Для захавання гісторыі — сучасныя тэхналогіі: як моладзь ельскай школы №1 далучаюць да культурнай спадчыны

- 10:10Образование

Адсканіруй QR-­код — вывучы гісторыю роднага краю: так ненадакучліва моладзь ельскай сярэдняй школы № 1 далучаюць да гістарычнай і культурнай спадчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гартаючы старонкі мінулага

Імкліва развіваецца час высокіх тэхналогій, у руках кожнага з нас гаджэт, менавіта на гэтым зрабілі акцэнт педагогі сярэдняй школы № 1 Ельска. У фае другога паверха невыпадкова размясцілі інтэрактыўную галерэю “Іх імёнамі названы вуліцы Ельска”. Настаўніца матэматыкі Вольга Зоз з гонарам прадстаўляе калекцыю партрэтаў герояў — вядомых людзей, імёны якіх на слыху, мабыць, у кожнага мясцовага жыхара без выключэння.

— Ідэя стварэння гэтай калекцыі была невыпадковая: мы ж павінны памятаць гісторыю, беражліва ставіцца да кожнага кутка нашай планеты, памнажаць усё тое, што створана да нас і для нас, і, вядома, расказ­ваць пра гэта маладому пакаленню, — гаворыць Вольга Пятроўна. — Кожнае дзіця можа ўзяць у рукі тэлефон на перапынку, навесці на QR-код і атры­маць дастаткова шмат карыснай інфармацыі аб вядомых лю­дзях. Такіх, напрыклад, як Ян Налепка, яго імем названа вуліца ў Ельску і яго імя з гонарам но­сіць піянерская дружына нашай школы, дзеці якой робяць усё неабходнае для захавання гістарычнай праўды, дапамагаюць у добраўпарадкаванні памятных месцаў і мемарыя­лаў. Славацкі герой пакінуў аб сабе добрую памяць на Ельшчыне. Ён змагаўся за свабоду і мір, дапамагаў ельскім партызанам у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На алеі можна больш падрабязна даведацца пра подзвігі савецкага лётчыка двойчы Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Камарова, пра военачальніка двойчы Героя Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага. Спіс такіх людзей працяглы, і гаварыць пра іх можна і трэба шмат. Нашы выхаванцы павінны разумець, што жыццё працягваецца. I для таго каб не былі вычарпаны ўспаміны пра мінулае, мы проста абавязаны памятаць людзей, якія змагаліся за мірнае неба над нашай галавой.

Актыўна ўключаны ў асветніцкую і патрыятычную работу хлопчыкі і дзяўчынкі з класа міратворцаў. Навучэнец Дзмітрый Амяльчук яшчэ шасцікласнік, але разважае як сапраўдны грамадзянін. Ён знаё­міць са школьнымі праектамі і напрацоўкамі і шмат гаво­рыць аб тым, як педагогі дапамага­юць зразумець гісторыю роднага краю.

— Без мінулага няма будучыні, — з вуснаў шасцікласніка Дзмітрыя гэтая звыклая дарослая фраза гучыць па-новаму. — Вывучаючы гісторыю роднага краю, аддаём даніну павагі ўсім, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ўсім, хто зладжана працаваў у мірны час. У школе праводзіцца вялікая даследчая работа, вынікам якой становяцца праекты, у якіх адсочваецца няпросты шлях людзей у ваенны час.

160 гадоў — наперад

Родная школа — гэтыя словы адгукаюцца светлым пачуццём у душы абсалютна кожнага чалавека. Зусім нядаўна сярэдняя школа № 1 адзначыла 160-гадовы юбілей. Праз дзясяткі гадоў, азіраючыся назад, сённяшнія настаўнікі так душэўна гавораць аб сваёй роднай установе. Памяць і гісторыю храма ведаў беражліва захоўваюць у музейнай экспазіцыі, унікальнай сваімі экспанатамі. Так, тут ёсць пропісь навучэнкі-першакласніцы 1985 года, чорна-белыя здымкі і іншыя рарытэтныя рэчы. Дарэчы, на адным з фота — педагагічны калектыў, а за ім — фундамент будучай школы, у цэнтры кад­ра — дырэктар Мікалай Талецкі.

— Гісторыя школы пачынаецца ў далёкім 1863 годзе, і ўжо тады яна стала найгалоўнейшым культурна-адукацыйным аб’ектам у горадзе, на той час у школе быў набраны ўсяго адзін клас і працаваў адзін настаўнік, — знаёміць з гісторыяй установы Вольга Зоз. — У 1928 годзе ў Ельс­ку ўзводзіцца новы цагляны двухпавярховы будынак сямігадовай школы, а ў 1936 го­дзе — 10-годка. У 1929 годзе на Ельшчыне ўводзіцца абавязковае 4-класнае навучанне. У 1944 го­дзе пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў было прынята рашэнне аб арганізацыі работы школ горада і раёна. Вельмі хутка быў зроб­лены перапіс дзяцей школьнага ўзросту, рамонт памяшканняў —  пачаліся заняткі. У 1966 го­дзе школа пераходзіць у новы трохпавярховы будынак па вуліцы Ленінскай, у школу паступіла вельмі шмат дзяцей — 1500 навучэнцаў. Заняткі праходзілі ў дзве змены, у кожнай паралелі было па 5 класаў і ў сярэднім па 42 вучні ў класе. Першым дырэктарам быў Павел Сарокін. Былы вайсковец выкладаў матэматыку. Пасля кіраваў школай Мікалай Талецкі. Ён запомніўся калегам як сумленны, справядлівы, высокакультурны чалавек, высакакласны настаўнік-матэматык, прафесійны і тактоўны кіраўнік. Праз 8 гадоў дырэктарам становіцца Ірына Тоўкач — чалавек адказны, моцны матэматык, заслужаны настаўнік Беларусі. Яна заўсёды падтрымлівала творчыя пачынанні калег і сама была ініцыятарам, натхняльнікам у многіх мерапрыемс­твах школы. Таксама ў свой час дырэктарамі школ былі Ге­надзь Гендзельман, Вера Кольчанка, Аляксандр Дзянісаў, Валянціна Хамутоўская. Цяпер установай кіруе Зоя Дражына.

За дзясяткі гадоў існавання школы змянілася многае: ад матэрыяльна-тэхнічнай базы да педагагічных падыходаў і стандартаў у навучанні, але нязменнымі застаюцца высокія стандарты адукацыйнага працэсу. Самая галоўная гордасць кожнага дырэктара школы — педагагічны  калектыў. За 160 гадоў са сцен школы выйшла шмат выпускнікоў, якія працуюць у розных сферах. Ёсць выдатныя ўрачы, педагогі, работнікі сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі культуры і мастацтва, кожным з іх ганарацца на малой радзіме. Выхаванцы выбіраюць свой прафесійны шлях, і кожны захоўвае вельмі цёплыя ўспаміны аб школьных гадах. Вось і сёння педагогі дастойна нясуць эстафету папярэднікаў — сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, стараючыся ісці ў нагу з часам, працаваць над тым, каб са школы выхо­дзілі не толькі высокаадукаваныя выпускнікі, але і гарманічна развітыя асобы і дастойныя грама­дзяне нашай краіны.

У сярэдняй школе № 1 Ельска вучыцца 298 дзяцей, адукацыйны працэс ажыццяўляе 38 настаўнікаў, з іх з вышэйшай катэгорыяй — 26 педагогаў, першай — 6, што складае 84%.

На асабістым вопыце

З удзячнасцю пра школу гаворыць і цяперашні дырэктар Зоя Дражына. Веды Зоі Ула­дзіміраўне, выпускніцы гэтай установы 1985 года, спатрэбіліся пры выбары будучай прафесіі. Усё яе жыццё звязана са школай, з дзецьмі. Калісьці маленькай дзяўчынкай яна смела пераступiла школьны парог, а зараз упэўнена кіруе і ву­чыць дзяцей шанаваць і паважаць педагогаў, з падзякай пры­маць веды. Ужо 36 гадоў яна верная выбранаму прафесійнаму шляху. Спачатку працавала настаўніцай пачатковых класаў, пасля двухгадовай перапад­рыхтоўкі — настаўнікам-дэфектолагам.

— Дзеткам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця патрэбна дапамога ў галіне развіцця гаворкі, маўлення, навучання, выхавання і сацыялізацыі, — гаворыць Зоя Уладзіміраўна. — Гэта вельмі складаная праца. Прафесія настаўніка-дэфектолага знаходзіцца на стыку медыцыны і педагогікі, уключае ў сябе мноства спецыяльнасцей, але ж галоўны сэнс — трэба імкнуцца скарэкціраваць прычыну ўзнікнення цяжкасці, а таксама парушэння функцый.

— Узначальваць школу, у якой самі вучыліся, — вялікая адказнасць?

— Калі прыйшла праца­ваць у школу, настаўнікаў, якія вучылі яшчэ мяне, было няшмат, калектыў змянялі новыя кадры, і ў ролі вучаніцы я сябе не адчувала, — успамінае сураз­моўніца. — Лічу, для таго каб стаць кіраўніком, трэба прайсці ўсе ступені адукацыі. Так, працяглы час, а дакладней 17 гадоў, працавала ў школе-інтэрнаце, дзе вялікі вопыт набыла менавіта ў якасці настаўніка-дэфектолага. У рабоце імкнуся займаць пазіцыю аб’ектыўнасці, бо ў калектыве ўсе роўныя. Лічу, што толькі так — адной камандай аднадумцаў — можна шмат чаго дасягнуць. У нас згуртаваны, дасведчаны працоўны калектыў, які выбудоўвае работу з моладдзю па ўсіх адукацыйных кірунках. Ганарымся дасягненнямі ў спорце дзякуючы нас­таўнікам фізічнай культуры, кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні. 6 гадоў запар на раённым узроўні навучэнцы школы заваёўва­юць кубак за спартыўныя заслугі. Акрамя таго, заўсёды рады падзяліцца сваімі напрацоўкамі і методыкамі з калегамі. На базе школы часта прахо­дзяць семінары, якія аб’ядноўва­юць педагогаў раёна і вобласці. Так, пастаянны ўдзель­нік педагагічных сустрэч — настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Хамутоўская, якая не толькі трансліруе вопыт у сценах роднай установы, але і дзеліцца прафесійным майстэрс­твам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Не адстаюць ад настаўнікаў і вучні, кожны выхаванец імкнецца праявіць сябе і свае здольнасці. Для дзяцей арганізаваны 22 факультатыўныя заняткі, у 11 класе група дзяцей вывучае на павышаным узроўні хімію і біялогію, у 10-м — фізіку і матэматыку. Група ваенна-патрыятычнай накіраванасці арыентавана на духоўна-маральнае, інтэлектуальнае, культурнае і фізічнае развіццё навучэнцаў.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара