У свеце сюжэтна-ролевай гульні

- 11:40Брэст

ЛЕМЯШЭЎСКАЯ Наталля Васільеўна,
выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 5 Івацэвіч.

Скончыла ў 1992 годзе Пінскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, у 1998 годзе — Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Педагогіка і псіхалогія (дашкольная)”. Стаж работы ў сферы дашкольнай адукацыі — 24 гады.

Намінацыя “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”

Дзеці, як вядома, прыходзяць ва ўстанову дашкольнай адукацыі са слаба развітой сацыяльнай кампетэнтнасцю, такой жа слабай арыенціроўкай у адносінах у сям’і або ва ўзаемаадносінах з іншымі дзецьмі. Таму менавіта сацыяльныя адносіны павінны стаць прадметам падрыхтоўкі дзіцяці да дарослага жыцця. Аптымальнай жа формай гэтых адносін з’яўляецца сюжэтна-ролевая гульня, якую дзеці часта прыдумваюць самі і якая носіць самадзейны і творчы характар. Але часта ў дзіцячым садзе назіраецца выцісканне гульні вучэбнымі заняткамі. Гульні дзяцей, асабліва сюжэтна-ролевыя, бедныя па змесце, тэматыцы, у іх адзначаецца шматразовая паўтаральнасць сюжэтаў, перавага маніпуляцый над вобразным адлюстраваннем рэчаіснасці. Акрамя таго, часцей за ўсё большая ўвага ўдзяляецца матэрыяльнаму аснашчэнню гульні, а не развіццю дзеянняў у ёй. У сувязі з гэтым да заканчэння дашкольнага ўзросту ў дзяцей запазняецца развіццё ўяўленняў, творчай фантазіі, адвольнасці.

Менавіта гульня стала асновай педагагічнага вопыту Н.В.Лемяшэўскай. Яна лічыць, што пры правільнай арганізацыі і паслядоўным суправаджэнні сюжэтна-ролевая гульня адназначна спрыяе пераходу дзяцей на якасна новую ступень развіцця, больш паспяхова рыхтуе дзіцячую свядомасць і псіхіку да сацыялізацыі.

З мэтай вызначэння, якія сюжэтна-ролевыя гульні падабаюцца дзецям, была выкарыстана дыягнастычная методыка “Выбар карцінкі”. Дзеці ў асноўным выбіралі традыцыйныя, добра знаёмыя гульні з бытавымі і надбытавымі сюжэтамі (“Сям’я”, “Дочкі-маці”, “Дзіцячы сад”, “Школа”); гульні, якія адлюстроўваюць працу і прафесіі дарослых (“Магазін”, “Цырульня”, “Бальніца”, “Будаўнікі”, “Пажарныя”). Знаёмы дашкольнікі і з сучаснымі сюжэтнымі лініямі, героямі, падзеямі — у гэтым трэба бачыць уплыў сённяшняй медыякультуры (гульні па матывах мультфільмаў “Феі Вінкс”, “Тачкі”, “Шчанячы патруль”).

Для вызначэння выбіральнасці, самастойнасці і творчасці дзяцей у сюжэтна-ролевай гульні трэба было правесці назіранні за выхаванцамі раніцай і пасля дзённага сну (гэты час, як паказала практыка, найбольш спрыяльны для самастойных творчых сюжэтных гульняў дзяцей). Для выяўлення схільнасці дзяцей да сюжэтных гульняў праводзіліся індывідуальныя гутаркі. Апрацаваны дыягнастычны матэрыял дазволіў выявіць зоны асаблівай увагі падчас педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці: вызначэнне дзецьмі (не без удзелу выхавальніка) матыву гульні, ажыццяўленне, няхай і наіўных, спроб знайсці, асэнсаваць мэту гульні, падбор і выраб неабходных для яе цацак і атрыбутаў, стварэнне гульнявога вобраза, рэалізацыя гульнявой задумы.

Каб зацікавіць дзяцей сюжэтна-ролевай гульнёй, Наталля Васільеўна карыстаецца рознымі прыёмамі: узбагачэнне ўражанняў дзяцей, каб зрабіць гульнявыя задумы дзяцей больш разнастайнымі (сітуацыі з жыцця аднагодак, з жыцця дарослых, уражанні пасля прагулак, экскурсій, гутарак, назіранняў за прыродай і людзьмі); дапамога ў пераносе першага вопыту жыцця і перажытых эмоцый ва ўмоўны сюжэт гульні; падахвочванне дзяцей да прыняцця разнастайных роляў з перадачай дзеянняў, узаемаадносін, калі яны атаясамліваюць сябе з тым ці іншым чалавекам і дзейнічаюць у гульні ад яго імя; арыентацыя педагога на індывідуальныя праяўленні дзяцей у гульні, калі дарэчы маленькіх лідараў назначаць сваімі памочнікамі, малаактыўным знаходзіць добрага сябра, партнёра па гульні, у калектыўнай гульні кожнаму падбіраць ролю, з якой дзіця можа справіцца, і размяркоўваць ролі па загатаваных картках-схемах і г.д.

Для ўзбагачэння сацыяльнага вопыту дзяцей, напаўнення сюжэтна-ролевых гульняў новым сучасным зместам Н.В.Лемяшэўская распрацавала і апрабавала сацыяльна значныя сёння гульні і паэтапныя мадэлі іх развіцця: “Падарожжа на лайнеры”, “Мадэльнае агенцтва “Маленькія прынцэсы”, “Юныя ратавальнікі”.

Педагагічнае суправаджэнне сюжэтна-ролевых гульняў падчас рэалізацыі задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі заключалася ў назіранні і аналізе дынамікі дзіцячай гульнявой дзейнасці, праектаванні развіцця сюжэта гульні ў адпаведнасці з адукацыйнымі задачамі, у абагульненні гульнявых дзеянняў дзяцей, абмеркаванні мадэлі развіцця гульні разам з дзецьмі. Наталляй Васільеўнай складзены прыкладныя мадэлі гульнявога дня, калі сюжэтна-ролевая гульня праходзіць праз усе рэжымныя моманты, заняткі, іншыя віды дзейнасці дзяцей. Распрацаваны адпаведныя праблемныя сітуацыі, заданні, інсцэніроўкі, падабраны мастацкія тэксты і дыдактычныя гульні.

У выніку добры ўзровень авалодання неабходнымі гульнявымі ведамі і ўменнямі паказалі 49,7% дзяцей групы — гэта дзеці, якія могуць дамаўляцца з партнёрамі, у што гуляць, хто кім будзе ў гульні, могуць падпарадкоўвацца правілам і тлумачыць іх іншым дзецям, маюць некалькі роляў у спектаклях у дзіцячым садзе, умеюць афармляць гульню, выкарыстоўваючы разнастайныя матэрыялы (атрыбуты, падручны матэрыял, вырабы). У 44% дзяцей сфарміравана ўменне гуляць, прымаць на сябе прапанаваную ролю, нядоўга ўзаемадзейнічаць з аднагодкамі ад імя героя, але не ўсе пакуль могуць ацаніць свае гульнявыя магчымасці і ўменне прытрымлівацца правіл гульні.

На сваім вопыце Н.В.Лемяшэўская пераканалася: у дашкольным узросце закладзены неабмежаваныя магчымасці для гульні як вядучай дзейнасці дзіцяці, але ці будзе яна вызначаць псіхічнае развіццё дашкольнікаў і актыўна ўплываць на іх усебаковае развіццё, залежыць ад дарослых.