Дастойныя пераемнікі

- 12:10Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Працягваем праект “Настаўніцкай газеты” “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны”.

Ля вытокаў гэтага праекта сярэдняй школы № 29 Віцебска стаяў намеснік старшыні Урада Маскоўскай вобласці Васіль Громаў. Вядомы расіянін (між іншым, родам з Гродзеншчыны) прапанаваў увекавечыць у назве беларускай школы памяць аб яе выпускніку­афганцы Васілю Піменаве, што знайшло дружны водгук у педагогаў, навучэнцаў і бацькоў.

Пачаўся актыўны збор матэрыялаў і работа над фільмам-прэзентацыяй, прайшлі тэматычныя класныя га­дзі­ны: так развіваўся праект “Імя Героя будзем дастойныя”. Ініцыя­тыву падтрымалі гарадская і абласная арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане “Братэрства”, кіраўніцтва горада і вобласці. З 29 снежня 2006 года ўстанова адукацыі носіць імя Героя Савецкага Саюза Васіля Піменава, а 27 сакавіка 2007 года на школьным будынку адкрылі мемарыяльную дошку. Сярод ганаровых гасцей на ўрачыстасці прысутнічалі жонка Васіля Васільевіча Антаніна Іванаўна, сыны Андрэй і Павел. У музейным пакоі з таго часу беражліва захоўваюцца перададзеныя роднымі легендарнага камбата дыплом аб заканчэнні Ваеннай акадэміі, афіцэрскі мундзір і наручны камандзірскі гадзіннік, дакументы і фотаздымкі з сямейнага архіва.

Васіль Піменаў нарадзіўся ў Віцебску. Пляменнік камандзіра партызанскага атрада часоў Вялікай Айчыннай вайны Івана Мазуркіна з дзяцінства імкнуўся стаць ваенным. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 29 і службы ў арміі паступіў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае двойчы Чырванасцяжнае вучылішча імя Ленінскага камсамола. Праз некалькі гадоў, 20 сакавіка 1985 года, ён будзе залічаны ў рады ганаровых курсантаў. З 1982 па 1984 год камандаваў парашутна-дэсантным батальёнам 345-га гвардзейскага асобнага парашутна-дэсантнага палка ў складзе Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане, правёў з батальёнам трыццаць пяць баявых аперацый. У адной з іх быў захоплены душманскі караван з лазурытам, які рухаўся ў Пакістан: трафей потым быў ацэнены ў 2,5 мільёна долараў. Бясстрашны камбат быў сапраўдным “бацькам салдатам”. Ён лічыў сябе ў адказе за жыццё кожнага падначаленага, таму многа ўвагі ўдзяляў удасканаленню пад­рыхтоўкі дэсантнікаў, патрабаваў выканання строгай дысцыпліны, каб у сутычках з душманамі страт здаралася як мага менш. Не толькі таленавіта распрацоўваў дзёрзкія баявыя аперацыі і даручаў заданні, але нярэдка сам вадзіў у атаку, натхняючы салдат асабістым прыкладам. За праяўленыя муж­насць і гераізм 13 чэрвеня 1984 го­да гвардыі маёру Васілю Піменаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Воінскія заслугі віцябляніна адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” ІІІ ступені, медалямі. Пасля вяртання з Афганістана Васіль Васільевіч скончыў Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзэ і 12 гадоў служыў у паветрана-дэсантных вой­сках. У запас пайшоў з пасады кіраўніка аддзела Галоўнага штаба ПДВ у званні гвардыі палкоўніка. Памёр 29 верасня 2005 года, пахаваны ў Маскве на Траекураўскіх могілках.

Памяць пра герояў

— Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, асаблівае месца сярод якіх займаюць воіны-інтэрнацыя­налісты, — пачынае знаёмства дырэктар Вольга Разноўская. — Наша школа, напэўна, адзіная ў Беларусі, дзе на будынку ў іх гонар устаноўлены тры мемарыяльныя дошкі. Акрамя Героя Савецкага Саюза Васіля Піменава, была ўшанавана памяць дваіх загінуўшых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку: яфрэйтара наводчыка-
аператара Аляксандра Даніленкі і камандзіра верталётнай эскадрыллі маёра Ігара Казавога. Пошук усіх імёнаў і прозвішчаў, наладжванне кантактаў з роднымі і блізкімі воінаў з ліку былых вучняў, папаўненне музейных экспазіцый — адзін з важных напрамкаў работы, які працягваем у цесным супрацоўніцтве з Беларускім саюзам ветэранаў вайны ў Афганістане і Саюзам афіцэраў Беларусі. Штогод у школе арганізуем конкурс строю і песні “На сцяг Перамогі раўняем крок”, прыўрочаны да даты вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Добрай традыцыяй сталі ўрокі мужнасці і вечары памяці. Непасрэдна 15 лютага сумесна з Віцебскай абласной арганізацыяй “Братэрства” ля мемарыяльных дошак право­дзім мітынг памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, запрашаем падзяліцца ўспамінамі іх сваякоў і былых таварышаў па службе.

У паспяховым выкананні баявых задач Васілю Піменаву спрыя­лі безумоўны талент, унікальныя маральна-валявыя якасці і моцная агульнафізічная загартоўка. У школьныя гады ён быў кандыдатам у майстры спорту, захапляўся боксам. Па словах дырэктара, бліжэй пасябраваць з гэтым відам у калектыву пакуль сярод планаў на перспектыву. Затое адкрыты валейбольны турнір памяці В.В.Піменава за два гады ўвайшоў у лік самых яркіх, любімых падзей: арганізатары спадзяюцца, што з часам спаборніцтвы набудуць больш высокі статус. Валейбольная каманда пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры Віктара Кудзеліча — сярод наймацнейшых у горадзе і вобласці. Аднак самая вядомая і прывабная спартыўная адметнасць — дзіцячая акадэмія ДЮСШ ФК “Віцебск”, дзе выхоўваюцца маладыя гульцы, будучыя зоркі спорту. На базе школы дзейнічаюць спецыялізаваныя спартыўныя класы (групы). Першым было адкрыта аддзяленне па футболе, дзе цяпер займаюцца пачынаючы з сёмай паралелі. Тым часам вопыт прызналі ўдалым, і для шасцікласнікаў сёння дзейнічаюць ужо два аддзяленні: да футбалістаў далучыліся хакеісты. Усяго ў спарткласах праходзяць падрыхтоўку 90 навучэнцаў, 23 з іх — з розных куткоў Беларусі. З 2021 года ва ўстанове адукацыі рэалізуецца рэспубліканскі праект “Мой школьны футбольны клуб”, 21 студзеня ў яго рамках адбыўся фестываль футбольных навыкаў з удзелам ганаровых гасцей — прадстаўнікоў Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, савета настаўнікаў-метадыстаў вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” і Беларускай федэрацыі футбола.

Праз полымя вайны ў Афганістане 1979—1989 гадоў прайшлі амаль 30 тысяч беларусаў. За подзвіг, здзейснены ў ходзе выканання інтэрнацыянальнага абавязку, чацвёра нашых землякоў былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Двое з іх, Васіль Піменаў і Васіль Шчарбакоў, — родам з Віцебшчыны. Яшчэ аднаго афіцэра-афганца — палачаніна Яўгена Сяргеева — “Залатая Зорка” адшукала пасмяротна: у 2012 годзе яму было прысвоена званне Героя Расіі.

Школа як лёс

Вялікая ўвага ва ўстанове адукацыі ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Пры гэтым выразна прасочваецца сістэма, калі адносіны да гістарычнай памяці ў навучэнцаў фарміруюцца не столькі праз афіцыйныя мерапрыемствы і высокія словы, колькі праз канкрэтныя справы, асабістыя ўражанні, уласны прыклад педагогаў. Каля трэці з якіх, дарэчы, узгадаваны ў калектыве. Тут трапятліва захоўваюць памяць аб Людміле Бараноўскай. Залатая медалістка, цудоўны настаўнік англійскай мовы, завуч, дырэктар, выдатнік адукацыі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — родная школа стала для яе лёсам. У яе сценах вучыліся муж і дзеці Людмілы Васільеўны, зараз вучацца ўнукі. Падобныя прыклады не адзінкавыя: здаецца, калектыў як магнітам прыцягвае асоб яркіх, неардынарных, бясконца адданых сваёй справе. Усё жыццё непарыўна звязана са школай у Наталлі Байды. Сюды спяшалася на ўрокі ў дзяцінстве, потым вярнулася ў якасці маладога спецыяліста, працавала намеснікам дырэктара, зараз настаўнічае ў пачатковых класах і дзеліцца вопытам з маладымі калегамі. З Васілём Піменавым Наталля Яўгенаўна вучылася амаль у адзін час, добра яго памятае. Яе муж Мікалай Барысавіч — таксама воін-інтэрнацыяналіст — неаднойчы сустракаўся з будучым Героем Савецкага Саюза ў Разанскім вучылішчы, куды паступіў на год пазней. Яшчэ жывыя некаторыя з настаўнікаў, многія з аднакласнікаў Васіля Піменава.

Як падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Абрамава, іх успаміны — неацэнная крыніца ў пошуку, што сёння вядуць школьнікі. Вынікі старанна занатоўваюцца і збіраюцца ў фондах музейнага пакоя, які па праве можна назваць душой установы адукацыі. Юныя экскурсаводы расказваюць равеснікам і гасцям пра гісторыю школы ў кантэксце гісторыі горада і краіны, пра знакамітых педагогаў, шматлікія педагагічныя дынастыі, пра дасягненні ў вучобе, творчасці і спорце, пра славутых выпускнікоў. Васілю Піменаву прысвечана асобная экспазіцыя, з яго жыццёвым і баявым шляхам знаёмяцца ўсе дзеці ў першыя школьныя дні. З даследчымі работамі навучэнцы вынікова выступаюць на конкурсах і канферэнцыях рознага ўзроўню.

Паркавыя ўрокі

Разам з настаўнікам гісторыі Леанідам Маранавым навучэнцы даглядаюць месца пахавання Аляксандра Даніленкі ў Мазурыне. Многа будучых салдат і афіцэраў прайшлі праз яго факультатыў “Школа абаронцы Айчыны” і зараз з удзячнасцю ўспамінаюць паходы, гутаркі, суботнія заняткі, вывучэнне статута, песні пад гітару. Леанід Леа­нідавіч — вядомы віцебскі бард. Нядаўна ён прэзентаваў калектыву новую песню, з любоўю прысвечаную роднай “дваццацьдзявятачцы”: фактычна яе прынялі як гімн установы адукацыі. Пад кіраўніцтвам Леаніда Маранава школьнікі даследуюць адраджэнне духоўнай спадчыны Віцебска, гісторыі жыцця свяшчэннікаў, роспіс адноўленых храмаў. Педагогі ўмеюць знайсці падыход да “калючых”, “складаных” вучняў. Напрыклад, з такой рэпутацыяй некалі перайшоў сюды вучыцца Кірыл Ячмянёў. Нечакана для сябе замест папрокаў знайшоў шчырую падтрымку, паверыў у сябе — і раскрыўся выдатны талент. Сёння малады чалавек заканчвае Маскоўскую кансерваторыю, яго прызнаюць лепшым балалаечнікам на прасторы СНД. Пазнавальная творчая візітная картка ўстановы адукацыі — узорны цымбальны аркестр, заснаваны заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Якавам Нікіціным. Доўгія гады калектывам кіруе Ірына Іванова, ён штогод становіцца пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. З 2020 года ў школе па ініцыятыве дырэктара рэалізуецца цыкл мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці “Паркавыя ўрокі”. Распрацоўкай займаецца захавальніца музейнага пакоя настаўніца гісторыі Наталля Савіцкая.

— Менавіта з нашага раёна пачалося вызваленне горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — тлумачыць ідэю Наталля Мікалаеўна. — Непадалёк знаходзіцца помнік, устаноўлены па ініцыятыве і на сродкі мясцовага насельніцтва. Размешчана школа ў завулку 26-га чэрвеня: памятная, пераможная дата для ўсёй Віцебшчыны. Побач аднайменныя вуліца і сквер, сімвалічны трыпціх атрымліваецца. Зрабі крок са школьнага ганка, угледзься ўважлівей — і вось яна перад табой, жывая гісторыя! Тое, міма чаго праходзіш штодзень, нечакана раскрывае глыбокі сэнс. Каб дзецям цікавей было яго спасцігаць, мы падрыхтавалі спецыяльны квест. Кожны паркавы ўрок звычайна пачынаем у музейным пакоі і заканчваем у скверы. Я ўпэўнена: вывучэнне любога вучэбнага прадмета павінна быць інтэрактыўным. Не толькі праз кнігі ці інтэрнэт, а нагамі і рукамі. Тады пранікаеш у гісторыю, роднай яе лічыш, калі ты непасрэдна ўбачыў, памацаў, пачуў. Мы з дзецьмі і калегамі многа падарожнічаем па вобласці і краіне, знаёмімся з памятнымі мясцінамі і прадпрыемствамі. Выбіраем адметныя маршруты, шукаем нечаканыя факты. Вы ведаеце, чаму Гомельская гідраэлектрастанцыя знаходзіцца ў Віцебскай вобласці? Нашы дзеці пра гэта лёгка раскажуць. У педкалектыве традыцыя: Дзень настаўніка мы абавязкова адзначаем новай цікавай паездкай. Абдумваем маршруты праз Парыж і Марс, зноў жа пакуль — не пакідаючы Беларусі.

У дружнага, таленавітага і творчага калектыву віцебскай “дваццацьдзявятачкі” многа ідэй і планаў далейшага развіцця. Упэўнена: яны абавязкова спраўдзяцца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.