“Добры дзень, Краснаполле…”

- 15:13Родная земля

Кожны год у красавіку пасля першых вясновых дажджоў на палях Краснапольшчыны прабіваецца зялёная рунь як сімвал жыцця, абнаўлення прыроды, адраджэння гэтай пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС зямлі.

Працавітыя людзі

Падчас камандзіроўкі сімвалічным было і надвор’е. Два дні ішоў дождж, то сціхаючы, то пераходзячы ў лівень. Здавалася, так прырода ўзгадвае сумныя падзеі, што адбываліся тут у першыя гады пасля Чарнобыля. Але ў самым канцы маёй камандзіроўкі, калі да аўтобуса на Магілёў заставалася мінут 20, неба пасвятлела і дождж сціх. Фотаздымак з вучнямі Краснапольскай гімназіі, якія гуляюць у гарадскім скверы, якраз і зроблены ў той момант. Міжволі падумалася, што зямлю, дзе пануюць дзіцячыя ўсмешкі і жывуць працавітыя людзі, абавязкова чакае шчаслівая будучыня!

Пераканала ў гэтым і знаёмства з настаўнікамі Ленінскай, Палужскай і Краснапольскай сярэдніх школ. Яны ўпэўнены, лёс малой радзімы трэба ствараць уласнымі сіламі, не скардзіцца на жыццё, а ціха-мірна працаваць. Працавітасць, любоў да роднага краю, жаданне зрабіць яго прыгожым і квітнеючым — усё гэта мясцовыя настаўнікі перадаюць сваім вучням на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Нядзіўна, што традыцыі патрыятычнага выхавання, краязнаўчай работы на Краснапольшчыне багатыя і даўнія.

Яшчэ ў 70-я гады ствараліся пошукавыя атрады, адкрываліся школьныя музеі. Напрыклад, музей Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы быў адкрыты ў 1975 годзе намаганнямі былога дырэктара ўстановы Аляксандра Іванавіча Марзалюка. Сённяшні кіраўнік музея настаўнік гісторыі Ігар Віктаравіч Шпакаў з вялікім гонарам расказваў пра свайго калегу-папярэдніка, а таксама пра знакамітых выпускнікоў школы, сярод якіх і сын Аляксандра Іванавіча — вядомы гісторык, археолаг, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Аляксандравіч Марзалюк, дзякуючы якому адкрыты многія старонкі гісторыі Краснапольшчыны.

Таямнічыя курганы

Асабліва шмат таямніц прыхоўваюць мясцовыя курганы. Менавіта на вывучэнні гэтых аб’ектаў сёння робіць акцэнт Ігар Віктаравіч.

— Адкуль пайшла зямля Краснапольская? Рана ці позна гэтым пытаннем задаецца кожны чалавек, які жыве на тэрыторыі нашага раёна. Багатыя лясы і ўрадлівыя землі ва ўсе часы прыцягвалі чалавека, якому патрэбны былі вада, ежа, а таксама сыравіна для вырабу прылад працы, зброі і посуду, матэрыял для будаўніцтва жылля. Але хто ён, першы чалавек? Калі ён пасяліўся на гэтай зямлі? — падзяліўся настаўнік.

Пошукам адказу на гэтае пытанне і заняўся Ігар Віктаравіч разам з вучнямі. Па словах педагога, звесткі пра археалагічнае мінулае Краснапольшчыны, якое было вывучана ў XIX — пачатку XX стагоддзя, можна знайсці ў розных кнігах па краязнаўстве і энцыклапедыях. Аднак праца сучасных навукоўцаў, якія займаюцца археалагічнымі даследаваннямі Магілёўскай вобласці, і ў прыватнасці Краснапольшчыны, асветлена, на жаль, часткова.

— Унікальныя артэфакты розных эпох былі знойдзены археолагамі ў Краснапольскім раёне. Напрыклад, у 2015 годзе. У аграгарадку Леніна пры аглядзе ўзараных агародаў мясцовых жыхароў студэнты і выкладчыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова выявілі шэраг прылад працы эпохі позняга неаліту, што дазваляе сцвярджаць: менавіта на гэтым месцы магла знаходзіцца стаянка людзей бронзавага веку. Тут жа знойдзены элементы ляпной керамікі Х стагоддзя і бронзавы пярсцёнак, упрыгожаны арнаментам, распаўсюджаным у ХII—XIII стагоддзях. Некаторыя знаходкі (каменныя і крэмневыя наканечнікі, праколкі, рубіла, зерняцёркі, фігуркі жывёл) прадстаўлены ў раздзеле “Археалогія” нашага школьнага музея, — паведаміў настаўнік.

Па словах Ігара Віктаравіча, актуальнай з’яўляецца праблема захавання археалагічных помнікаў. Менавіта па гэтай прычыне настаўнікам быў распрацаваны маршрут па мікрараёне аграгарадка Леніна з наведваннем курганоў. У планах — стварэнне шыльд, інфармацыйных стэндаў і ўсталяванне іх каля помнікаў археалогіі.

— Археалагічная спадчына — адна з самых складаных для захавання. З аднаго боку, гэта абумоўлена тым, што нерухомыя археалагічныя помнікі найбольш схільны да ўздзеяння разбуральных прыродных фактараў. Пры археалагічных даследаваннях помнікі таксама падвяргаюцца разбурэнню. Не заўсёды ёсць магчымасць кансервацыі і музеефікацыі выкрытых аб’ектаў. З іншага боку, складанасці ўзнікаюць з-за таго, што захаванасць археалагічнага аб’екта можа быць гарантаваная толькі ў выпадку ўключэння яго ў ахоўную тэрыторыю. Такім на тэрыторыі Краснапольскага раёна з’яўляецца толькі помнік рэспубліканскага значэння гарадзішча ранняга жалезнага веку ва ўрочышчы Касцёл, — падзяліўся Ігар Віктаравіч.

Настаўнік спадзяецца, што разам з вучнямі яму ўдасца паўдзельнічаць у раскопках на адным з курганоў сумесна з выкладчыкамі і студэнтамі гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А.А.Куляшова. У далейшым плануецца распрацаваць экскурсійныя маршруты па ўсіх археалагічных помніках раёна. Таксама ў планах на Год гістарычнай памяці — даследаванне лёсу мясцовых настаўнікаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, бо даныя, што сабраны пра іх у музеі, няпоўныя.

Край ганчароў

На развітанне пацікавіўся ў Ігара Віктаравіча, як раней называўся аграгарадок Леніна, бо відавочна, што сучасная назва нададзена населенаму пункту ў савецкі час. Аказалася, што да 1967 года гэта была вёска Гніліца — ад “гнілата, гнілое месца”. А вось старажылы казалі Глініца. Як нескладана здагадацца, паходзіць тапонім ад слова “гліна”.

З глінай звязана і паходжанне назвы райцэнтра. Хаця на першы погляд можа падацца, што сувязі паміж Краснаполлем і глінай ніякай. Але гэта не так. Чырвоны (красный) колер навакольных палёў (адсюль і Краснаполле) звязаны з радовішчамі чырвонай гліны, якімі славіцца край. Невыпадкова і герб райцэнтра ўпрыгожвае выява гарлача. Раней Краснапольскі край славіўся ганчарамі, а да аварыі на ЧАЭС тут нават працаваў цагельны завод. Сёння пра былую адметнасць краю нагадваюць шматлікія ганчарныя вырабы, якія захоўваюцца ў кожным школьным музеі, у тым ліку ў музеі сярэдняй школы Краснаполля.

Боль Чарнобыля

Наогул, у дачарнобыльскі перыяд на Краснапольшчыне працавалі ільнозавод, хлебазавод, маслазавод. Аднак пасля аварыі на ЧАЭС гэтыя прадпрыемствы, як і цагельны завод, былі закрыты. У красавіку 1986 года жыццё жыхароў Краснапольшчыны падзялілася на “да” і “пасля” аварыі на ЧАЭС.

— Мы ўсе, хто жыве на гэтай зямлі, дзеці Чарнобыля. Калі здарылася трагедыя, я хадзіла ў 8 клас. Мы тады не разумелі, якую шкоду нясе радыяцыя, ніхто не ўяўляў, што гэтая трагедыя з намі надоўга. Летам 1986 года тата вывез мяне да родных у чыстую зону. Думалі, што за лета радыяцыя сыдзе, мы вернемся на чыстую зямлю і ўсё будзе як раней. Але мы вярнуліся, а радыяцыя не пакінула Краснапольшчыну. Добра памятаю, як працавалі ваенныя: мылі дахі, агароджы, асфальт, знімалі слой зямлі, закопвалі вясковыя дамы. Сёння на месцы тых сядзіб толькі лес, а сярод лесу — пладовыя дрэвы, якія вясной распускаюць бялюткія кветачкі. Па гэтых кветках людзі і пазнаюць месца, дзе стаялі іх сядзібы, — паведаміла дырэктар сярэдняй школы Краснаполля Алена Васільеўна Маскалёва.

Шмат жыхароў Краснапольшчыны пакінулі родныя мясціны, большасць перасялілася ў Дрыбінскі раён. Але многія, у тым ліку і Алена Васільеўна, засталіся на малой радзіме. Нават пасля заканчэння інстытута ў яе не было думкі ехаць працаваць у іншае, чыстае месца.

— Як прызнаваліся потым перасяленцы, гэты пераезд паскорыў ім жыццё, бо цяжка было пакідаць родныя мясціны, выязджаць невядома куды практычна ні з чым. Хоць гады ідуць, але боль Чарнобыля не сціхае, бо гэта наша жыццё, наша памяць, — адзначыла Алена Васільеўна.

Жыхары Краснапольшчыны добра памятаюць і шануюць подзвіг тых герояў, якія, не шкадуючы здароўя, ачышчалі зямлю ад радыенуклідаў. Пра гэтых людзей расказваюць стэнды “Чарнобыль — наш боль” і “Пад попелам Чарнобыля”. У фондах музея захоўваюцца карта радыяцыйнай забруджанасці Краснапольскага раёна, пасведчанні ліквідатараў, фатаграфіі адселеных вёсак, тут жа знаходзіцца і кніга “Краснаполле ў промнях Чарнобыля”, напісаная заснавальнікам музея Леанідам Васільевічам Лабаноўскім. У кнізе сабраны ўспаміны мясцовых жыхароў, факты, архіўныя матэрыялы.

Імя краязнаўцы

Пра Леаніда Васільевіча Лабаноўскага ведаюць не толькі ў Краснапольскім раёне. Настаўнік гісторыі, аўтар шматлікіх кніг па краязнаўстве, заснавальнік і кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея — ён пакінуў яркі след у сваім жыцці.

— Гэта быў надзвычай творчы, няўрымслівы, неардынарны чалавек. У 1951 годзе скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Працаваў дырэктарам Пелішчанскай сярэдняй школы, што ў Брэсцкай вобласці, затым Раснянскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна. З 1958 па 1962 год — дырэктар Краснапольскага дома піянераў і школьнікаў. У 1960 годзе Леанід Васільевіч скончыў рэжысёрскае аддзяленне пры тэатральным Доме народнай творчасці ў Маскве. Кіраваў тэатрам “Арляня” нашай школы і самадзейным народным тэатрам пры Краснапольскім раённым доме культуры. У 1985 годзе па ініцыятыве Леаніда Васільевіча быў створаны школьны гісторыка-краязнаўчы музей, якому ў 1991 годзе прысвоена званне “народны”.

Таксама ён быў адным са стваральнікаў Асацыяцыі краязнаўцаў малых мястэчак Магілёўшчыны. Па ініцыятыве Леаніда Васільевіча ў Краснаполлі былі праведзены першыя краязнаўчыя чытанні прадстаўнікоў гэтай арганізацыі. Акрамя таго, Лабаноўскі ўваходзіў у рэдакцыйную камісію па падрыхтоўцы і выданні кнігі “Памяць. Краснапольскі раён”, стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года — 2003”, быў аўтарам некалькіх кніг па гісторыі Краснапольшчыны, — паведаміла намеснік дырэктара сярэдняй школы Краснаполля па выхаваўчай рабоце Вольга Сяргееўна Басарымава.

Калі завітаеце на Краснапольшчыну:

  • азнаёмцеся з экспазіцыямі школьных музеяў;
  • падыхайце гаючым паветрам у батанічным садзе “Іванаў хутар”;
  • прагуляйцеся па Панскай алеі;
  • паслухайце плёскат хваль Палужскага вадасховішча;
  • наведайце ўрочышча “Ясеневы гай”;
  • палюбуйцеся помнікам драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя праваслаўным храмам у вёсцы Выдранка;
  • пастойце каля стэлы ў памяць аб выселеных вёсках.

Радзіма паэта

Настаўнікам і вучням Палужскага дзіцячага сада — сярэдняй школы таксама ёсць кім ганарыцца. Пра паэта-земляка Аляксея Васільевіча Пысіна яны могуць расказваць гадзінамі. Пры гэтым настолькі цікава, што слухачу абавязкова захочацца вярнуцца ў Палуж, а яшчэ ўзгадаць школьную праграму па беларускай літаратуры і пагартаць старонкі знакамітага зборніка “Мерыдыяны”. Прыехаць у Палуж мне захацелася пасля таго, як у адным з нядаўніх нумароў “Настаўніцкай газеты” быў надрукаваны артыкул пра школьны музей. Атрымалася своеасаблівае падарожжа “па газетных старонках”. Першым яго пунктам было знаёмства з работай Палужскай школы па вывучэнні роднага краю, пра што артыстычна паведамілі юныя краязнаўцы.

У рамках рэалізацыі абласнога праекта “Мая зямля Прыдняпроўе” навучэнцы Палужскага ВПК прынялі ўдзел у конкурсе “Вандроўка ў мінулае” ў намінацыях “Мой родны кут” і “Тапонімы побач”. Па ваколіцах вёскі Палуж быў распрацаваны экскурсійна-турыстычны маршрут, які ўключаў помнік прыроды мясцовага значэння “Іванаў хутар”, музей Аляксея Пысіна, алею пана Мядзведскага, Палужскую школу, памятны крыж, воінскія пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны, Палужскі сельскі дом культуры.

Унікальным помнікам прыроды, якім не можа пахваліцца ніводны раён Беларусі, з’яўляецца Іванаў хутар. Гэты батанічны сад прызнаны ЮНЕСКА ўнікальным прыродным аб’ектам. Ён створаны ў вёсцы Брылёўка намаганнямі Івана Ізотавіча Зотава. Цікава будзе наведаць панскую алею ў вёсцы Дубраўка, пасаджаную ўздоўж дарогі ў пачатку ХХ стагоддзя тагачасным уладальнікам гэтых зямель Міхаілам Мядзведскім. Сёння даўжыня алеі каля 150 метраў. Верхавіны велічных сосен і дубоў, якія растуць па абодва бакі дарогі, сутыкаюцца, ад чаго дарога становіцца падобнай на тунэль. Тут надзвычай прыгожа.

— Калектыў нашай школы, выкарыстоўваючы розныя напрамкі і формы краязнаўчай работы, стаў актыўным удзельнікам у рэалізацыі першага этапу праекта “Мая зямля Прыдняпроўе” і напісаў новыя старонкі ў летапіс зямлі Палужскай. Прыязджайце да нас у вёску. Тут вам заўсёды будуць рады, гасцінна сустрэнуць. І дзе б вы ні былі, вы заўсёды захаваеце ў сваёй душы вобраз салаўінага, глыбіннага куточка, як з любоўю называў наш край ураджэнец Краснапольшчыны Аляксей Васільевіч Пысін, — паведамілі вучні.

Абавязковым пунктам вашага падарожжа па Краснапольшчыне павінен стаць палужскі літаратурны музей, які дзейнічае ўжо 40 гадоў. Да 2015 года ён знаходзіўся ў невялікім пакоі, але намаганнямі былога дырэктара школы Лідзіі Мікалаеўны Пшанічнікавай экспазіцыя набыла сучасны выгляд. Менавіта Лідзія Мікалаеўна прыклала шмат намаганняў для збору экспанатаў. Вялікую колькасць фотаздымкаў перадала ўдава Аляксея Васільевіча Еўдакія Сямёнаўна. Лідзія Мікалаеўна з вучнямі часта наведвалася да яе ў госці ў Магілёў.

— Мы праводзім у музеі не толькі экскурсіі. Для кожнага ўзросту школьнікаў у нас асобнае мерапрыемства. Напрыклад, малодшым вучням часта расказваю пра такі выпадак з дзяцінства паэта. Аляксей рос паслухмяным хлопчыкам, але аднойчы з яго паджартоўвалі старэйшыя дзеці, тады ён вырашыў даказаць сваю мужнасць. У вёсцы стаяў млын-вятрак. Аляксей зачапіўся за лопасць і такім чынам аб’ехаў усё кола. Вучні заўсёды захоплена слухаюць гэтую гісторыю. У канцы мы праводзім міні-конкурс, вызначаем, што ім асабліва запомнілася з аповеда экскурсаводаў, — паведаміла кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Васільева.

Цікавым з’яўляецца аповед і пра радавод Аляксея Васільевіча, а таксама яго франтавыя дарогі. Асабіста мне запомніўся той факт, што паэт, калі наведваў малую радзіму, любіў пасядзець на ўзбочыне (цяпер там знаходзіцца помнік выселеным чарнобыльскім вёскам) і доўга глядзець на дарогу. Магчыма, у адзін з такіх момантаў і нарадзіліся вось гэтыя радкі: “Расступаюцца сосны, і поле // Мне прыносіць жытнёвы паклон: // Добры дзень, добры дзень, Краснаполле, // Салаўіны, глыбінны раён…”

Шчаслівая будучыня

Пасля вясновых завірух і начных замаразкаў змрочныя палі Краснапольшчыны, якія 36 гадоў назад ахутала шэрае воблака Чарнобыля, нарэшце ўпрыгожыла ярка-зялёная рунь. Ёсць у гэтым нешта сімвалічнае, бо зялёны колер сімвалізуе жыццё, абнаўленне прыроды, а яшчэ шчаслівую будучыню гэтага куточка Прыдняпроўя.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.