Душэўнае цяпло, прафесіяналізм

- 9:18Авторские колонки, Мнение

Ігар ГРЭЧКА

 

 

 

 

 

 

Шчаслівы той мужчына, які працуе ў жаночым калектыве…

Cакавіцкае надвор’е надзвычай зменлівае. Што будзе заўтра (снег, дождж, сонца, моцны вецер або ўсё адразу), спрагназаваць складана. Аднак з упэўненасцю можна сказаць: 8 сакавіка на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак чакаецца рэзкае павелічэнне колькасці мужчын з букетамі кветак. Ружы, мімозы і, канечне, цюльпаны дабавяць у шэрыя колеры ранняй вясны яркія фарбы, а ў жаночыя сэрцы — цеплыню і пяшчоту. Бо што трэба жанчыне для простага шчасця? Мужчынская ўвага і клопат!

Калектыў “Настаўніцкай газеты” пераважна жаночы. Невыпадкова маё прафесійнае станаўленне (як і прафесійнае станаўленне большасці мужчын-педагогаў) праходзіла сярод жанчын. Добра помню іх парады пра тое, як размаўляць з аўтарамі, як браць інтэрв’ю, як паводзіць сябе ў камандзіроўках, нарэшце, як пісаць тэксты, каб іх з цікавасцю чыталі. За гэта вялікі дзякуй маім больш вопытным калегам і ў першую чаргу нашаму старэйшаму супрацоўніку Але Мікалаеўне Клюйко.

Прафесіяналізм журналістаў у многім залежыць ад прафесіяналізму кіраўніка. Вельмі важна, што галоўны рэдактар ­Кацярына Эдуардаўна Дубінская на ўласным прыкладзе паказвае калегам, што журналістыка — гэта не проста прафесія, гэта лад жыцця. Гэта пастаянныя каман­дзіроўкі, сустрэчы з людзьмі, гэта неабыякавасць да любой справы, за якую бярэшся, гэта, нарэш­це, неабыякавасць да жыцця.

На нашым мужчынскім прафесійным шляху сустракаюцца розныя жанчыны. Кожная са сваім характарам, інтарэсамі, поглядам на жыццё, адметным унутраным светам. Кожная з іх непаўторная, але ўсіх беларускіх жанчын аб’ядноўвае адно вельмі важнае слова — неабыякавасць. Ім неабыякавы лёс сваёй краіны, сям’і, родных; неабыякава, што адбываецца на рабоце, як складваюцца адносіны з калегамі. Ініцыятыўныя, у пастаянным творчым пошуку, яны не лічацца ні з часам, ні з цяжкасцямі прафесіі. І як пры такім рытме жыцця журналісткі, настаўніцы знахо­дзяць час на сям’ю, хобі, а яшчэ час быць прыгожымі? Для нас, мужчын, гэта таямніца.

Працуючы ў жаночым калектыве, мужчына часта становіцца міжвольным сведкам размоў на розныя бытавыя тэмы. Хтосьці лічыць гэта мінусам. У мяне іншае меркаванне. Шмат цікавага і карыснага можна пачарпнуць з гэтых размоў, напрыклад, як выхоўваць дзяцей, якія ўзроставыя праблемы сыноў і дачок чакаюць бацькоў і як спраўляцца з гэтымі праблемамі, у якія гурткі лепш запісаць сваё дзіця, да якога доктара сха­дзіць на прыём. Але самае галоўнае, падчас гэтых размоў даведваешся, што хвалюе жанчын, і, адпаведна, ведаеш, як паводзіць сябе з імі ў той ці іншай сітуацыі. Як бачым, плюсоў работы ў жаночым калектыве шмат.

З надыходзячым святам, дарагія жанчыны! Няхай ваша жыццё будзе напоўнена душэўнай цеплынёй і шчырымі ўсмешкамі, а побач з асабістым шчасцем будуць прафесійныя поспехі. І няхай сярод вашых калег усё ж такі будзе больш мужчын!