Для навучэнцаў школ і каледжаў лета — гэта не толькі час адпачынку, але і магчымасць зарабіць свае першыя грошы. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У шасці школах Клічаўскага раёна часовай працоўнай занятасцю ахоплены 70 юнакоў і дзяўчат. Працуючы па пяць дзён, школьнікі выконваюць пасільную работу: прыводзяць у парадак кнігі ў школьнай бібліятэцы, рамантуюць парты і крэслы, займаюцца праполкай кветнікаў і газонаў, прымаюць удзел у добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторый. Іх заробак — каля 110 рублёў.
Некаторыя праяўляюць самастойнасць і ў індывідуальным парадку знаходзяць работу. Так, навучэнцы сярэдняй школы № 2 імя Ф.І.Кавалёва першы працоўны вопыт атрымліваюць у гадавальніку мясцовага лясгаса, дзе займаюцца праполкай іглічных саджанцаў у гаршках і грунце. У працоўны школьны дэсант уваходзяць чатыры дзяўчыны.
— Мы заключылі працоўны дагавор на два тыдні, гэта дзесяць рабочых дзён, — расказваюць школьніцы. — Наш рабочы дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і заканчваецца ўжо апоўдні. Можна было выбраць іншы графік: з 8.00 да 14.00. Але мы вырашылі, што лепш пачынаць крыху раней, каб у самы гарачы час не знаходзіцца пад сонцам.

Дабіраюцца юныя работнікі ў лясгас на веласіпедах. Першыя пяць дзён іх фронт работы — вялікая цяпліца, дзе падрастаюць у гаршках пераважна іглічныя саджанцы: туі, елкі, ядловец.
— Наша задача — прывесці ў парадак гаршкі з дрэўцамі: прыбраць мох, пустазельную траву, засохлае лісце, — гаворыць Сяліна Сірадзігян, дэманструючы саджанцы да і пасля выкананай работы. — За змену праз нашы рукі праходзіць больш за паўсотню раслін. Затым нас адправяць на іншы ўчастак.
За дзесяць дзён старшакласніцы разлічваюць атрымаць каля 300 рублёў. Адна са школьніц плануе патраціць іх на падарунак маме.
Недалёка ад дзяўчат з рыдлёўкамі і граблямі працуе студатрад з 12 хлопцаў — навучэнцаў Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, якія скончылі першы і другі курсы. Хлопцы прыходзяць у 8 раніцы і працуюць на адкрытым грунце: праполваюць елкі і дубкі, ускопваюць зямлю.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара





