Добрыя справы табе, любы горад!

- 11:45Выхаваўчая прастора, Рознае

На пачатку верасня ў нашай школе прайшлі мерапрыемствы ў межах мегапраекта “Добрыя справы табе, любы горад!”, прысвечанага святкаванню 888-годдзя Гродна. Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел амаль 350 школьнікаў разам з бацькамі.

Вучні рыхтавалі музыкальныя паштоўкі з віншаваннямі пад караоке, якія суправаджаліся танцавальнымі нумарамі. Класы ўзялі ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце “Роднаму гораду”. Асноўнымі тэмамі іх творчасці сталі дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, а таксама вясёлка і алень Святога Губерта, прадстаўленыя на гербе Гродна.

Сумесна з сацыяльна-дабрачыннай установай “Цэнтр ПАРА” ў межах марафонаў на падтрымку дзяцей з анкалогіяй, была праведзена акцыя “Падарунак гродзенскаму сябру”. Вучні выраблялі медалі і пакідалі на іх словы падтрымкі і свае пажаданні для самых моцных і адважных хлопчыкаў і дзяўчынак.

Восьмая школа прымае ўдзел у інавацыйным рэспубліканскім праекце па фарміраванні талерантнасці, і ў яго межах напярэдадні Дня горада ўзнікла ідэя стварыць у школе малюнак Гродна з найбольш адметнымі яго архітэктурнымі помнікамі, а таксама прадстаўнікамі тых нацыянальнасцей, якія ў ім пражываюць. У выніку на лесвічных пляцоўках з’явіліся маляўнічы краявід Гродна і малюнкі прадстаўнікоў шэрага народаў у нацыянальным адзенні. Над імі працавалі вучаніцы Валерыя і Кацярына Гараднічавы, Дар’я Садоўская і Мілена Куцая.

Таксама ў суботу вучні школы наведалі мерапрыемствы эколага-біялагічнага цэнтра, абласнога Цэнтра турызму і краязнаўства і Цэнтр дзяцей і моладзі “Спектр”. А вучні 9 класа прымалі ўдзел у гарадской працоўнай акцыі “Моладзь — за чысціню роднага горада”, арганізаванай БРСМ з мэтай дабраўпарадкавання могілак, дзе пахаваны вядомыя гродзенцы розных эпох.

Васіль ГЕРАСІМЧЫК,
настаўнік сярэдняй школы № 8 Гродна.