Дэкан факультэта прыродазнаўства БрДУ: «Маладым навукоўцам аказваецца рознабаковая дапамога»

- 11:06Новости

Дэмаграфічныя праблемы, рынак працы і міграцыйныя працэсы — сярод асноўных навуковых інтарэсаў дэкана факультэта прыродазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Аляксандра Сідаровіча. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Свае першыя крокі ў навуку Аляксандр Аляксандравіч зрабіў яшчэ ў школе. Ужо тады зразумеў, што гэта той напрамак, якім яму хацелася б займацца ў жыцці.

— Заўсёды захапляўся геаграфіяй. У БрДУ прайшоў шлях ад студэнта да аспіранта, ад выкладчыка да дэкана, — расказаў суразмоўнік.

Сёння Аляксандр Сідаровіч з’яўляецца кандыдатам геаграфічных навук, дацэнтам, уваходзіць у склад савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. За яго плячыма — шэраг маштабных дэмаграфічных даследа­ванняў развіцця беларускіх гарадоў.

— Вывучаючы дынаміку колькасці насельніц­тва ў краіне, прыйшоў да высновы, што дэмаграфічныя страты на рэгіянальным узроўні абумоўлены міграцыйным адтокам. Гэтыя працэсы вельмі моцна падрыва­юць сацыяльна-эканамічнае развіццё. Паўплываць на іх магчыма праз правільна выбудаваную дэмаграфічную палітыку. У нас яна дастаткова эфектыўная і прыно­сіць адпаведныя вынікі. Але ёсць і не зусім справядлівыя моманты. На мой погляд, нам трэба ўзмацніць падтрымку маладых сем’яў і сем’яў, якія маюць аднаго ці двух дзяцей. У цяперашні час назіраецца тэндэнцыя да павелічэння ўзросту маці пры нараджэнні першага дзіцяці і распаўсюджваецца дэструктыўны рух чайлд­фры. Варта звяр­нуць увагу і на падтрымку рэгіёнаў. Амаль у кожным трэцім раёне дэмаграфічныя страты абумоўлены міграцыяй грамадзян у абласныя цэнтры і Мінск. Неабходна распрацаваць дадатковыя меры стымулявання для мола­дзі, каб спыніць вымыванне з перыферыі асноўнага дэмаграфіч­нага патэнцыялу, — лічыць Аляксандр Аляксандравіч.

Даныя навуковых да­следаванняў Аляксандра Сідаровіча актыўна выкарыстоўваюцца рознымі суб’ектамі гаспадарання. На іх падставе спецыялісты праводзяць ацэнку маркетынгавай ёмістасці той ці іншай тэрыторыі.

— Я ўваходжу ў склад савета маладых вучоных з пачатку яго заснавання. Зараз дзейнасць савета істотна актывізавалася. Ладзіцца шмат мерапрыемстваў, ініцыятыў, сумесных праектаў. Усё гэта спрыяе наладжванню новых сувязей, што ў навуковай супольнасці асабліва важна. Увогуле, для моладзі ў нас цяпер адкрыты ўсе дзверы, усе дарогі. Маладым навукоўцам аказваецца рознабаковая дапамога. Пералік магчымасцей для самарэалізацыі разнастайны. У фінансаванні навукі ёсць гранты Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. Акрамя таго, дзейнічае шэраг стыпендыяльных праграм. Перспектыў дастаткова, пры жаданні пэўныя навуковыя дасягненні цалкам рэальныя. Патрэбны толькі асабістая зацікаўленасць і імкненне, — упэўнены Аляксандр Аляксандравіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара