Дыктоўка па-беларуску ў БДЭУ: гэта магчымасць адчуць гонар за прыгожае роднае слова

- 17:45Репортаж

Агульнаўніверсітэцкая дыктоўка па беларускай мове адбылася 21 лютага ў БДЭУ, паведаміла карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У Дзень роднай мовы, 21 лютага, кафедра беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта запрасіла студэнтаў, выкладчыкаў і іншых супрацоўнікаў установы адукацыі на агульнаўніверсітэцкую дыктоўку.

У вялікай аўдыторыі для ўсіх, хто адважыўся паспрабаваць сябе ў беларускай граматыцы, тэкст дыктоўкі прачытала знакамітая пісьменніца і паэтка Людміла Рублеўская: аўтар мноства раманаў і апавяданняў, у тым ліку знаёмай многім серыі прыгодніцкай прозы, беларускага фэнтэзі «Авантуры Пранціша Вырвіча».

Усяго прыняць удзел у акцыі выказалі жаданне каля 200 чалавек. Для дарослай аўдыторыі гэта стала добрай магчымасцю зноў адчуць сябе навучэнцамі. У якасці тэксту для дыктоўкі, які трымаўся ў сакрэце да апошняга моманту, выступілі выбраныя месцы з твораў выдатнага беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага. І гэта не выпадковасць — 18 лютага быў 130-ты дзень нараджэння творцы. Перад стартам дыктоўкі адбылося выступленне творчых калектываў факультэта, у тым ліку студэнтаў з Кітая, якія выканалі песні і вершы на беларускай мове. Прыемна было чуць родную мову і ў гутарцы студэнтаў, якія сабраліся ў аўдыторыі, — гэта сведчыць, што слова наша жывое, моладзь ім карыстаецца.

Тэкст, на наш погляд, быў няпростым, са складанай аўтарскай пунктуацыяй у некаторых месцах. Але, па словах Людмілы Рублеўскай, дыктоўка — гэта не проста нейкі тэст на пісьменнасць, а магчымасць стаць бліжэй да роднай літаратуры, адчуць гонар за прыгожае беларускае слова.

Мне прыемна, што ўрывак быў выбраны менавіта з твораў Гарэцкага — выдатнага беларускага стыліста, на прыкладзе мовы якога можна ўбачыць усё багацце нашага слова, Яго меладычнасць, напеўнасць, філасофскую напоўненасць. У дыктоўцы нават ёсць словы, якія некаторыя, магчыма, пачуюць у першы раз, — адзначыла Людміла Іванаўна. — Я заўсёды выступаю за тое, каб вяртаць у нашу мову аўтэнтычныя беларускія словы. Напярэдадні гэтай імпрэзы я якраз гутарыла з дырэктарам філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігарам Капыловым, і мы сышліся ў меркаванні, што беларуская мова ўвесь час змяняецца — з’яўляецца новая лексіка, выразы. Дарэчы, калісьці я сама пісала такую дыктоўку. Магу сказаць, што і ў мяне без невялікіх памылак не абышлося, нягледзячы на тое, што я з дзяцінства вельмі шмат чытаю. Але важна не тое, зробіш ты памылку ці не, а тое, ці адчуеш асалоду ад працэсу.

Адразу пасля дыктоўкі кожны змог сам сябе праверыць, ацаніць узровень валодання родным словам. Ва ўніверсітэце лічаць, што менавіта праз пазнанне мовы студэнт больш дасканала разумее культуру і гісторыю сваёй краіны.

Для мяне самае складанае — выкарыстанне вялікай літары, — кажа студэнтка першага курса факультэта міжнародных эканамічных адносін Паліна Пінчук.

А мяне больш хвалююць падвоеныя зычныя, — дадае яе аднакурсніца Паліна Куляшова. — На ЦТ я здавала рускую мову, а зараз пагляджу, які мой узровень у беларускай. Дарэчы, эканамісту яна таксама неабходна — для розных прэзентацый, вядзення дакументацыі.

21 лютага — асаблівае свята для кожнай нацыі, кожнага народа — яго адзначаюць ва ўсім свеце, — кажа намеснік дэкана факультэта міжнародных эканамічных адносін Алена Гарашчанка, якая таксама прыняла ўдзел у дыктоўцы. — Нават кітайскія студэнты ў нас вывучаюць беларускую мову, тым больш і мы павінны яе ведаць на належным узроўні. Мае дзеці вучацца ў беларускамоўнай школе, дома кожны дзень гучыць роднае слова. Спадзяюся, гэта мне сёння дапаможа.

Пасля дыктоўкі адбылася аўтограф-сесія і размова са знакамітай пісьменніцай Людмілай Рублеўскай. Яна падкрэсліла, як важна менавіта сёння ведаць сваю гісторыю, свае карані і ў тым ліку сваю мову. Сама пісьменніца майстэрскі валодае прыгожым, пяшчотным і пявучым беларускім словам і спадзяецца, што дыктоўка для многіх стане своечасовым штуршком для больш уважлівага яго вывучэння.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлены БДЭУ