Дружная сям’я БрДТУ

- 10:27Абітурыент, Прафесіяналы, Суразмоўца, Суразмоўца

Чаго можна дасягнуць за два гады?.. З такой думкай я ехала да рэктара вядучага тэхнічнага ўніверсітэта Брэстчыны Аляксандра БАХАНОВІЧА, які ўзначальвае БрДТУ з кастрычніка 2020 года. Аднак пасля нашай сустрэчы пераканалася: нават за такі кароткі тэрмін можна зрабіць амаль немагчымае, было б жаданне і добрая каманда.

Старонкамі гісторыі

За амаль 6 дзесяцігоддзяў існавання БрДТУ прайшоў шлях ад інжынерна-будаўнічага і по­літэхнічнага інстытута да тэхнічнага ўніверсітэта. Тут падрыхтавалі не адну тысячу спецыялістаў у галіне будаўніцтва, архітэктуры, машы­набудавання, электро­нікі, эканомікі і экалогіі.

“9 мая 1963 года ў Крамлі была прынята сумесная пастанова ЦК КПСС i Савета Мiнiстраў СССР аб арганізацыі ў БССР ­Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, а 1 красавіка 1966 года ён быў адкрыты i прыняў першых студэнтаў. Мы звярнуліся ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі, прадставілі ўсе дакументы і запыталіся, ці можам лі­чыць днём заснавання нашай установы менавіта 9 мая 1963 года. Навукоўцы адказалі, што так. Таму, спадзяюся, хутка ў нашым універсітэцкім статуце будуць пазначаны дзве даты: дзень заснавання і дзень адкрыцця”, — расказаў Аляксандр Генадзьевіч.

Абітурыентам на заметку

Першы набор у інжынерна-будаўнічы інстытут склаў больш за 330 чалавек. Зараз ва ўніверсітэце вучыцца каля 6 тысяч студэнтаў: 3,5 тысячы на дзённым аддзяленні і 2,5 тысячы на завочным. 

“Сёння на 5 факультэтах (будаўнічым, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм, машынабудаўнічым і эканамічным) мы рых­туем кадры па 33 спецыяльнасцях І ступені вышэйшай адукацыі і 14 спецыяльнасцях магістратуры, 13 спецыяльнасцях аспірантуры і 3 спецыяльнасцях дактарантуры. А яшчэ ў двух нашых каледжах каля 1000 навучэнцаў авалодва­юць 14 спецыяльнасцямі”, — праінфармаваў рэктар установы.

Летась у БрДТУ адкрылася першая і адзіная сярод універсітэтаў Брэстчыны ваенная кафедра. На ёй тры спецыяльнасці інжынернага профілю: “Баявое прымяненне мотастралковых падраздзяленняў, вайсковых часцей і злучэнняў на баявых машынах пяхоты”, “Бая­вое прымяненне мінамётных падраздзяленняў, вайсковых часцей і злучэнняў” і “Баявое прымяненне падраздзяленняў, вайсковых часцей і злучэнняў, узброеных ракетнымі сістэмамі залпавага агню”. На іх штогод набіраюць каля 200 студэнтаў.

Узровень і якасць адукацыі ў рэгіянальных універсітэтах сёння не саступаюць сталічным, а дзесьці па аснашчэнні і матэрыяльна-тэхнічнай базе нават пераўзыходзяць.

На працягу многіх гадоў БрДТУ застаецца папулярным сярод абітурыентаў. Гэта і нядзіўна, бо ўніверсітэт прапануе ім якасную падрыхтоўку па спецыяльнасцях, запатрабаваных на рынку працы. Іх пералік пастаянна пашыраецца, бо мяняюцца запыты рэальнага сектара эканомікі. Так, за апошнія 5 гадоў былі адкрыты такія спецыяльнасці, як “Архітэктурны дызайн”, “Эканоміка электроннага бізнесу”, “Электронны маркетынг”. А ў гэтым го­дзе па просьбе Дзяржаўнага мытнага камітэта з’явілася і “Мытная справа”.

“Першы набор на спецыяльнасць “Мытная справа” адбудзецца летам 2023 года. Мы плануем набраць 25 чалавек. Брэсцкае аддзяленне мытні падабрала ўжо 20 мэтавікаў, настолькі яны зацікаўлены ў кваліфікаваных спецыялістах. Зразумела, што, паводле новых правіл, мэтавікі будуць здаваць у нас толькі ўнутраны экзамен. Калі ж абітурыенты прый­дуць паступаць на агульных умовах, то ім давя­дзецца здаваць уступныя экзамены па мове (рускай або беларускай), матэматыцы, замежнай мове. Дарэчы, БрДТУ — асноўны каардынатар па правядзенні ЦТ/ЦЭ ў вобласці. І я лічу, што цэнтралізаваны экзамен — гэта лепшы варыянт аб’ектыўна ацаніць школьныя веды”, — праінфармаваў А.Г.Бахановіч.

Пра запатрабаванасць універсітэта сведчыць і той факт, што сёлета ў прыёмнай кампаніі ўдзельнічала ў два разы больш абітурыентаў, чым у мінулым. 

“Сур’ёзна выраслі прахадныя балы і конкурсы практычна па ўсіх спецыяльнасцях. З кожным годам брэсцкія абітурыенты ўсё менш імкнуцца ехаць ва УВА Мінска. Тым больш узровень і якасць адукацыі ў рэгіянальных універсітэтах сёння не саступа­юць сталічным, а дзесьці па аснашчэнні і матэрыяльна-тэхнічнай базе нават пераўзыходзяць, таму прыказка “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” дарэчы. Мы бачым, што ўсё больш моладзі нашага рэгіёна праяўляе зацікаўленасць у атрыманні вышэйшай адукацыі на малой радзіме”, — дадаў рэктар.

Я лічу, што цэнтралізаваны экзамен — гэта лепшы варыянт аб’ектыўна ацаніць школьныя веды.

У гэтым заслуга і добрай праф­арыентацыйнай работы, у час якой абітурыентам расказваецца пра ўзаемадзеянне ўніверсітэта з прадпрыемствамі рэгіёна. Між іншым на восеньскіх канікулах школьнікам прапанавалі па­ўдзельнічаць у акцыі “Канікулы ў БрДТУ”. Пяць дзён яны маглі па­жыць студэнцкім жыццём, а таксама азнаёміцца з інфраструктурай універсітэта, даведацца пра спецыяльнасці, пагаварыць са студэнтамі і выкладчыкамі, наведаць заняткі. Мяркуючы па апытаннях мінулага года, многія абітурыенты выбралі БрДТУ менавіта пасля ўдзелу ў такім мерапрыемстве. Вясной плануецца як правя­дзенне традыцыйнага дня адкрытых дзвярэй, так і паўтарэнне такога фармату.

На хвалі навукі

У БрДТУ вядзецца сур’ёзная навукова-даследчая работа, развіваюцца даследаванні і ствараюцца інавацыі, запатрабаваныя рэальным сектарам эканомікі. У ёй актыўна ўдзельнічаюць як выкладчыкі, так і студэнты, маладыя вучоныя, якіх падтрымліваюць ва ўсім, дапамагаючы і тэхнічна, і маральна, і матэрыяльна.

“У гэтым годзе мы ўвялі сістэму грантавай падтрымкі рэктара: на адну доктарскую і тры кандыдацкія штогод будуць выдзя­ляць сродкі да 50 базавых на кожную. Дарэчы, гэта самая высокая грантавая падтрымка па краіне, — не без гордасці сказаў рэктар. — Патэнтная дзейнасць у нас таксама вельмі добра развіта. За час існавання ўніверсітэта атрымана звыш 1000 патэнтаў, 23 з іх выкладчыкі і студэнты атрымалі ў мінулым годзе. А яшчэ мы адкрылі цэнтр падтрымкі інавацый і тэхналогій, дзе ажыццяўляем кансалтынгавыя паслугі для ўсіх жадаючых”.

Ва ўніверсітэце працуюць амаль 940 чалавек, з іх 334 выкладчыкі. Вучоныя ступені і званні ма­юць звыш 40% выкладчыкаў, сярэдні ўзрост якіх складае 48 гадоў. 

За апошнія 2 гады ў БрДТУ адкрыты:

— савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый;
— цэнтр падтрымкі інавацый і тэхналогій;
— галіновыя лабараторыі “Сістэмы ідэнтыфікацыі і прамысловая робататэхніка” і “Навукова-даследчы цэнтр інавацый у будаўніцтве”;
— ваенная кафедра;
— спецыяльнасць “Мытная справа”;
— грантавая падтрымка вучоных універсітэта.

“У канцы 2021 года мы правялі сур’ёзны аналіз і склалі мэтавую праграму на пяцігодку па падрыхтоўцы і абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Калі ўсё атрымаецца, то хутка будзе 12 новых дактароў і 71 кандыдат навук. Дарэчы, у 2020 го­дзе мы адкрылі савет па абаро­не доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Па тэхнічных спецыяльнасцях толькі ў 9 універсітэтах краіны ёсць доктарскія саветы”, — адзначыў Аляксандр Генадзьевіч.

Універсітэт выдае свой навуковы часопіс “Веснік БрДТУ”. 

“Мы адны з першых пацвер­дзілі статус навуковага часопіса, які ўваходзіць у пералік выданняў ВАК, рэкамендаваных для публікацый вынікаў дысертацыйных даследаванняў. Ён уключаны ў расійскі індэкс навуковага цытавання, а летам яго дадалі ў Index Copernicus — базу ICI Journals Master List. Сёння стаіць чарга на размяшчанне артыкулаў у нашым часопісе. Ён выходзіць тры разы ў год, адзін нумар цалкам на англійскай мове”, — акцэнтаваў увагу А.Г.Бахановіч.

БрДТУ — адзін з заснавальнікаў Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка. Яго стартавай пляцоўкай бізнес-ідэй выступае “Кластар робататэхнікі, штучных нейронных сетак і лічбавага мадэлявання”, які выступае сувязным звяном паміж навукова-адукацыйным працэ­сам універсітэта і вытворчасцю. У рамках кластара летась былі створаны дзве галіновыя лабараторыі, максімальна інтэграваныя ў вытворчасць: “Сістэмы ідэнтыфікацыі і прамысловая робататэхніка” (сумесна з Міністэрствам па падатках і зборах) і “Навукова-даследчы цэнтр інавацый у будаўніцтве” (разам з Міністэрствам будаў­ніцтва і архітэктуры).

Да таго ж БрДТУ выступае галоўнай арганізацыяй — выканаўцай рэгіянальнай навукова-тэхнічнай праграмы “Інавацыйнае развіццё Брэсцкай вобласці”. І, напэўна, няма на Брэстчыне арганізацыі, якая не звярталася б па дапамогу да ўніверсітэцкіх вучоных.

“Мы супрацоўнічаем з 40 прадпрыемствамі вобласці, заключаны больш як 10 гаспадарчых дагавораў у галіне машынабудавання, вытворчасці прадуктаў харчавання і маркіроўкі тавараў, — канстатаваў Аляксандр Генадзь­евіч. — Брэстчына сёння — жытніца, у сувязі з гэтым пры актыўнай дапамозе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, вучоных НАН і вядучых універсітэтаў краіны мы ператвараем навукова-даследчую лабараторыю “Лічбавы інжынірынг аграпрамысловага комплексу” ў галіновую лабараторыю “Дакладнае земляробства і лічбавая аграномія”. Мы будзем ра­біць алічбоўку палёў па іх рэльефе і разлічваць аптымальную колькасць угнаенняў, неабходных для павышэння ўраджайнасці”.

Курс на кааперацыю

Высока цэніцца якасць адукацыі БрДТУ і за мяжой. Сёлета Міністэрства адукацыі КНР зарэгістравала праграму падрыхтоўкі студэнтаў на І ступені вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Тэхналогія машынабудавання”. Навучанне будзе праходзіць у вочным фармаце ў Сіньсянскім універсітэце па матэрыялах БрДТУ. Выпускнікі, якія паспяхова скончаць навучанне, атрымаюць дакументы аб адукацыі дзяржаўнага ўзору Кітая і Беларусі.

Увогуле, міжнародная дзейнасць універсітэта даволі актыўная і ажыццяўляецца ў сферы навукова-тэхнічнага і праектнага супрацоўніцтва з рознымі дзяржавамі. 

“Сёння мы маем дагаворы аб супрацоўніцтве са 160 універсітэтамі з 33 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Сумесныя адукацыйныя праграмы маем з Хух-Хатоскім прафесійным інстытутам, Універсітэтам Каруньі, Казахскім нацыянальным аграрным даследчым універсітэтам. Высокі рэйтынг універсітэта прыцягвае замежных навучэнцаў і ў Брэст, таму зараз у нас, акрамя беларусаў, атрымліваюць вышэйшую адукацыю 350 студэнтаў з 23 краін. А ўвогуле за ўсю гісторыю ўніверсітэта ў ім былі пад­рыхтаваны больш за тысячу спе­цыялістаў для 35 дзяржаў”, — праінфармаваў А.Г.Бахановіч.

У жыцці тэхнароў абавязкова павінны быць гуманітарны, творчы і спартыўны складнікі, бо толькі так можна атрымаць не “сухога” спецыяліста, а ўсебакова і гарманічна развітую асобу.

Па яго словах, своеасаблівым пастулатам універсітэта з’яўляюцца словы Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі: “Адукацыя — гэта не сфера паслуг, не бізнес, а апора нашай дзяржаўнасці, сацыяльна значная галіна эканомікі”. Таму і місія БрДТУ, якую прынялі ў 2021 годзе, гучыць так: прымнажэнне і распаўсюджванне навукова-ін­тэлектуальных, духоўна-маральных, культурных каштоў­насцей і нацыянальных традыцый для фарміравання прафесійных кампетэнцый спецыялістаў і гарманічнага развіцця асобы.

“Толькі сваімі сіламі выра­шыць усе пастаўленыя задачы складана, таму мы трымае курс на кааперацыю. З вядучымі УВА краіны падпісаны шматлікія пагадненні аб супрацоўніцтве. Так, з БДУІР мы сумесна працуем на базе холдынга “Інтэграл” па штучным інтэ­лекце. З Полацкім універсітэтам наладзілі сеткавую форму ўзаемадзеяння. Дзякуючы ёй, студэнты абедзвюх устаноў пабачылі, што ў кожным універсітэце існуюць свае асаблівасці, тэхнікі і методыкі выкладання. Такі абмен вопытам і ведамі вельмі важны як для прафесійнага, так і для асобаснага росту. Сябруем мы і з БДУКМ, у нас 11 творчых калектываў, і з БДУФК, бо маем 15 спартыўных каманд. Я лічу, што і ў жыцці тэхнароў абавязкова павінны быць гуманітарны, творчы і спартыўны складнікі, бо толькі так можна атрымаць не “сухога” спецыяліста, а ўсебакова і гарманічна развітую асобу. Увогуле, выхаванне нават больш важнае чым навучанне, бо веды павінны быць нанізаны на каркас чалавека, які складаецца з такіх каштоўнасцей, як патрыя­тызм і адданасць сваёй Радзіме”, — падзяліўся меркаваннем рэктар.

Два гады рэктарства

Аляксандр Генадзьевіч Бахановіч чвэрць стагоддзя прысвяціў БНТУ, там ён прайшоў доўгі шлях прафесійнага станаўлення ад аспіранта да прарэктара. Аднак менавіта ў Брэсцкім універсітэце ён змог рэалізаваць тое, чаму яго навучылі за ўсе папярэднія гады.

“Ведаеце, БНТУ для мяне як маці, бо там я дасягнуў вельмі многага, а вось БрДТУ як дзіця, якое я выпесціў, таму ён займае асаблівае месца ў маім сэрцы і думках. У мяне нядаўна спыталі: якое ваша асноўнае дасягненне як рэктара. Мой адказ — людзі БрДТУ, якія паверылі ў сябе і перасталі баяцца ставіць перад сабой на першы погляд недасягальныя мэты. Гэтым мы заразілі і нашых студэнтаў, якія ледзь не штодзень прыязджаюць з усё новымі і новымі перамогамі і тым самым даказваюць, што яны годныя ўдзельнікі нашай вялікай дружнай сям’і, якая завецца БрДТУ”, — акцэнтаваў увагу рэктар.

Ён з гордасцю паведаміў, што ні адзін універсітэт краіны не дасягаў за адзін год такіх вынікаў, як БрДТУ: “Мы асабліва ганарымся тым, што наш універсітэт занесены на рэспубліканскую Дошку гонару пераможцаў спаборніцтва за 2021 год. БрДТУ прысуджана прэмія ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, мы сталі лаўрэатамі прэміі аблвыканкама і трапілі на Дошку гонару Брэсцкай вобласці”.

На заканчэнне нашай размовы Аляксандр Генадзьевіч прызнаўся, што як бы ні склаўся яго далейшы прафесійны шлях, БрДТУ назаўсёды застанецца прадметам яго ўвагі і клопату. 

“Я вельмі хачу, каб нашы дасягненні мелі працяг, каб нашы выкладчыкі і студэнты ставілі перад сабой новыя мэты і адкрывалі новыя гарызонты. Бо за апошнія два гады кожны з іх пераканаўся: хоць мы і рэгіянальны ўніверсітэт, аднак і ў ім можна рабіць вялікія справы”, — рэзюмаваў рэктар БрДТУ.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.