КАВАЛЬЧУК Іна Юр’еўна,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 12 Пінска.
Скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна ў 2001 годзе па спецыяльнасці “Біялогія”. Педагагічны стаж — 15 гадоў. Асаблівую ўвагу ўдзяляе эфектыўным метадам і прыёмам навучання біялогіі. Мае вопыт кіраўніцтва мастацкім калектывам навучэнцаў, знаўца і прыхільнік музыкі розных напрамкаў і жанраў.
Намінацыя “Хімія, біялогія”
Адна з неабходных якасцей сучаснага чалавека — здольнасць самавызначацца і мадэляваць свой жыццёвы шлях у свеце сацыяльна-эканамічных і культурных змен. Зыходзячы з гэтага, індывідуальна-асобаснае развіццё прызнаецца каштоўнасцю сучаснай, у тым ліку школьнай, адукацыі, і менавіта гэтым зараз абумоўлены кампетэнтнасны падыход, які прадугледжвае засваенне вучнем не адасобленых, а комплексных ведаў і ўменняў і фарміраванне ключавых кампетэнцый як істотнага выніку навучання. Адной з іх з’яўляецца вучэбна-пазнавальная кампетэнцыя, звязаная з самастойнай пазнавальнай дзейнасцю навучэнцаў.
У выніку назіранняў І.Ю.Кавальчук адзначыла, што навучэнцы сутыкаюцца з наступнымі цяжкасцямі ў навучанні: слаба ажыццяўляюць самастойны пошук неабходнай вучэбнай інфармацыі, не ўмеюць прадбачыць вынік, для дасягнення якога неабходна прыкласці намаганні і разлічыць аптымальную колькасць часу, вылучаць у вучэбным матэрыяле галоўнае, асэнсоўваць і разумець яго, прымяняючы розныя лагічныя прыёмы, рабіць высновы. Ліквідаваць гэтыя цяжкасці і аптымізаваць адукацыйную сітуацыю педагогу дапамагло выкарыстанне коўчынгавага інструментарыю, які паступова змяняе пазіцыю настаўніка-ментара на персаніфікаваную падтрымку і суправаджэнне навучэнцаў у навучанні біялогіі, стымулюе іх да рэфлексіі сваіх адукацыйных і жыццёвых патрэб, мэт, магчымасцей.
У перакладзе з англійскай coaching (коўчынг) азначае “трэнерства”, coachievement — “сумеснае дасягненне”. Гэта стыль узаемадзеяння, арыентаваны на дапамогу навучэнцу ў раскрыцці яго інтэлектуальных рэсурсаў, а таксама ў пастаноўцы мэт і выбары эфектыўных спосабаў іх дасягнення. Настаўнік-коўч не дае парад, а толькі дапамагае навучэнцу знайсці рашэнне самастойна, фарміруе ўменне вучыцца.
У выніку асвойвання такога вопыту ў арсенале педагога з’явіўся набор інструментаў (элементаў) і тэхнік коўчынгу, якія дапамагаюць усвядоміць кожнаму дзіцяці, што навучанне і развіццё — яго асабістыя задачы. Аснова коўчынгу — пытанні: закрытыя, якія маюць адказ “так” ці “не”; адкрытыя, так званыя моцныя, якія прадугледжваюць множныя адказы, нацэленыя на будучыню. Пытанні не змяшчаюць ні крытыкі, ні парад, ні ацэнак. Яны дапамагаюць навучэнцу пад кіраўніцтвам настаўніка ацэньваць вынік уласнай дзейнасці, планаваць спосабы дасягнення мэты, развіваць рэфлексіўныя ўменні.
Аднымі з ключавых складнікаў вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі з’яўляюцца мэтапастаноўка і планаванне. Пры арганізацыі работы ў групе навучэнцам самім складана фармуляваць мэту вучэбных заняткаў па біялогіі і планаваць сваю дзейнасць. Адна з тэхнік коўчынгу, якія прымяняюцца Інай Юр’еўнай, — “Лінія часу” (на прамой лініі адзначаюцца асноўныя этапы дасягнення адукацыйнай мэты або выкананне задач). Такая тэхніка развівае ўменне планаваць сваю вучэбную дзейнасць.
Для фарміравання ў навучэнцаў навыку самааналізу і самаацэнкі дзейнасці на ўроку біялогіі і па-за ім выкарыстоўваецца ўніверсальны прыём “Кола балансу”. Кола падзелена на пэўную колькасць сектараў па колькасці пытанняў, якія вывучаюцца. У некаторых — вылучаны раздзелы, тэмы, этапы ўрока, часткі параграфаў. Засваенне кожнага сектара ацэньваецца ад 0 да 10 балаў. Часта гэты прыём прымяняецца для рэфлексіі і аналізу работы дзяцей пры вывучэнні новага матэрыялу, а таксама як ацэначны ліст групавой і індывідуальнай дзейнасці, пры падрыхтоўцы да кантрольнай работы.
На факультатыўных занятках, а таксама ў творчым праектаванні і даследчай дзейнасці навучэнцаў І.Ю.Кавальчук выкарыстоўвае тэхніку “Сусветнае кафэ” (World cafe) з мэтай развіцця ўмення вызначаць супярэчнасці, прапаноўваць альтэрнатыўныя шляхі вырашэння праблемы, аб’ядноўваць некалькі пунктаў гледжання. Пры рабоце над даследчымі праектамі ў навучэнцаў найбольшую цяжкасць выклікае размеркаванне абавязкаў паміж выканаўцамі і планаванне даследавання. У такім выпадку чаканы вынік дае “Метад планавання Ганта”, які дазваляе без складанасцей арганізоўваць групавую работу, размяркоўваць яе аб’ёмы, вызначаць чарговасць этапаў і тэрміны выканання задуманага.
Арганізоўваючы групавую работу, настаўніца адзначае навучэнцаў, у якіх узнікаюць цяжкасці ў вывучэнні біялогіі. Для іх пераадолення яна выбірае коўчынг-прыём “Страла, якая падае”. Ён дазваляе выйсці на асноўныя каштоўнасці навучэнцаў, якія вызначаюць яго адносіны да жыцця, да людзей. Дарэчны таксама наступныя прыёмы: “Пірог часу” — для аналізу і карэкцыі выкарыстання часу; прыём “Стратэгія Уолта Дыснея” — для развіцця творчасці і знаходжання нестандартных шляхоў ажыццяўлення творчай задумы; прыём Дылтса “Піраміда лагічных узроўняў” — для пераходу ад пастаноўкі мэты да яе дасягнення і, рухаючыся зверху ўніз, вызначэння спосабаў і магчымасцей для атрымання выніку.
Навучэнцы І.Ю.Кавальчук ахвотна імкнуцца авалодаць рацыянальнымі спосабамі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці і праяўляюць у ёй усё большую кампетэнтнасць, ім падабаецца працаваць у групе, паколькі менавіта на фоне аднагодкаў выяўляюцца індывідуальныя асаблівасці і магчымасці. Дзевяцікласнікі лепш аналізуюць свае дасягненні, вучацца адкрываць сэнс таго, што трэба засвоіць.