Яна дыхае ў рытме калектыву, а іншы раз і за ўвесь калектыў, прычым як вучнёўскі, так і педагагічны. Сапраўды, цэласны калектыў сталічнай гімназіі № 15 даўно працуе зладжана і вынікова. І Іна Васільеўна Бяляк, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, падчас нашай размовы практычна ні разу не сказала “я”. Ад яе можна было пачуць толькі “мы” або “ў нас”.
Іна Васільеўна — выдатнік адукацыі, мае падзяку прэзідэнта нашай краіны, а ў педагогіку яна прыйшла ў 1979 годзе, калі, скончыўшы тэхналагічны тэхнікум, стала працаваць майстрам вытворчага навучання на вучэбна-вытворчым камбінаце. Яго дырэктарам быў знакаміты ў тыя часы Васіль Васільевіч Звераў (удзельнічаў у аперацыі “Нармандыя-Нёман”). Менавіта з яго лёгкай рукі Іна Васільеўна стала педагогам.
Прадмет “Цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка”, які выкладала мая суразмоўніца, тады быў вельмі папулярным. Але праз год яна паступіла на філалагічны факультэт БДУ, адкрыўшы новую старонку ў сваёй педагагічнай дзейнасці.
— З чацвёртага курса пачала працаваць у школе спачатку піянерважатай, затым была настаўніцай, а потым стала намеснікам дырэктара. Але па сваёй сутнасці засталася настаўніцай. Першы вопыт работы настаўніцай, класным кіраўніком, калі спазнаеш дзяцей, іх свет, калі ідзе ўзаемадзеянне з бацькамі, якія давяраюць табе самае дарагое ў жыцці і разлічваюць на дапамогу, стаў для мяне самай вялікай школай. Маім першым выпускнікам практычна па 40 гадоў. Выпускнікамі гімназіі з’яўляюцца ўжо іх дзеці, — адзначыла Іна Васільеўна.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.





