Два прадстаўнікі сферы адукацыі сталі пераможцамі конкурсу «Мінскі майстар

- 11:13Новости

Традыцыйна напярэдадні Дня горада ў сталіцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар». У сферы адукацыі ганаровага звання ўдастоены дырэктар гімназіі № 4 Мінска Андрэй Гоцман і загадчыца дзіцячага сада № 250 Аксана Кульніс, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

На думку Андрэя Гоцмана, любы конкурс — гэта магчымасць паказаць свае моцныя бакі. Удзел у спаборніцтве «Лідар сталічнай адукацыі», які і прадвызначыў перамогу ў «Мінскім майстры», стымуляваў калектыў гімназіі аб’яднацца і ісці разам да перамогі. «Калі ты адчуваеш, што цябе падтрымліваюць, калі людзі адчуваюць, што ты іх падтрымліваеш, тады і дасягаюцца любыя вышыні», — мяркуе Андрэй Міхайлавіч.

Дырэктар гаворыць, што стаць педагогам яму было наканавана лёсам:

«Школа Беразіно, у якой я вучыўся, стала педагагічнай гімназіяй. Гэта і вызначыла мой прафесійны выбар. Гімназія заклала стараннасць да вучобы і павагу да людзей, адказнасць да любой справы і цікавасць да навук. Маё крэда — жыць так, каб з радасцю прыходзіць на работу і з такім жа добрым настроем вяртацца дадому. Лічу, што дырэктар установы адукацыі, нягледзячы на адміністрацыйную работу, абавязкова павінен праводзіць урокі, каб адчуваць, чым дыхаюць настаўніцкі і вучнёўскі калектывы. Кожны год дзеці чымсьці адрозніваюцца: у іх новыя інтарэсы, героі, гульні. Ты знаходзішся побач з імі і разумееш іх, а яны — цябе».

Аксана Кульніс у прафесіі з 18 гадоў. Пачынала з памочніка выхавальніка, потым працавала выхавальнікам, і ўжо 12 гадоў кіруе дзіцячым садам, у якім ведае літаральна ўсё да кожнай цаглінкі.

Перапаўняе пачуццё радасці і гордасці за такую ўзнагароду, — падзялілася сваімі ўражаннямі Аксана Анатольеўна. — Конкурс паказаў, што няма нічога немагчымага, трэба толькі захацець. Варта ставіць перад сабой новыя задачы — і ты абавязкова іх дасягнеш. А ўсе дасягненні — гэта дасягненні каманды аднадумцаў, прафесіяналаў, якіх аб’ядноўвае бясконцая адданасць сваёй справе, прафесіі.

«Мінскі майстар» праводзіцца Мінскім гарадскім аб’яднаннем прафсаюзаў сумесна з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам на працягу ўжо 20 гадоў. Мэта конкурсу — выяўленне таленавітых работнікаў, павышэнне іх прафесійнага ўзроўню і кваліфікацыі, развіццё творчай ініцыятывы і наватарства, абагульненне, распаўсюджванне лепшага вопыту працоўных калектываў. Сёлета ў адборачных этапах прынялі ўдзел больш за 1500 чалавек з розных арганізацый і прадпрыемстваў горада, пераможцамі сталі 39. Сярод узнагароджаных — 11 работнікаў ва ўзросце да 31 года.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі ўрачыстасці