Даўно адзначана і праверана часам, што выпадковыя людзі ў школе не затрымліваюцца. Яны прыходзяць і праз нейкі час пакідаюць школу, застаюцца толькі тыя, хто любіць сваю работу і вучняў.
У Пагародзенскай сярэдняй школе шмат таленавітых педагогаў, але мне хочацца расказаць пра цудоўнага чалавека і педагога, які дарыў дзецям сваю любоў, цяпло, трывалыя веды, — гэта былая настаўніца біялогіі нашай школы Хрысціна Станіславаўна Груца.
Яшчэ будучы вучаніцай яна захаплялася біялогіяй і хіміяй, таму пасля заканчэння школы паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага на біялагічны факультэт, які паспяхова закончыла ў 1975 годзе. У 1976 годзе малады педагог-біёлаг разам з мужам прыехала ў Пагародна. Не адразу давялося працаваць па спецыяльнасці. Прыйшлося паспрабаваць сябе на пасадзе выхавальніка групы прадоўжанага дня, піянерважатай. Час ляціць непрыкметна, і вось ужо за плячыма Хрысціны Станіславаўны 38 гадоў настаўніцкай дзейнасці ў Пагародзенскай сярэдняй школе.
З першых хвілін сустрэчы гэтая жанчына звяртае на сябе ўвагу: заўсёды добразычлівая, ветлівая, энергічная. Яе мяккі голас, ласкавыя вочы прыцягваюць да сябе людзей, зараджаючы аптымізмам, верай у свае сілы. Хрысціна Станіславаўна надзелена цудоўнымі якасцямі: прастатой, адкрытасцю, інтэлігентнасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу. Прынцып яе работы — асцярожна і беражліва дапамагчы дзіцяці раскрыцца, усяліць у яго ўпэўненасць, даць адчуць сваю каштоўнасць як асобы.
Шмат сіл і энергіі аддала Хрысціна Станіславаўна сваім вучням, навучыўшы іх не толькі разбірацца ў пытаннях біялогіі, але і ў радасці пазнання. Няма такой справы, за якую не ўзялася б настаўніца, з якой бы не справілася. Дзе толькі не прымалі ўдзел яе вучні! Гэта і алімпіяды, і эколага-біялагічныя канферэнцыі, і шматлікія конкурсы. Ды не проста прымалі ўдзел, а займалі прызавыя месцы на ўзроўні раёна, вобласці. Вось толькі некалькі прыкладаў за апошнія гады. У 2013 годзе Кацярына Дайлідка, якая прадстаўляла навукова-даследчую работу “Крыніцам жыць!”, заняла 3-е месца на абласным этапе; у 2014 годзе Дзіяна Зуевіч з работай “Сродкі барацьбы з мухамі ў асабістай падсобнай гаспадарцы” атрымала 3-е месца на раённым этапе. 2015 год таксама быў значным для настаўніцы: вучань 7 класа Раман Шалкоўскі стаў пераможцам раённай алімпіяды па біялогіі, а вучань 8 класа Іосіф Календа заняў 2-е месца.
Педагагічнае майстэрства Хрысціны Станіславаўны немагчыма ацаніць ніякімі катэгорыямі. Настаўніца можа ганарыцца не толькі колькасцю сваіх вучняў, але і іх поспехамі. Яе выпускнікі цяпер паспяхова працуюць у самых розных галінах. Многія паступілі ў медыцынскія ўніверсітэты, а таксама ў педагагічныя на біялагічны факультэт. Для многіх былых вучняў веды, атрыманыя на ўроках біялогіі, сталі сапраўдным арыенцірам у выбары далейшага жыццёвага шляху.
Кожны, хто працуе ў школе, працуе на будучыню. Дарэчы, настаўнікам біялогіі з гэтага навучальнага года працуе былая выпускніца школы Аляксандра Аляксандраўна Буклярэвіч, вучаніца Хрысціны Станіславаўны. Аляксандра Аляксандраўна з задавальненнем выкладае біялогію ў роднай школе, чарговы раз выкарыстоўваючы настаўніцкі талент любімага педагога. Кожнаму настаўніку хочацца, каб менавіта яго вучань у будучыні дасягнуў поспеху, і, безумоўна, кожнаму прыемна, калі гэта адбываецца. Спадзяёмся, што і ў студэнта-першакурсніка біялагічнага факультэта БДУ Андрэя Жукоўскага здзейсняцца ўсе мары, якія ён давяраў Хрысціне Станіславаўне.
Хрысціна Станіславаўна не толькі выдатны педагог, але і клапатлівая жонка, маці, бабуля. Разам з мужам Антонам Іванавічам выгадавалі і выхавалі дзвюх дачок, Вераніку і Ганну, цудоўных людзей і граматных спецыялістаў. Вераніка, у якой з дзяцінства выхоўвалася любоў да прыроды, звязала сваё жыццё з экалогіяй. А малодшая, як маці, стала настаўніцай, толькі не біялогіі, а пачатковых класаў.
У гэтым навучальным годзе Хрысціна Станіславаўна не працуе ў школе, але 1 верасня для яе па-ранейшаму радасны і святочны дзень. Настаўнікамі застаюцца на ўсё жыццё, таму яна не магла не прыйсці на ўрачыстую лінейку, на 39-ю лінейку ў Пагародзенскай школе.
Алена ЛАСТОЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў Пагародзенскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.





