Выпускнік сярэдняй школы № 3 Добруша, малады спецыяліст, настаўнік англійскай мовы Даніла Антоненка з цеплынёй і ўдзячнасцю гаворыць пра настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Юлію Касцьянаву. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Майстэрства педагога
Сёння малады спецыяліст працуе поруч з Юліяй Мікалаеўнай, якая прысвяціла прафесіі больш за 25 гадоў.
Для сваіх вучняў настаўніца беларускай мовы і літаратуры стала не проста правадніком у свет ведаў, а чалавекам, да якога можна звярнуцца па дапамогу ці параду ў любой жыццёвай сітуацыі.
— Калі ў школе з’явілася Юлія Мікалаеўна, урокі беларускай мовы і літаратуры сталі праходзіць значна цікавей, — расказвае Даніла Антоненка. — Увесь наш клас з павагай адносіўся да гэтай настаўніцы. Яна спакойная, добрая, заўсёды зразумее, падтрымае. З ёй можна было пагаварыць пра вучобу, абмеркаваць нейкія цяжкасці, расказаць пра любую жыццёвую сітуацыю. На яе ўроках мы даведваліся пра фільмы, новыя кнігі, якія яна рэкамендавала да чытання. Скажу шчыра, школьнікам не любіў чытаць, асабліва творы беларускай літаратуры. Аднак на занятках падчас пераказу мы часта маглі прапанаваць свой сцэнарый развіцця падзей, пафантазіраваць аб лёсе герояў. Тады ўрокі літаратуры праляталі імгненна, бо мы шмат камунікавалі, абмяркоўвалі, разважалі. На занятках па беларускай мове ўсе правілы настаўніца тлумачыла даступна і лёгка, усім было ўсё зразумела.
Пасля школы Даніла Антоненка паступіў у педагагічны ўніверсітэт. Ён успамінае, як аднойчы, сустрэўшы ў Добрушы сваю настаўніцу беларускай мовы, рады быў падзяліцца з ёй сваімі поспехамі.
— Юлія Мікалаеўна заўсёды мне казала, што я з усім спраўлюся і ўсё ў мяне атрымаецца, — успамінае малады спецыяліст. — Стаўшы настаўнікам англійскай мовы, з радасцю вярнуўся ў родную школу, дзе знайшоў падтрымку ў калектыве. Настаўнікі сталі не проста калегамі, а сапраўды блізкімі людзьмі. Яны заўсёды могуць папрасіць аб нечым, звярнуцца па параду адно да аднаго. Падтрымліваем з Юліяй Мікалаеўнай такія ж добразычлівыя адносіны, якія былі заўсёды. Скажам, калі ёй у нейкай сітуацыі спатрэбіцца дапамога, вядома, зраблю ўсё магчымае.
Настаўніцкае шчасце
Сярэдняя школа № 3 — родная і для Юліі Мікалаеўны, яна тут вучылася ў пачатковых класах.
— За час выкладання ні разу не засумнявалася ў сваім выбары, — адзначае настаўніца. — Я не проста імкнуся зарэкамендаваць сябе ў прафесіі, а заўсёды спрабую знайсці кантакт з вучнямі. Важны для мяне паказчык — іх паспяховасць. Радуюся, што яны становяцца выдатнымі спецыялістамі, але ў першую чаргу — добрымі людзьмі.
У размове Юлія Касцьянава прыгадвае розныя школьныя гісторыі і адзначае сваю сентыментальнасць — 1 верасня, на апошнім званку, выпускным балі.
Выпускнікі з Добруша, вылецеўшы з гнязда, падтрымліваюць цёплыя адносіны са сваёй класнай, нягледзячы на тое, што жывуць у розных гарадах Беларусі, хтосьці працуе ў краінах СНД, Ізраілі, Чарнагорыі.
— Абавязкова тэлефануем адно аднаму, віншуем са святамі, — з радасцю і натхненнем расказвае суразмоўніца. — Дзеці з папярэдняга выпуску нават у госці прыходзяць, вядома, папярэджваючы загадзя аб нашых сумесных планах. А першым маім выпускнікам ужо 40 гадоў, многія з іх сталі мнагадзетнымі бацькамі. Радуюся, што сувязь з імі падтрымліваецца і зараз.
У сярэдняй школе № 3 Добруша 11 з 32 педагогаў — былыя выпускнікі гэтай установы адукацыі, якія сёння працуюць у роднай школе, забяспечваючы высокую якасць адукацыі.
А яшчэ педагог расказала пра выпадкі, калі яе выпускнікі, якія жывуць зараз у розных гарадах рэспублікі, звяртаюцца да яе:
— Па тэлефоне часам тлумачу ўжо сыну ці дачцэ майго выпускніка нейкае правіла. Часта бацькі выконваюць заданне па рашэбніках, а даступна і зразумела расказаць дзіцяці, як прымяняецца правіла на практыцы, не могуць. Успомнілася яшчэ адна гісторыя. Мая вучаніца працягнула навучанне ў школе алімпійскага рэзерву. Аднойчы пасля чарговай вячэрняй трэніроўкі яна патэлефанавала мне са словамі: “Юлія Мікалаеўна, дапамажыце, у мяне заўтра сачыненне па Караткевічу, а я толькі з трэніроўкі, пакуль перакусіла, зрабіла матэматыку, без дапамогі завалю прадмет”. Так позняя вячэрняя размова плаўна перайшла ў дыктоўку. Заўсёды іду насустрач дзецям, у колькі б яны мне ні патэлефанавалі. На наступны дзень дзяўчына напісала: “Юлія Мікалаеўна, вам 9/9”.
Мне і мая мама часта гаворыць: “Юля, ты як пайшла ў школу ў 6 гадоў, так і вучышся да гэтага часу…” Усе мае вучні — мае дзеці, за якіх я заўсёды хвалююся і, калі трэба, ім дапамагаю. Куды б я ні прыйшла, усюды радасна сустракаю сваіх былых навучэнцаў. Неяк раз у банку для вырашэння пытання з карткай мяне адправілі да спецыяліста. Заходжу ў кабінет, а там мой вучань Міша Гладышаў. Малайчына! Добры супрацоўнік, які сябе зарэкамендаваў у банкаўскай сферы.
І ў індустрыі прыгажосці знайшлі сябе мае вучаніцы. Выпускніца Алена Сівакова — таленавіты майстар, у яе залатыя рукі.
Заўсёды на сувязі з Артурам Валюкевічам, які працуе кандытарам. Трэніруючы сваё кулінарнае майстэрства, калісьці свой першы торт ён прынёс на дэгустацыю мне. Торт быў вельмі смачны! Настаўнікаў установы Артур не забывае, да гэтага часу радуе нас смачнымі дэсертамі, духмянай і свежай выпечкай.
У дзіцячай паліклініцы сустракаю знаёмых медыкаў. Калі мая дачка была маленькай і ёй рабілі прышчэпкі, я заўсёды была спакойная, таму што ведала: у белых халатах — мае вучаніцы, якія супакояць любое дзіця і зробяць сваю работу на выдатна! Уважлівыя і чулыя Дар’я Семучэнка і Яна Кабкова — прафесіяналы сваёй справы.
Многія вучні пайшлі па маіх слядах, выбраўшы прафесію настаўніка, гэта прыемна. Яскравы прыклад — Марыя Аляксандраўна Судакова, якая працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3, Даніла Міхайлавіч Антоненка, настаўнік англійскай мовы.
Навучэнцам добрушскай школы пашчасціла вучыцца ў выдатнага педагога, якая прысвячае прафесіі шмат сіл і часу, укладвае ў яе сваю душу, а таксама прывівае дзецям павагу да роднага краю.
— Сучасным школьнікам складаней даецца вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, але ўсё роўна стараюся, каб гэтыя шматгранныя прадметы, якія ўключаюць у сябе гісторыю нашай краіны, яе самабытнасць, культуру і традыцыі, вучні ведалі, — падкрэслівае Юлія Мікалаеўна. — На сваіх уроках прывіваю ім любоў да Беларусі і свайго народа. Цешыць, што маё захапленне прадметам перадаецца і дзецям. Яны вучацца шанаваць нашу спадчыну, беражліва адносіцца да гісторыі, захоўваць сувязь паміж пакаленнямі. Прадмет не ўсе будуць ведаць на 10 балаў, але ўсе будуць ганарыцца тым, што яны беларусы.
Больш за ўсё ў сваёй прафесіі Юлія Мікалаеўна шануе зносіны з дзецьмі. Яна развівае ў вучняў навыкі супрацоўніцтва, камунікацыі, бо ў жыцці ім давядзецца знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі, і лепш, калі яны гэтаму навучацца яшчэ ў школе.
Вучні бачаць неабыякавы падыход настаўніцы і таму давяраюць ёй, звяртаюцца па параду ў самых важных пытаннях.
— Адна мая вучаніца паступала пасля 11 класа, балаў ёй хапала прайсці ў дзве прэстыжныя УВА на зусім розныя спецыяльнасці. Яна доўга сумнявалася, гаварыла і з мамай, і з татам, але патрэбна была кантрольная кансультацыя, — дадае настаўніца. — Прызнацца, я прыемна здзівілася, калі па важную параду Марына звярнулася да мяне. З ёй мы абазначылі ўсе перспектывы навучання ў розных УВА, і дзяўчына зрабіла свой выбар. Насамрэч, вельмі часта мы ведаем адказы на свае ж пытанні. Але бывае важна ўпэўніцца ў сваім рашэнні.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара