У Брэсцкі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці на інфармацыйную гадзіну ў рамках адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” завітаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Разам з юнакамі і дзяўчатамі ён абмеркаваў развіццё айчыннага машынабудавання, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, вытворчасці калійных угнаенняў. Тэма інфармацыйнай гадзіны надзвычай актуальная: прамысловасць — падмурак незалежнасці і рухаючая сіла эканомікі нашай краіны.
Міністр адзначыў, што машынабудаванне адыгрывае важную ролю ў сацыяльна-эканамічным і інтэлектуальным развіцці дзяржавы, з’яўляючыся асновай усяго прамысловага комплексу. І ганарыцца тут беларусам ёсць чым. З савецкіх часоў у краіне паспяхова развіваецца транспартнае машынабудаванне, цесна звязанае з навукай і сучаснымі тэхналогіямі. Сярод інавацый — экалагічныя віды транспарту, у прыватнасці электратранспарт. Так, адзін з флагманаў айчыннага машынабудавання БелАЗ вырабіў узоры кар’ерных самазвалаў грузапад’ёмнасцю 90 т (на акумулятарных батарэях) і 220 т (дызель-тралейвознага тыпу), а МАЗ і “БКМ Холдынг” завяршылі доследна-канструктарскія работы і вырабілі ўзоры грузавых электрамабіляў грузапад’ёмнасцю да 4 т і 10 т адпаведна.
Сур’ёзным крокам наперад стала стварэнне інавацыйна-прамысловага кластара “Электратранспарт”, які аб’ядноўвае беларускія арганізацыі і прадпрыемствы, кансалідуе фінансавыя і інтэлектуальныя рэсурсы для найхутчэйшага вырабу канкурэнтаздольнай тэхнікі з электрычным прывадам.
Паспяхова развіваецца ў краіне і нафтахімічны комплекс. Айчынныя нафтаперапрацоўчыя заводы “Нафтан” і Мазырскі НПЗ маюць высокі ўзровень тэхналагічнай аснашчанасці, дзякуючы чаму іх прадукцыя добра каціруецца за мяжой. Так, Беларусь — першая краіна ў СНД, якая забяспечыла спажыўцоў аўтамабільным і дызельным палівам якасці Еўра-5.
Што тычыцца чырвонага золата, то наша краіна займае 20% сусветнага рынку калійных угнаенняў.
— Дасягненні ў розных галінах народнай гаспадаркі — нагода ганарыцца Радзімай і імкнуцца зрабіць яе больш багатай і моцнай, — падкрэсліў Андрэй Іванец і дадаў: — Развіццё прамысловасці патрабуе высокакваліфікаваных кадраў, а павысіць матывацыю да працоўнай дзейнасці ў гэтай сферы дапамагае прамысловы турызм з удзелам школьнікаў. У якасці экскурсійных маршрутаў лепш за ўсё падыходзяць БелАЗ, Полацкі НПЗ, горна-абагачальны камбінат ААТ “Беларуськалій”, якія нікога не пакінуць раўнадушным.
Міністр адукацыі пажадаў юнакам і дзяўчатам знайсці сябе ў жыцці і ў любімай прафесіі, каб адчуваць сябе паспяховымі і шчаслівымі, а таксама прыносіць карысць Радзіме.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.