У адмысловых карунках драўляных ліштваў зашыфравана багатая спадчына нашага народа. У гэтым упэўнена настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 1 Карэліч Вольга Іванаўна Маліноўская.
З ромбікамі і трохвугольнікамі, крыжамі і стрэламі, выявамі птушак і жывёл… Рознакаляровыя ліштвы ўсё яшчэ радуюць нас урачыстым выглядам. Але, на жаль, пластыкавыя шклопакеты перамагаюць драўляныя рамы. Здаецца, нічога дрэннага ў гэтым няма, чалавеку ўласціва імкненне да камфортнага жыцця. Аднак разам з драўлянымі вокнамі ў старых дамах нярэдка знікаюць і драўляныя ліштвы — сапраўдныя творы народнага мастацтва.
На гэтую праблему і звярнула ўвагу Вольга Іванаўна Маліноўская. Разам з вучаніцамі Арынай Шавейка і Настассяй Фадзеевай яна вырашыла не толькі даследаваць своеасаблівую мову драўляных карункаў, але і засяродзіць увагу землякоў на важнасці захавання ліштваў.
— У штодзённай мітусні мы часта не заўважаем таго, што побач з намі ёсць казачная прыгажосць драўлянай разьбы. На жаль, гэтая прыгажосць паступова знікае. Неяк з вучнямі мы прагульваліся па Карэлічах і ўбачылі, як на старым драўляным доме ўстанаўлівалі шклопакеты, пры гэтым старыя драўляныя рамы, а таксама ліштвы, валяліся на зямлі. Ад убачанага нам стала крыўдна. Гэта ж частка нашай самабытнасці! Хіба можна яе проста ўзяць і выкінуць? — паведаміла настаўніца.
Так і ўзнікла ідэя правесці краязнаўчае даследаванне “Ліштвы невядомай геаграфіі” (работа неаднаразова адзначалася дыпломамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню). Спачатку вывучаліся ліштвы ў Карэліцкім раёне. Потым геаграфія даследавання пашыралася. Вольга Іванаўна захапіла сваіх родных, калег, вучняў незвычайнай тэмай — якія б мясціны Беларусі яны ні наведвалі, абавязкова рабілі здымкі драўляных ліштваў. Так у Вольгі Іванаўны сабралася даволі вялікая калекцыя з амаль 2 тысяч фотаздымкаў. Ліштвы былі ўважліва вывучаны, класіфікаваны па месцазнаходжанні, выглядзе разьбы, колеры, узросце, складанасці выканання.
Па словах настаўніцы, у населеных пунктах Карэліччыны і суседніх раёнах Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей ліштвы на вокнах простыя, а вось на ўсходзе Беларусі яны больш складаныя і карункавыя, часта з навершамі. Асабліва ў гэтым плане вылучаецца Веткаўскі раён. Ліштвы, як правіла, рабілі праз некалькі гадоў пасля будаўніцтва хаты, таму падчас даследавання было складана вызначыць дакладную дату іх з’яўлення. Большасць людзей, з якімі размаўляла Вольга Іванаўна і яе вучні (члены секцыі “Геаграфія і краязнаўства” школьнага рэсурснага цэнтра), не ўдзялялі асаблівай увагі значэнню сімвалаў і ўзросту ліштваў, не маглі назваць і імя майстра, які іх зрабіў. Большасць ліштваў былі створаны ў пасляваенны час.
Узоры на ліштвах самыя розныя. Выява сонца або кветкі сімвалізуе жыццё. Драўляная птушка — захавальніца часу, якая прыносіць шчасце і поспех гаспадарам. Змяя — сімвал мудрасці і ўрадлівасці. Раслінныя арнаменты падкрэсліваюць адзінства з прыродай, сувязь з зямлёй, сімвалізуюць багацце, здароўе і дабрабыт.
— Нас зацікавіў шэраг пытанняў. Што зашыфравана ў драўляных карунках ліштваў? Якую функцыю яны выконваюць? Што ведаюць гаспадары дома аб ліштвах? Як аказалася, гэтыя ўзоры могуць паведаміць нам шмат цікавага, трэба толькі навучыцца слухаць гэтую незвычайную мову, — адзначыла настаўніца.
Карэліцкія краязнаўцы вызначылі, што пераважаюць ліштвы белага, блакітнага ці сіняга колеру. Большасць зроблена з дошак у тэхніцы прапільнай скразной разьбы, часта — прапільнай накладной разьбы. На вокнах сустракаюцца ліштвы з роўным надваконнікам і самай простай разьбой, а таксама ліштвы з выпілаванай верхняй дошкай, зробленыя па шаблоне мясцовымі майстрамі. Яны мелі рознае значэнне сімвалаў і выконвалі некалькі функцый. Часцей за ўсё сустракаюцца раслінныя ўзоры і простыя геаметрычныя фігуры, радзей — заалагічныя сімвалы. У Карэліцкім раёне на ніжняй частцы ліштваў часта сустракаюцца разныя завушніцы ў выглядзе ручніка, што сведчыць пра гасціннасць гаспадароў.
— Мы заўважылі, што на адным і тым жа доме бываюць розныя ліштвы. Яшчэ адна цікавая дэталь: на паўднёвым усходзе, усходзе і на поўначы Беларусі ліштвы часта могуць быць з аканіцамі, а ў заходніх і цэнтральных раёнах краіны часцей сустракаюцца населеныя пункты, дзе наогул няма аканіц. У нашай мясцовасці дамы з аканіцамі мы бачылі толькі ў вёсцы Беразавец, Тударава і Палужжа, а ў Карэлічах наогул не сустракалі. Аканіцы выконвалі некалькі функцый: зімой абаранялі ад сцюжы, летам — ад гарачага сонца, ратавалі ад пабочных вачэй і проста былі прыгожым элементам дэкору, — паведаміла Вольга Іванаўна.
На думку настаўніцы, важна захаваць унікальныя разныя ліштвы. Але для гэтага трэба прыкласці шмат намаганняў. Вялікі дзякуй людзям, якія захоўваюць аўтэнтычны выгляд сваіх дамоў і, нават калі мяняюць драўляныя рамы на шклопакеты, то не выкідваюць разныя ліштвы, а ўсталёўваюць іх на ранейшае месца. Такім чынам захоўваюцца традыцыі, не перарываецца сувязь пакаленняў.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.