Духоўна-пазнавальны дзень «Святло праваслаўнай культуры» прайшоў у школах Салігорскага раёна

- 14:40Духовность и патриотизм, Новости

Духоўна­-пазнавальны дзень “Святло праваслаўнай культуры” прайшоў у Краснадворскай і Крывіцкай сярэдніх школах Салігорскага раёна.

У пачатку гэтага дня іерэй Канстанцін Дарашэвіч правёў для вучняў нашай школы гісторыка-праваслаўную гадзіну “Жывое слова — люстэрка душы”. Ён пад­рыхтаваў зборнік кніг па духоўным выхаванні ў сям’і, а таксама азнаё­міў дзяцей з праваслаўнай літаратурай, расказаў пра гісторыю Спаса-Праабражэнскай царквы, якая згарэла ад удару маланкі ў 1861 го­дзе. На працягу многіх гадоў царква неаднара­зова рэканструявалася, і цяпер гэта прыгожы храм Праабражэння Гасподняга, якому 11 студзеня споўнілася 30 гадоў.

Духоўна-пазнавальны дзень працягнуўся ў музеі гісторыі Слуцкай епархіі пры прыходзе храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Чыжэвічы. Вучні дзвюх школ азнаёміліся з гісторыяй царквы, узведзенай у 1795 годзе, даведа­ліся аб яе рэканструкцыях, населеных пунктах, якія ўваходзі­лі ў склад прыхода, аб тым, што будынак з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства рэспубліканскага значэння. Прыцягнуў увагу дзяцей і той факт, што царква пафарбавана ў блакітны колер, за што атрымала прыгожую назву “Блакітная жамчужына Салігоршчыны”.

Музей Слуцкай епархіі, створаны ў 2015 годзе, размешчаны ў сценах духоўна-асветніцкага цэнтра Пакроўскага прыхода з мност­вам каштоўных экспанатаў розных гістарычных перыядаў. Пры царкве працуе нядзельная школа, у якой вучыцца каля 70 хлоп­чыкаў і дзяўчынак. Званар Свята-Пакроўскага храма Ігар Цемчын падзяліўся сваім майстэрствам звону, пры гэтым адзначыўшы, што не лічыць сваю службу прафесіяй, таму што для яго гэты стан душы.

Дырэктар нядзельнай школы Галіна Цемчына азнаёміла з багатай калекцыяй — старадрукаванымі кнігамі духоўна-царкоўнага зместу, самым старым з якіх больш за 200 гадоў, богаслужбовым начыннем, антымінсамі, некаторыя з якіх датуюцца XVII стагоддзем. Яна адзначыла, што адно з Евангелляў (адрэстаўраванае выданне 1854 года) ва­жыць 16 кілаграмаў. Акрамя кніг, дырэктар нядзельнай школы прадставіла старажытныя іконы, выкананыя майстрамі беларускай школы, расказала пра гісторыю іх стварэння.

Велізарную ўвагу Галіна Пят­роўна ўдзяліла экспазіцыям музея, адна з якіх прысвечана мітрапаліту Філарэту, з асаблівай цеплынёй і павагай расказала пра дзень нараджэння ўладыкі, якога можна смела назваць чалавекам-эпохай, пра яго неацэнны ўклад у духоўнае станаўленне беларус­кага грамадства, вялікія заслугі перад краінай. Яна акцэнтавала ўвагу на ўзнагародах, уборах, партрэтах і аўтографе, прадстаўленых у экспазіцыі. Галіна і Ігар Цемчыны расказалі таксама аб жыцці і дзейнасці нашага земляка настая­целя Іаана Панкратовіча, прылічанага да ліку святых. Яму таксама прысвечана асобная экспазіцыя ў музеі.

Жывое слова духоўнай мудрасці, пачутае вучнямі падчас экскурсіі, надоўга застанецца ў іх памяці.

Святлана КЛІШЭВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Краснадворскай сярэдняй школы Салігорскага раёна
Фота аўтара