Добрая і цёплая традыцыя

- 14:23Нашы дзеці

У кожнага дзіцяці напярэдадні Новага года павінна быць адчуванне свята, і акцыя “Нашы дзеці” — магчымасць здзейсніць дзіцячыя мары. Такое меркаванне выказаў першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын, які павіншаваў выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Лагойску.


Аляксандр Турчын адзначыў, што для яго ў апошнія гады стала добрай традыцыяй наведваць дамы сямейнага тыпу. Ён лічыць важным развіваць такую форму выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. “Самае галоўнае, каб у дзіцяці быў дом, маці і бацька. На гэта накіравана палітыка дзяржавы”, — падкрэсліў ён.

Госці пастараліся дагадзіць з падарункамі, і пра тое, што навагоднія жаданні здзейсніліся, сведчылі шчаслівыя твары і ўсмешкі. Дзяўчынкі атрымалі казачны домік, лялькі і тэлефоны, хлопчыкі — чыгунку, веласіпед і канструктар. “Ух ты! Я пра такі даўно марыў!” — не ўтойваў эмоцыі маленькі Максім, разглядаючы новыя цацкі.

Самы старэйшы ў сям’і, сямікласнік Валера, захапляецца спортам, выступае за раённую каманду на спаборніцтвах па лыжных гонках. Яму прэзентавалі гарналыжны касцюм, каб паказваў добрыя спартыўныя вынікі. А гаспадарам дома сямейнага тыпу ўручылі мотаблок.

Аляксандр Турчын таксама павіншаваў дзяцей ад імя Савета па развіцці прадпрымальніцтва і сказаў, што акцыю “Нашы дзеці” актыўна падтрымалі і беларускія бізнесмены. “Мы ведалі, што хочуць дзеці, пастараліся іх жаданні па магчымасці здзейсніць. Думаю, атрымалася. Такія мерапрыемствы даюць станоўчыя эмоцыі, ты можаш часцінку цеплыні і дабра падарыць дзецям”, — дадаў ён.

Намеснік старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва (старшыня савета дырэктараў ТАА “Тытунь-інвест”) Павел Тапузідзіс прызнаўся, што сам вырас у мнагадзетнай сям’і і ўпэўнены, што, калі робіш радасць дзецям, здзяйсняеш дзіцячыя мары, у самога з’яўляецца ўсмешка.

У доме сямейнага тыпу ў Лагойску выхоўваюцца 10 дзяцей рознага ўзросту, самым малодшым — Даніку і Соф’і — тры і чатыры гады. Бацькі, Марына і Вячаслаў Літвяковы, падзяліліся сакрэтамі сямейнага шчасця. “Атмасферу свята ствараем усёй сям’ёй. У нас яшчэ ёсць чацвёра старэйшых дзетак, у якіх свае сем’і. Некаторыя з намі ўжо дзесяць гадоў. Усе дзеці добрыя, ласкавыя, самыя лепшыя. Вельмі любяць сваю сям’ю, яны дома, з мамай і татам. Наш дом — іх дом”, — кажа сямейная пара.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці складана спраўляцца з хатнімі абавязкамі, Марына Літвякова прызналася, што нялёгка. “Мама ў адной асобе і кухар, і настаўнік, і выхавальнік, і доктар. Акрамя таго, трэба кожнаму ўдзяліць увагу — пагладзіць, пацалаваць, абняць. Ніхто не павінен адчуваць, што мама кагосьці любіць больш, бо гэта крыўда на ўсё жыццё. Цяжка, але спраўляемся”, — сказала яна.

Фота БелТА.