Для навучэнцаў з нізкім узроўнем камунікатыўнасці распрацаваны заняткі з элементамі трэнінгу

- 14:34Образование, Приложение, Психолог в школе

Адной з немалаважных праблем сучаснага грамадства стала няўменне і няздольнасць наладжваць і падтрымліваць адно з адным адэкватныя асабістыя ўзаемаадносіны. Галоўная прычына гэтага заключаецца ў няўменні мець зносіны, што абумоўлена недастатковым развіццём камунікатыўнай кампетэнтнасці.

Удасканаленне фарміравання камунікатыўнай кампетэнтнасці падлеткаў — адна з галоўных праблем сучаснай моладзі. Яна абумоўлена сацыякультурнымі працэсамі сучаснасці, змяненнямі маштабаў камунікацыі, негатыўным уплывам на навучэнцаў мовы інтэрнэту і іншых сродкаў масавай інфармацыі, зніжэннем агульнага ўзроўню культуры, маральнай і моўнай усёдазволенасцю.

Камунікатыўная кампетэнтнасць — гэта валоданне складанымі камунікатыўнымі навыкамі і ўменнямі, фарміраванне адэкватных уменняў у новых сацыяльных структурах, веданне культурных норм і абмежаванняў у зносінах, веданне звычаяў, традыцый, этыкету ў сферы зносін, прытрымліванне правіл прыстойнасці, выхаванасць, арыентацыя ў камунікатыўных сродках, уласцівых нацыянальнаму, саслоўнаму менталітэту.

Вялікае значэнне для развіцця асобы ў падлеткавым узросце маюць зносіны з аднагодкамі. Яны з’яўляюцца спецыфічным каналам інфармацыі, асаблівым відам між­асобасных адносін, а таксама адным з відаў эмацыянальнага кантакту. У адносінах з аднагодкамі, нараўне з захаваннем калектыўна-групавых форм зносін, узрастае значэнне індывідуальных кантактаў і сімпатый. Становіцца актуаль­ным пошук аднадумцаў, патрэба ў супрацоўніцтве з лю­дзьмі, умацоўваюцца сувязі са сваёй са­цыяльнай групай, узнікае пачуццё інтымнасці ва ўзаемадзеянні з выбранымі людзьмі.

Працэс зносін пранізвае ўсе сферы жыцця і дзейнасці падлетка ў перыяд навучання ва ўстанове адукацыі. Міжасобасныя зносіны з’яўляюцца асноўнай умовай фарміравання асобы і маюць пэўныя характарыстыкі на кожным узроставым этапе. Для падлеткаў характэрны наступныя асаблівасці зносін: самакаштоўнасць, імкненне да самавыяўлення і самапазнання, пошук спрыяльных псіхалагічных умоў узаемадзеяння. Гэтыя асаблівасці зносін садзейнічаюць пошуку аптымальных сродкаў для іх рэалізацыі ва ўзаемадзеянні з людзьмі. Наяўнасць развітой камунікатыўнай кампетэнтнасці робіць падлеткаў больш дасведчанымі ў зносінах і ўзаемадзеянні.

Разам з тым падлеткі схільныя да змены каштоўнасных арыентацый, страты аўтарытэту аднымі людзьмі і набыцця яго іншымі, якія з’яўляюцца фактарамі канфліктных паводзін. Педагог-псіхолаг праводзіць работу па развіцці камунікатыўнай кампетэнтнасці падлеткаў, каб прадухіляць канфліктныя сітуацыі, развіваць уменні ўтрымліваць супярэчнасці ў прадукцыйнай канфліктнай форме.

Развіццё камунікатыўнай кампетэнтнасці ў падлеткаў уплывае на вырашэнне канфліктных сітуацый сярод аднагодкаў без прымянення фізічнага ўздзеяння, што садзейнічае зніжэнню ўзроўню ўчынення злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

Я і іншыя людзі

Для навучэнцаў з нізкім узроўнем камунікатыўнасці былі распрацаваны заняткі з элементамі трэнінгу.

Тэма заняткаў — “Адносіны асобы ў сістэме “Я і іншыя людзі”. Мэта — павышэнне ўзроўню камунікатыўнай кампетэнтнасці падлеткаў.

Змест заняткаў

1. Практыкаванне-знаёмства “Візітка”.

Прапануецца стварыць праект асабістай візіткі на лісце А5. У візітцы названы:

  •  прозвішча, імя, імя па бацьку або мянушка;
  •  хобі, характарыстыка, дэвіз;
  •  выява лагатыпа.

Удзельнікі прыдумваюць і малююць асабісты лагатып, афармляюць візітку. Таксама могуць быць напісаны: адрас і тэлефон (можна выдуманы), адрас электроннай пошты, сайт. Затым кожны ўдзельнік выходзіць і прэзентуе праект сваёй асабістай візіткі.

2. Інфармацыйны блок “Вербальныя і невербальныя сродкі зносін”.

Зносіны ажыццяўляюцца рознымі сродкамі. Вербальныя зносіны (знакавыя) ажыццяўляюцца з дапамогай слоў. Да вербальных сродкаў зносін адносіцца чалавечае маўленне.

Існуе некалькі відаў маўленчай дзей­насці:

— гаварэнне — выкарыстанне мовы для таго, каб нешта паведаміць;

— слуханне — успрыманне зместу маўлення;

— пісьмо — фіксацыя зместу маўлення на паперы;

— чытанне — успрыманне зафіксаванай на паперы інфармацыі.

З пункту гледжання формы існавання мовы зносіны дзеляцца на вусныя і пісьмовыя, а з пункту гледжання колькасці ўдзельнікаў — на міжасобасныя і масавыя.

Для псіхалогіі актыўнасці і паводзін асаблівую важнасць уяўляюць менавіта невербальныя сродкі зносін. Пры невербальных зносінах сродкам перадачы інфармацыі з’яўляюцца няслоўныя знакі (позы, жэсты, міміка, інтанацыі, позіркі, прасторавае размяшчэнне і г.д.).

Да асноўных невербальных сродкаў зносін адносяцца жэстыкуляцыя, міміка, пантаміміка.

Жэстыкуляцыя — гэта рухі рукамі і галавой. Мова жэстаў — самы старажытны спосаб дасягнення ўзаемаразумення. У розныя гістарычныя эпохі і ў розных народаў былі свае агульнапрынятыя спосабы жэстыку­ляцыі.

Міміка — рухі мышцаў твару, галоўны паказчык пачуццяў. Даследаванні паказалі, што пры нерухомым або нябачным твары суразмоўніка страчваецца да 10—15% інфармацыі. Галоўнай характарыстыкай мімікі з’яўляецца яе цэласнасць і дынамічнасць. Гэта азначае, што ў мімічным выразе твару шасці асноўных эма­цыянальных станаў (гнеў, радасць, страх, смутак, здзіўленне, агіда) усе рухі мышцаў твару скаардынаваны. Асноўную інфарматыўную нагрузку ў мімічным плане нясуць бровы і губы.

Пантаміміка — паходка, позы, пастава, агульная маторыка ўсяго цела.

Паходка — стыль перамяшчэння чалавека. Яе складнікамі з’яўляюцца рытм, дынаміка кроку, амплітуда пераносу цела пры руху, маса цела. Па паходцы можна меркаваць аб самаадчуванні чалавека, яго характары, узросце.

Візуальны кантакт таксама з’яўляецца важным элементам зносін. Глядзець на га­ворачага азначае не толькі зацікаўленасць, але і дапамагае засяродзіць увагу на тым, што нам гавораць.

Практыкаванне “Навыкі невербальных паводзін”

Паспрабуйце прыцягнуць да сябе ўвагу без маўленчых зносін — сродкамі мімікі, пантамімікі, зроку. Слухачы фіксуюць вашы жэсты і ацэньваюць іх. У практыкаваннях па міміцы ўдзельнікі дзеляцца на пары і даюць адно аднаму мімічныя заданні — не менш за 10 на кожнага, затым мяняюцца ролямі.

Практыкаванні лепш спачатку правесці дома перад люстэркам: пакажыце здзіў­ленне, хваляванне, гнеў, смех, іронію і г.д. Гэтыя заданні карысныя для перадачы сваіх перажыванняў суразмоўніку. Паспрабуйце знайсці ў сабе зародкі пачуцця, якога вы зараз не адчуваеце: радасці, гневу, абыякавасці, гора, роспачы, абурэння і г.д. Знайдзіце мэтазгодныя, дарэчныя формы выказвання гэтых пачуццяў у розных сітуацыях, прайграйце сітуацыю.

Практыкаванне “Не чую”

Усе ўдзельнікі разбіваюцца на пары. Задаецца наступная сітуацыя. Партнёраў раздзяляе тоўстае шкло (у цягніку, у аўтобусе…), яны не чуюць адно аднаго, але ў аднаго з іх тэрмінова ўзнікла неабходнасць нешта сказаць другому. Трэба, не дамаўляючыся з партнёрам аб змесце размовы, паспрабаваць перадаць праз шкло ўсё, што трэба, і атрымаць адказ.

Кожная пара ўдзельнікаў канкрэтызуе для сябе гэтую сітуацыю і выконвае практыкаванне. Вынікі абмяркоўваюцца.

Практыкаванне “Прэс-канферэнцыя”

Усе навучэнцы групы ўдзельнічаюць у прэс-канферэнцыі на любую тэму, прапанаваную дзецьмі. Адзін з удзельнікаў прэс-канферэнцыі — госць (той, каму будуць зададзены ўсе пытанні) — садзіцца ў цэнтр і адказвае на любыя пытанні.

Гэты матэрыял можа быць выкарыстаны ў практычнай рабоце класнага кіраўніка, сацыяльнага педагога, педагога-псіхолага і іншых спецыялістаў устаноў адукацыі для канструктыўнага вырашэння спрэчных сітуацый і канфліктаў, а таксама для іх прадухілення або вырашэння сітуацый, якія могуць стаць крытычнымі.

Вольга АЎДЗЯЁНАК,
педагог-псіхолаг
 сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту,
выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыі