Для павышэння матывацыі да гісторыі — сэрвіс Kahoot

- 9:10Педагагічная майстэрня

На сваіх уроках гісторыі і грамадазнаўства актыўна выкарыстоўваю сэрвіс Kahoot з мэтай фарміравання ведаў у навучэнцаў, якія спрыяюць павышэнню іх паспяховасці, самаадукацыі, фарміраванню ключавых кампетэнцый і кампетэнтнасці.

Спачатку я вывучыў асноўныя асаблівасці гэтай інтэрнэт-праграмы і спецыфіку яе выкарыстання ў вучэбным працэсе (прастата інтэрфейсу і базавыя веды англійскай мовы дапамаглі мне ў вырашэнні гэтай праблемы), затым прадэманстраваў тэставыя (гатовыя) “кахуты” навучэнцам для іх навучання ў інтэрнэт-праграме і распрацаваў уласныя, якія могуць прымяняцца як ва ўрочны, так і ў пазаўрочны час.

Што ж такое Kahoot? У першую чаргу гэта бясплатны сэрвіс для стварэння інтэрактыўных заданняў, у якіх можна выкарыстоўваць гатовыя “кахуты” для правядзення разнастайных віктарын, дыскусій, тэстаў і апытанняў у класе і пры дыстанцыйным навучанні з мэтай хуткай праверкі ведаў навучэнцаў.

Трэба адзначыць, што на самой платформе ёсць велізарная колькасць гатовых “кахутоў” — матэрыялаў для гульні, але можна стварыць і свой “кахут”. Для таго каб гэта ажыццявіць, неабходна зарэгістравацца, стварыўшы акаўнт (уліковы запіс). Абавязкова неабходна выбраць ваш статус, а менавіта “педагог”. У выпадку выбару статусу “школьнік” вы зможаце толькі выконваць гатовыя заданні, якія ёсць на сайце, без магчымасці стварэння ўласнага “кахута”.

Усе заданні, якія ствараюцца ў інтэрнэт-праграме, прадугледжваюць выбар правільнага адказу з ліку прапанаваных. Важным момантам з’яўляецца і тое, што пры стварэнні свайго “кахута” ёсць магчымасць уключаць фатаграфіі, малюнкі і нават відэафрагменты ў кожнае з пытанняў. Вартасць праграмы заключаецца ў стварэнні пэўнага спаборніцкага моманту. Акрамя гэтага, ёсць вельмі важная функцыя часавага абмежавання на выкананне задання, што дазваляе паменшыць шанс пошуку навучэнцам адказаў на пастаўленае пытанне. Іншымі словамі, чым хутчэй навучэнец адкажа, тым больш балаў атрымае, але за правільны адказ.

У выніку праведзеных тэстаў з дапамогай вышэйпазначанай праграмы можна гаварыць пра яе карысць як у адукацыйным працэсе, так і ў пазаўрочны час. Пра гэта сведчыць той факт, што выконваць створаныя ў Kahoot заданні вучні могуць з любога ўстройства, якое мае доступ да інтэрнэту: ноўтбука, планшэта, смартфона і г.д. Па выніках праведзенага “кахута” праграма выбірае першыя 3 месцы і адзначае пераможцаў, якія больш за ўсё набралі балаў. Даецца таксама рознага роду статыстычная інфармацыя: набраныя балы ўсіх удзельнікаў, колькасць удзельнікаў, пытанні, якія былі складанымі для большасці ўдзельнікаў, і многае іншае. Усе статыстычныя даныя можна спампаваць і раздрукаваць для большай зручнасці.

Для стварэння ўласнага тэста-“кахута” неабходна зайсці на сайт, увайсці пасля рэгістрацыі, націснуць “стварыць Kahoot”. З’явіцца рабочы стол, дзе ствараюцца пытанне, адказы, выбіраецца правільны адказ, ёсць магчымасць дабавіць малюнак або відэа як на цэнтральнае пытанне, так і на варыянты адказаў. Пры стварэнні новага пытання праграма выдасць акно, у якім выбіраем бясплатныя рэжымы гульні: “Віктарына”, “Праўда ці хлусня”; платныя: “Надрукаваць адказ”, “Галаваломка” і інш. Максімальная колькасць аднаго “кахута” — 100 пытанняў. Для большай колькасці пытанняў трэба аформіць платную версію.

Пасля стварэння ўласнага “кахута” неабходна пачаць гульню. Максімальная колькасць гульцоў не павінна перавышаць 100 чалавек. Праграма аўтаматычна задасць пароль гульні. Усе навучэнцы, якія хочуць згуляць, атрымліваюць адпраўлены пароль або спасылку на гульню, заходзяць і без рэгістрацыі ўводзяць толькі сваё прозвішча, імя, для зручнасці і клас, затым выконваюць створаныя заданні.

Такім чынам, перавагі інтэрнэт-праграмы Kahoot відавочныя. Яе выкарыстанне ў выкладанні гісторыі і грамадазнаўства з’яўляецца адным з аспектаў удасканалення вучэбнага працэсу, павышае яго практычную накіраванасць, развівае інтэлектуальныя, творчыя здольнасці навучэнцаў і садзейнічае павышэнню іх матывацыі да навучання. Недахопам можа быць толькі час, затрачаны на стварэнне кахутоў, але і гэты недахоп ператвараецца ў плюс, бо ўсе матэрыялы можна выкарыстоўваць не адзін раз, і паэтапна напрацоўваецца база. Важным момантам з’яўляецца і тое, што поўны пакет усіх функцый трэба атрымліваць за грошы. Крыху ўскладняе эксплуатацыю праграмы выкарыстанне яе на англійскай мове.

Сяргей СТРАЛЬЧУК,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Вербавіцкага дзіцячага сада — базавай школы Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці.