцца не толькі ў адукацыйнай дзейнасці школьнікаў — яны даступныя ўсім жыхарам аграгарадка Насовічы.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара





