Круглы стол «Роўная адукацыя для ўсіх» прайшоў у НІА з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў па праблемах асоб з інваліднасцю, настаўнікаў спецыяльных устаноў адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Наш круглы стол — гэта працяг той сустрэчы, што нядаўна адбылася ў міністра адукацыі Андрэя Іванца з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў і бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей з АПФР. Тады размова ішла аб пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей у адукацыйную прастору і соцыум, — адзначыла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук. — Мы працягваем абмяркоўваць гэтыя тэмы. На самым высокім узроўні ў нашай дзяржаве ўдзяляецца ўвага пытанням забеспячэння дзяцей з АПФР вучэбнымі выданнямі. Ідзе няспынная работа над іх якасцю, дызайнам, даступнасцю зместу. У вучэбныя дапаможнікі ўключаюцца практыка-арыентаваныя заданні, якія вучаць дзяцей не проста запамінаць і ўзнаўляць вучэбны матэрыял, але і прымяняць яго для вырашэння штодзённых жыццёвых задач. Не забываем і пра выхаваўчую функцыю вучэбных дапаможнікаў, уключаем у іх змест як мага больш нацыянальнага кантэнту, матэрыялаў аб дасягненнях Беларусі ў розных сферах.
— Кожны год у плане выпуску падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі абавязкова ёсць вучэбныя дапаможнікі для спецыяльнай адукацыі, — расказала начальнік аддзела метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі НІА Алена Рахманава. — За апошнія 11 гадоў створана больш за 500 вучэбных выданняў для ўстаноў спецыяльнай адукацыі і 64 вучэбна-метадычныя выданні для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.
У спецыяльных вучэбных дапаможніках маюць патрэбу вучні з парушэннем слыху, з цяжкімі парушэннямі маўлення, з парушэннямі зроку, з інтэлектуальнай недастатковасцю, цяжкасцямі ў навучанні. Вучэбныя дапаможнікі шрыфтам Брайля выдаюцца для невідушчых. Падручнік, якім карыстаюцца звычайныя дзеці, пры пераводзе ў шрыфт Брайля, налічвае ад 3 да 12 кніг і каштуе ад 3,5 да 7,5 тыс. рублёў. Але іх колькасць для краіны невялікая, тыраж кожнага дапаможніка складае 25 адзінак. Нягледзячы на вялікі кошт такіх вучэбных дапаможнікаў, невідушчыя навучэнцы карыстаюцца імі бясплатна.
Упершыню ў рэспубліцы створаны дапаможнікі па выяўленчай дзейнасці для 1-х і 2-х класаў другога аддзялення спецыяльнай школы для вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю, а таксама вучэбна-метадычны комплекс па развіцці маўлення для вучняў з парушэннем слыху (1—3-і класы), такі ж распрацоўваецца і для вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Для 11—12-х класаў першага аддзялення спецыяльных школ для вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю выдадзены «Матэматыка» і «Элементы эканамічных ведаў» (для 11 класа). Гэта класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі.
Сярод новых вучэбных дапаможнікаў таксама «Элементы камп’ютарнай граматы» і «Літаратурнае чытанне» для 7-га класа першага аддзялення спецыяльных школ для вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю, «Руская мова» для 3-га класа спецыяльных школ для вучняў з парушэннем слыху, «Развіццё маўлення» (дапаможнік і рабочы сшытак) для 2-га класа спецыяльных школ для вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення.
У склад аўтарскіх калектываў, якія ствараюць вучэбныя дапаможнікі, уваходзяць навукоўцы і педагогі-практыкі не толькі сістэмы спецыяльнай адукацыі, але і агульнай сярэдняй.
Вядома, што каля 70 % навучэнцаў з АПФР вучацца ў агульнаадукацыйных школах. Вучэбна-метадычная літаратура, якая штогод выдаецца для педагогаў спецыяльных і агульнаадукацыйных школ, прысвечана ў тым ліку падрыхтоўцы настаўнікаў да прыняцця гэтых дзяцей, да рэалізацыі прынцыпу інклюзіі.
Асаблівасць вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў спецыяльнай адукацыі ў тым, што даступнасць зместу вучэбнага матэрыялу ў іх спалучаецца з навуковасцю. Праз дадатковы матэрыял і рознаўзроўневыя заданні карэкцыйнай, сацыяльнай і камунікатыўнай накіраванасці для вучняў з АПФР рэалізоўваецца індывідуальнае і дыферэнцыраванае навучанне. У выданнях прадстаўлены жыццёвыя, практыка-арыентаваныя заданні. Спецыяльнае навучанне заўсёды было накіравана на фарміраванне жыццёвых кампетэнцый выпускнікоў. Асабліва актуальнае сёння фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці. Вялікае значэнне мае візуалізацыя вучэбнага матэрыялу.
— Нашы падручнікі вельмі маляўнічыя, з мноствам ілюстрацый, прадметных і сюжэтных малюнкаў, схем, табліц, алгарытмаў, QR-кодаў. Напрыклад, у «Буквары» для навучэнцаў з парушэннем слыху ў QR-кодах зашыфраваны відэаролікі з фанетычнай рытмікай, — працягвае А. Рахманава. — У планах НІА — ствараць кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу, у тым ліку ЭАР са спасылкамі ў вучэбных дапаможніках. Працуем у напрамку распрацоўкі і ўключэння ў дапаможнікі кантэкставых задач і заданняў, накіраваных на фарміраванне эмацыянальнага інтэлекту навучэнцаў, элементаў функцыянальнай дасведчанасці, заданняў, якія вучаць выкарыстоўваць атрыманыя на ўроках веды ў штодзённым жыцці. Займаемся ўдасканаленнем дызайну і якасці ілюстрацыйнага матэрыялу. Памятаем аб выхаванні патрыятычных пачуццяў, таму актыўна ўключаем у вучэбныя дапаможнікі нацыянальны кантэнт.
Падчас круглага стала спецыялісты і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый абмеркавалі заўвагі і прапановы па ўдакладненні і пашырэнні пераліку сродкаў навучання і вучэбнага абсталявання (мэблі, інвентару), неабходных для арганізацыі адукацыйнага працэсу ўстановамі адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара, а таксама з сайта pixabay.com