Мы любім навагоднія святы за тое, што яны дораць нам асаблівы настрой і непаўторную атмасферу. Але галоўнае — гэта магчымасць адчуць цеплыню чалавечых сэрцаў, а таксама агарнуць дабрынёй і любоўю іншых. У гэтыя чароўныя дні выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі дарылі сваю творчасць і ўвагу жыхарам гарадскога дома-інтэрната “Світанак”.
Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы “Світанак” адкрыўся ў 2010 годзе ў пасёлку Траскоўшчына Мінскага раёна. Сёння тут 87 жыхароў — гэта людзі, якія сваімі подзвігамі і шчырай працай стваралі гісторыю і дабрабыт нашай краіны. Сярод іх нават ёсць ветэран, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які 3 ліпеня 1944 года адным з першых уехаў на танку ў Мінск падчас вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойныя людзі тут жывуць у годных умовах, ім прадастаўляецца жыллё, харчаванне, медыцынскае абслугоўванне.
— Жыхары дома-інтэрната добра забяспечваюцца дзяржавай, — расказвае Алена Міхайлаўна Варывончык, дырэктар дома-інтэрната “Світанак”, — але, акрамя матэрыяльных рэчаў штодзённага камфорту, ім патрэбны ўвага, клопат, дабрыня і пазітыўныя эмоцыі. Таму яны вельмі рады гасцям і асабліва дзецям.
І сапраўды шчырай радасцю была напоўнена зала, дзе сабраліся ветэраны для сустрэчы з юнымі гасцямі. Выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выступалі тут упершыню і адчувалі вялікую адказнасць.
— Гэта будзе самае душэўнае выступленне, па-дамашняму цёплае. І я рада, што магу павіншаваць са святамі людзей, якія так многа для нас зрабілі, нашых ветэранаў, — гаворыць Ліза Акуліч, выхаванка НЦМТДіМ.
Сваю творчасць ветэранам дарылі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Дзіця свету”, харэаграфічны ансамбль “Смайлікі”, ансамбль сучаснай харэаграфіі “Натхненне”, выхаванцы аддзялення эстраднага вакалу і тэатра юнацкай творчасці. Праграма атрымалася разнастайнай, а завяршылі яе віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі, у ролі якіх выступілі супрацоўнікі НЦМТДіМ.
— Мне вельмі спадабалася, я люблю канцэрты, творчыя выступленні, сама некалі выступала ў самадзейных калектывах, — дзеліцца ўражаннямі Галіна Рыгораўна Жыранчук, жыхарка дома-інтэрната. — А выступленні дзяцей люблю больш за іншыя, бо яны асаблівыя, шчырыя. Мы ўсе вельмі ўдзячны, што дзеці зрабілі нам такі падарунак, і што наогул не забываюць нас.
Педагогі НЦМТДіМ адзначаюць, што такія мерапрыемствы — гэта не проста добрая справа, але і выхаваўчая работа. Дзеці вучацца павазе да старэйшых, разумеюць значнасць дабрачыннасці і каштоўнасць добразычлівых чалавечых зносін. Верагодна, гэтая навагодняя акцыя стане пачаткам узаемадзеяння паміж домам-інтэрнатам “Світанак” і НЦМТДіМ, аб наступнай сустрэчы, 23 лютага, дзеці з ветэранамі ўжо дамовіліся.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.