Духоўная скарбніца

- 11:06Выхаванне, Выхаваўчая работа

У гімназіі № 7 Віцебска, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Пятра Ягоравіча Кандраценкі, дзейнічае музей сям’і, адкрыты ў 2001 го­дзе. Кіруе ім настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Іванаўна Шаруба.

– Музей уключае ў сябе тры залы: “Свет прафесій”, зала сямейнай славы і зала баявой славы. У апошняй ёсць перасовачныя экспазіцыі “Музей у чамадане”, “Баявы шлях Пятра Васільевіча Цурбанава”, “Баявы шлях Пятра Ягоравіча Кандраценкі”. Таксама ў гімназіі размешчаны музейны комплекс пад адкрытым небам “Вялікая Перамога — гор­дасць пакаленняў”, заснаваны да 75-годдзя Перамогі. Унікальнасць музея ў тым, што сабраныя матэрыялы датычацца сем’яў навучэнцаў гімназіі, жыхароў мікрараёна. Уся наяўная інфармацыя і экспанаты маюць вялікі адукацыйны патэнцыял, эмацыянальна ўздзейнічаюць на асобу, выклікаючы пачуццё датычнасці да падзей і лёсаў блізкіх людзей. У гімназіі навучалася не адно пакаленне, і прадстаўнікі кожнага з іх могуць ганарыцца тым, што гісторыя іх сям’і захавана ў школьным музеі, — расказвае Святлана Іванаўна.

У абавязкі кіраўніка ўвахо­дзіць ажыццяўленне арганізацыйна-дакументальнай і праектнай дзейнасці, распрацоўка канцэпцыі развіцця і плана работы музея, праграм для падрыхтоўкі музейнага актыву, арганізацыя фондавай, пошукава-збіральніцкай работы, стацыянарных, перасовачных выстаў, прапаганда матэрыялаў праз экскурсійную і даследчую дзейнасць, правя­дзен­не дыялогавых пляцовак, рэалізацыя праектаў, удзел у раённых і абласных мерапрыемствах.

Ля вытокаў заснавання музея стаяў калектыў аднадумцаў на чале з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Марынай Лельеўнай Траецкай.

— Вучні гімназіі прымаюць пасільны ўдзел у зборы экспанатаў. Напрыклад, сям’я навучэнца Данііла Чуманевіча перадала асабістыя рэчы Пятра Васільевіча Цурбанава. Гэта паспрыяла арганізацыі перасовачнай экспазіцыі “Музей у чамадане”, — адзначае педагог. 

Імя Пятра Васільевіча Цурбанава носіць піянерская дружына гімназіі. 

— А па архіўных матэрыя­лах сям’і Ніны Мікалаеўны Здор была напісана работа для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі “Жанчыны ў гісторыі роднага краю”. Матэрыял аб Ніне Здор знахо­дзіцца ў нашай экспазіцыі. Шмат што сабрана школьнікамі і іх баць­камі для залы сямейнай славы, — дадае Святлана Шаруба.

У найбліжэйшы час у музеі сям’і плануецца абнаўленне залы “Свет прафесій” і залы сямейнай славы. Таксама кіраўнік з дзецьмі працягнуць даследчую дзейнасць на тэмы “Мемарыялы памяці юных герояў Віцебшчыны” і “Старонкі біяграфіі Пятра Ягоравіча Кандраценкі”.

Музей сям’і створаны для таго, каб больш даведацца пра гісторыю роднага краю, жыццё лю­дзей і атрымаць адказы на пытанні, якія ціка­вяць.

— Як кіраўнік магу адзна­чыць, што наш музей з’яўляецца інтэрактыўнай пляцоўкай не толькі для навучэнцаў, але і для жыхароў мікрараёна, што асабліва актуальна ў Год гістарычнай памяці. Музей валодае велізарным адукацыйным, творчым, даследчым патэнцыялам, спрыяе фарміраванню талерантнасці і грамадзянскіх кампетэнцый, актыўнай жыццёвай пазіцыі, захаванню і перадачы з пакалення ў пакаленне духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, далучае да нацыянальнай і сусветнай культуры, — сказала педагог. 

Сама гімназія прымае актыўны ўдзел у рэалізацыі такіх праектаў, як “Сувязь пакаленняў”, “Віртуальны музей”, “Кніга сямейнай памяці Першамайскага раёна Віцебска”, “Салдаты Перамогі”.

Я — частка гісторыі

Навучэнцы расказалі, якімі цікавымі праектамі яны займаюцца.

– Мне падабаецца прымаць непасрэдны ўдзел у даследчай дзейнасці. Я вывучыла і сабрала матэрыял на тэму “Пасляваеннае дзяцінства ў СССР: на прыкла­дзе Віцебшчыны”. Таксама створана прэзентацыя, якую можна выкарыстоўваць на класных гадзінах, уроках мужнасці, пры асвятленні экспазіцыі музея “Дзяцінства, апаленае вайной”. Яшчэ я член савета музея нашай гімназіі і ўдзель­нічаю ў рабоце валанцёрскага атрада. У раённым конкурсе работ даследчага характару атрымала дыпломам I ступені. А нядаўна пачала працаваць над тэмай “Мемарыялы памяці юных герояў Віцебшчыны” і прыняла ўдзел у праекце “Сувязь пакаленняў”. Я ўдзячна майму педагогу і кіраўніку музея Святлане Іванаўне за далучэнне да работы савета музея, даследчай дзейнасці і магчы­масць дакрануцца да гістарычнага мінулага. Яна сфарміравала ў нас, вучняў, пачуццё гордасці за краіну, народ, тых прадстаўнікоў сваёй сям’і, хто ваяваў, падымаў краіну з руін і попелу, хто сёння ўносіць уклад у дабрабыт Беларусі, — дзеліцца вучаніца 11 “Б” класа Марыя Лабзова.

— Я ўдзельніца гуртка “Юны экскурсавод” і творчага даследчага праекта “Беларусь памятае”. Для даследавання я збірала інфармацыю пра родных, якія ўдзель­нічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вядома ж, уся сям’я далучылася да гэтага праекта, бо нам захацелася расказаць аб сваяках. Дарэчы, сярод іх ёсць Герой Савецкага Саюза — мой прадзед Аляксандр Васільевіч Іваноў. Ён камандаваў аддзяленнем разведчыкаў. І 26 чэрвеня 1944 года, калі вой­скі 2-га Беларускага фронту падышлі да берагоў Дняпра ў раёне Магілёва, яго аддзяленню было даручана выведаць сістэму варожых умацаванняў на супрацьлеглым беразе ракі. Разведчыкі не толькі выдатна справіліся з пастаўленай задачай, але і пад камандаваннем камандзіра батальёна першымі кінуліся ў атаку. Яны адбілі націск праціўнікаў і ўварваліся ў вёску Буйнічы. За праяўленую муж­насць і гераізм малодшаму сяржанту Аляксандру Васільевічу Іванову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.

У нашым музеі ў зале баявой славы вісіць стэнд “З адвагай у сэрцы”, прысвечаны подзвігу майго прадзеда. Я ганаруся тым, што магу расказаць наведвальнікам музея аб жыцці і подзвігах майго прадзеда. Мая сям’я перадала ў фонд музея сям’і асабістыя рэчы Аляксанд­ра Іванова. На базе музея праводзіцца шмат мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Вядома ж, я як экскурсавод з’яўляюся іх удзельнікам. У гэтым навучальным го­дзе мы праводзілі раённае ўганараванне маладых грамадзян нашай краіны ў рамках акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі”, экскурсіі для наведвальнікаў музея, выязную экскурсію “Музей у чамадане” для ўдзельнікаў цягніка Памяці.

У наступным навучальным годзе ра­зам з кіраўніком нашага музея мы плануем запусціць праект “Віртуальны музей”. Думаю, атрымаецца цікава. Я б хацела паўдзельнічаць у такім праекце. Мы з сястрой, вучаніцы гімназіі № 7 Віцебска імя П.Я.Кандраценкі, і мая мама, былая выпускніца гімназіі, удзячныя педагогам не толькі за трывалыя веды, але і за прадастаўленую магчымасць расказаць як мага большай колькасці людзей гісторыю нашага роду, пра майго выдатнага пра­дзе­да, пра тое, што трэба памятаць і ніколі не забываць! — адзначае вучаніца 6 “Д” класа Вера Гусева.

Настасся ЧАРКАНАВА.