Доблеснае папаўненне

- 10:55Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Першы на Міншчыне ваенна­патрыятычны клуб “Доблесць” прыняў маладое папаўненне ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы на Случчыне. 

Новымі ўдзельнікамі патрыятычнай супольнасці сталі 40 хлопцаў і дзяўчат Лагойскага і Смалявіцкага раёнаў. 

Сярод гасцей, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Башко, камандзір вайсковай часці 3310 унутраных войскаў МУС Беларусі палкоўнік Сяргей Амяльчук.

— Сімвалічна, што мы сабраліся ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы, каб павялічыць колькасны склад клуба юных патрыётаў, — звярнуўся да навабранцаў Мікалай Башко. — Патрыятызм — гэта тая якасць, якой надзелены кожны чалавек у нашай краіне, што перажыла нашэсце ворагаў. Ваенная прафесія не для ўсіх, але яна вельмі ганаровая і паважаная. Хочацца, каб вы, пачынаючы атрымліваць веды пра гераізм беларускага народа, сталі сапраўднымі патрыётамі нашай краіны і каб гэтае пачуцце перадавалі з пакалення ў пакаленне. 

Новыя члены клуба “Доб­лесць” далі клятву быць вернымі і надзейнымі таварышамі, годнымі грамадзянамі Айчыны.

Нагадаю, што першымі членамі клуба ў снежні сталі чатыры дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак Мінскага раёна ва ўзросце ад 9 да 15 гадоў, навучэнцы Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы і бараўлянскай сярэдняй школы № 2. Такім чынам, зараз у клубе 80 навучэнцаў.

Дзевяцікласніку Ігару Усольцаву, навучэнцу Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы, які ўжо тры месяцы займаецца ў клубе, усе заняткі вельмі падабаюцца: “Кожную суботу ў 10.30 нас прывозяць у вайсковую
часц­ь 3310, дзе мы асвойваем пачатковую ваенную падрыхтоўку: займаемся страявой, агнявой, медыцынскай і тактычнай падрыхтоўкай, вывучаем на практыцы асновы рукапашнага бою. Першыя заняткі тэарэтычныя “Я і мая Айчына”, астатнія два — практычныя. Больш за ўсё мне падабаецца агнявая падрыхтоўка: збіраць і разбіраць аўтамат Калашнікава паспяваю за 17 секунд”. 

Падчас урачыстага мерапрыемства яго ўдзельнікі і госці пабачылі выставу зброі і спецыяльных машын, а таксама экспазіцыі музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі Слуцка, экспазіцыі маштабных ваенна-патрыятычных праектаў вобласці. Як адзначылі прысутныя педагогі, дзей­насць такіх клубаў дапамагае выра­шыць адну з важных і актуальных адукацыйных задач на сёння — выхаванне ў дзяцей і падлеткаў пачуцця патрыятызму, абавязку і гордасці за свой народ, сваю краіну.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.