Дырэктар гімназіі Петрыкава Людміла Хільман — аб ідэальнай школе і важнасці інавацый для адукацыі

- 10:24Интервью, Приложение, Школа управления

Гімназія Петрыкава знаходзіцца ў глыбінцы беларускага Палесся, але імкнецца быць той установай, куды б з велізарным жаданнем вучыцца хацелася бегчы кожнаму дзіцяці, а працаваць — кожнаму настаўніку. Пра дасягненні і стратэгію развіцця карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам навучальнай установы Людмілай Хільман. 

— Людміла Рыгораўна, давайце знаёміцца. Мне здаецца, што ваш шлях з настаўніцтва ў кіраўніцтва быў заканамерным, бо вы асоба актыўная і харыз­матычная.

— Пачну з таго, што я патомная настаўніца. Мама была настаўніцай беларус­кай мовы і літаратуры, тата — настаўнікам хіміі. Калі гаворка зайшла пра выбар маёй прафесіі, то ў сям’і абмяркоўваліся два варыянты — настаўніка і ўрача. Але перамагла педагогіка. Скончыўшы ў 1987 годзе Ляскавіцкую сярэднюю школу з сярэбраным медалём, паступіла ў БДУ на біялагічны факультэт. Пасля заканчэння па размеркаванні трапіла ў Залескую сярэднюю школу Пет­рыкаўскага раёна. Потым была сярэдняя школа № 2  Петрыкава, затым працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў 3-й петрыкаўскай школе, якая ў 1997 го­дзе стала гімназіяй.

У 2010 годзе мне прапанавалі пасаду дырэктара гімназіі. Не адразу, але пага­дзілася. Работа намесніка дырэктара была больш статычнай: прадбачыш, якія недахопы пры праверцы журналаў можаш выя­віць, ведаеш, што ў рамках самакантролю трэба зрабіць. А пасада дырэктара — яна непрадказальная. Вельмі часта намечаны план на дзень, тыдзень, месяц даводзіцца карэкціраваць. Але мяне вельмі падтрымаў калектыў, які ўжо стаў родным.

Тут хачу адзначыць, што наша сістэма адукацыі накіравана на тое, каб наву­чыць, падтрымаць маладога кіраўніка, пака­заць вопыт работы калег. Я шмат вучылася, некалькі разоў на год наведвала курсы і семінары ў ГАІРА, АПА, пастаянна кантактавала з калегамі-дырэктарамі. Вельмі дапамагла і мне, і ўсяму калектыву гімназіі дырэктар гімназіі Жыткавіч імя А.А.Ліхоты Людміла Генадзьеўна Катвіцкая. Мы выяз­джалі ў Жыткавічы ўсім калектывам, наведвалі ўрокі педагогаў па ўсіх вучэбных прадметах, для нас праводзіліся майстар-класы. Гэта было павучальна і вельмі важна для нас, бо мы не толькі знаёміліся з сістэмай работы ўстановы, але і бралі на ўзбраенне тыя ці іншыя ідэі.

— Пасада дырэктара шматфункцыянальная. Якія яго функцыі, на ваш пог­ляд, з’яўляюцца вызначальнымі?

— Гімназіяй кірую ўжо 12 гадоў. За гэты час прыйшла гордасць за сваю ўстанову. Вельмі складана вызначыць галоўную функцыю кіраўніка, бо дырэктар выконвае і арганізатарскую, і каардынуючую, і кантралюючую функцыю. Неабходна плана­ваць і аналізаваць работу свайго калектыву, вызначаць найважнейшыя напрамкі работы, стратэгію развіцця. Але ў гэтым мне дапамагаюць мае намеснікі. Мы адказваем перад дзяржавай, перад сваёй Радзімай за навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, таму разумеем, што галоўнае — сумленна працаваць.

— А якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?

— Кожны кіраўнік павінен ведаць нарматыўныя дакументы Міністэрства адукацыі. Дырэктар не можа не кіравацца ў рабоце Кодэксам аб адукацыі, канцэпцыяй бесперапыннай адукацыі, адукацыйнымі стандартамі, інструктыўнымі пісьмамі, загадамі і рашэннямі галоўнага ўпраўлення і аддзела адукацыі. Вельмі важна ведаць спецыфічныя санітарныя нормы і правілы, інструкцыю аб супрацьпажарнай бяспецы — гэта аснова асноў для стварэння бяспечных умоў ва ўстанове адукацыі.

Вельмі важнымі з’яўляюцца і лакальныя дакументы — статут гімназіі, правілы ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўны дагавор. На сучасным этапе дырэктару неабходна быць юрыдычна падкаваным, быць эканамістам і фінансістам, разбірацца ў будаўніцтве, умець выразна вылу­чаць асноўныя пункты ўкладання фінансавых сродкаў ва ўстанове і рабіць усё так, каб і навучэнцы, і члены калектыву ўваходзілі ў будынак гімназіі як у храм навукі.

9 гадоў у гімназіі праводзіцца адкрыты раённы конкурс даследчых работ і праектаў “Навакольны свет вачыма дзяцей” для навучэнцаў пачатковых класаў. Дарэчы, ідэя конкурсу была ўзята з “Настаўніцкай газеты”, на старонках якой дзяліліся вопытам яго правядзення калегі з Брэсцкай, Мінскай і іншых абласцей, а ў Гомельскай вобласці такога яшчэ не было. Штогод у конкурсе прымаюць удзел каля 200 работ, падрыхтаваных навучэнцамі пачатковых класаў устаноў адукацыі Гомеля і Гомельскай вобласці.

— Якіх правіл прытрымліваецеся, кіруючы педагагічным і вучнёўскім калектывамі?

— Асноўныя правілы, якімі кіруюся ў сваёй дзейнасці, — гэта павага і давер, супрацоўніцтва і справядлівасць, падтрымка ініцыятывы і стымуляванне працы. Я лічу, што вельмі важны ў рабоце кіраўніка асабісты прыклад. Таму, як і мае педагогі, удзельнічаю ў алімпіядным руху, у інтэрнэт-віктарынах, конкурсах даследчых работ. Вучуся ў сваіх педагогаў перамагаць і з годнасцю прайграваць, не спыняцца на дасягнутым, пазнаваць новае і спасцігаць малавывучанае, таму па выніках конкурсаў, алімпіяд, спаборніцтваў матэрыяльнае ўзнагароджанне атрымлівае не толькі той, хто перамог, але і той, хто ва ўпартай барацьбе застаўся пад рысай.

— Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа? Да чаго вы імкняцеся як дырэктар?

— Ідэальная школа — гэта школа, у якой будзе раскрыты талент і здольнасці кожнага навучэнца. Гэта школа, якая абсталяваная тэхнічна, з высокаматываванымі навучэнцамі, дасведчанымі і ўлюбёнымі ў сваю справу педагогамі, разумеючымі баць­камі. Мы імкнёмся, каб нашы выпускнікі былі канкурэнтаздольнымі, запатрабаванымі на рынку працы. Для гэтага маем усё неабходнае: педагогаў-прафесіяналаў, доб­рую матэрыяльна-тэхнічную базу. Па праграме Міністэрства адукацыі мы атрымалі 3 укамплектаваныя сучасныя класы: фізікі, хіміі, біялогіі. Нам пашчасціла атрымаць набор абсталявання і вырабаў для настаўніка і навучэнцаў STEM-класа. Мы ўдзячны ААТ “Беларуськалій” на чале з генеральным дырэктарам Іванам Галаватым за перадавое тэхнічнае аснашчэнне нашай актавай залы. Мы сталі дыпламантамі абласнога конкурсу “Энергамарафон” і зможам абсталя­ваць усім неабходным харчаблок гімназіі, за што вялікі дзякуй намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Ганне Урбанчык, якая прывяла каманду да поспеху. Умацоўваем нашу матэрыяльна-тэхнічную базу і за кошт платных адукацыйных паслуг, спонсарскай дапамогі бацькоў. І тым самым імкнёмся рабіць гімназію максімальна сучаснай, прыгожай і ўтульнай.

Сёння наша гімназія — гэта сучасная ўстанова адукацыі з вучэбнымі кабінетамі, абсталяванымі ўсім неабходным, спартыўнай і актавай заламі, залай харэаграфіі. Акрамя таго, мы маем уласныя традыцыі. Штогод выступаем на раённым конкурсе “Школьны вальс” (дзяцей рыхтуе Настасся Валер’еўна Андрук), дзе кожнае выступленне нашых гімназістаў — незабыўныя вобразы і бязмежная грацыя.

— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу школу?

— Інавацыі для ўстановы адукацыі вельмі важныя. Гэта не толькі вядзенне электроннага дзённіка і выкарыстанне мультыбордаў. Гэта, у першую чаргу, індывідуалізацыя і візуалізацыя навучання, выкарыстанне асобасна арыентаваных тэхналогій, навучанне дзяцей самастойна здабываць веды, арыентавацца ў велізарным патоку інфармацыі. Гэта новыя падыходы да арганізацыі вучэбных заняткаў. Вынікам удзелу ў інавацыйным праекце стала стварэнне ў гімназіі музейнага пакоя з багатай калекцыяй ручнікоў, посуду, з аднаўленнем ткацтва. Усё гэта адбывалася з удзелам настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Алены Уладзіміраўны Трухановіч і Марыі Аляксандраўны Туравец, прафесіяналамі сваёй справы, якія ведаюць і захоўваюць беларускія традыцыі.

З 2021 года мы ўдзельнічаем у інавацыйным праекце “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў”. Для нашага калектыву важны ўдзел у інавацыйных праектах, бо гэта моцны штуршок да развіцця, укаранення новага і перадавога. Дарэчы, гэта наш трэці інавацыйны праект.

— Згодна з вамі. Менавіта інавацыі даюць штуршок да развіцця і натхнення, спрыяюць педагагічным дасягненням, напрыклад, паспяховай падрыхтоўцы да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

— Настаўнікі гімназіі — гэта сапраўды ўнікальныя асобы, прафесіяналы сваёй справы, якія валодаюць велізарнай працаздольнасцю, адкрытыя ўсяму новаму і перадавому, таму рыхтуюць канкурэнта­здольных вучняў. У гэтым навучальным го­дзе Ганна Ганчар, навучэнка 10 класа, удастоена дыплома I ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, а дзесяцікласнік Кірыл Адамоўскі атрымаў дыплом III ступені па гісторыі Беларусі. Абодвух вучняў падрыхтавала Галіна Ула­дзіміраўна Туравец. Акрамя таго, на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды нашы навучэнцы заваявалі 6 дыпломаў (па гісторыі  Беларусі, грамадазнаўстве, рускай мове, хіміі, фізічнай культуры і здароўі, працоўным навучанні).

У Петрыкаўскім раёне існуе доб­рая традыцыя — ушанаванне пераможцаў рэс­публіканскай і абласной алімпіяд “Зорны алімп”. У сувязі з гэтым хочацца выказаць словы глыбокай удзячнас­ці Петрыкаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту і яго старшыні Аляксандру Ва­сільевічу Кохану за тую ўвагу, якую ён аказ­вае адоранай і таленавітай моладзі раёна. Навучэнцы, пераможцы алімпіяд, і педагогі, якія іх падрыхтавалі, былі ўзнагароджаны грашовымі прэміямі, а бацькам уручылі падзячныя лісты. Такая ўвага не пакінула абыякавым нікога, яна да многага абавяз­вае і натхняе на новыя перамогі.

— Агульнавядома, што кадры вырашаюць усё. Вы згодны?

— Канечне. Я ганаруся сваімі педагогамі. А.І.Дарошка —  настаўнік, які мае дзве вышэйшыя адукацыі (выкладае геаграфію і інфарматыку). Аляксандр Іванавіч працуе з дзецьмі не толькі на ўроках, але і пасля, фактычна 7 разоў на тыдзень. Ён піша даследчыя работы па геаграфіі, экалогіі, хіміі, інфарматыцы. Яму скарыліся рэспубліканскі конкурс даследчых работ у секцыях хіміі і інфарматыкі, міжнародны конкурс навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, Рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ/праектаў. Навучэнец Аляксандра Іванавіча Павел Шляга прадстаўляў Беларусь у Стакгольме на міжнародным водным конкурсе.

А.А.Чычыкайла — настаўнік біялогіі. У сваёй рабоце ён робіць акцэнт на развіцці даследчых здольнасцей навучэнцаў. Вучні Аляксандра Аляксеевіча станавіліся пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ, інтэрнэт-віктарын. Акрамя таго, ён з’яўляецца нязменным вядучым гімназічных і раённых свят. Незабыўны вобраз Дзеда Мароза, створаны Аляксандрам Аляксеевічам, дазволіў перамагчы ў рэспубліканскім конкурсе Дзядоў Марозаў і Снягурак “Ёлка-фэст — 2022”.

І.М.Рагалевіч — настаўніца англійс­кай мовы, узначальвае англійскі напрамак узорнага аматарскага тэатральнага калектыву “Купалінка”. Удзельнікі тэатра сталі пераможцамі ў конкурсах “Аркад”, “#BYFEST2022”, “Хрустальны васілёк”. У 2023 годзе навучэнец Ірыны Міхайлаўны Ягор Шайбак стаў пераможцам (дыплом II ступені) рэспубліканскага конкурсу даследчых работ на англійскай мове.

В.М.Марцінкевіч — настаўніца музыкі, гісторыі і грамадазнаўства. Вольга Мікалаеўна валодае ўнікальнымі рэжысёрскімі здольнасцямі. Разам з І.М.Рагалевіч кіруе ўзорным аматарскім тэатральным калектывам “Купалінка” — візітнай карткай не толькі гімназіі, але і раёна, вобласці. Яе навучэнцы з’яўляюцца пераможцамі рэспуб­ліканскіх конкурсаў “Ёлка-фэст”, “Жывая класіка”, “Тэатральнае скрыжаванне” і пераможцамі заключнага этапу абласной алімпіяды па гісторыі.

Не аднаго пераможцу рэспубліканскай і абласной алімпіяд па рускай мове пад­рыхтавала Людміла Арсеньеўна Мчадлова, настаўнік з вялікай літары, які вельмі лю­біць дзяцей.

Гімназія Петрыкава з’яўляецца ўдзельніцай рэспубліканскага праекта Беларускай федэрацыі футбола “Мой школьны футбольны клуб”. Удзел у гэтым праекце павышае ўзровень фізічных навыкаў навучэнцаў і фарміруе ў іх каштоўнасныя адносіны да актыўных заняткаў фізічнай культурай праз гульню ў футбол.

У межах праекта настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Шпакевіч і Настасся Андрук прайшлі вучэбныя курсы на атрыманне трэнерскай ліцэнзіі “Д-дыплом УЕФА” (лідар масавага футбола) на базе тэхнічнага цэнтра асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”.

— А што з маладымі настаўнікамі? Як часта ваш педагагічны калектыў прымае ў свае рады пачынаючых педагогаў? І якія патрэбны ўмовы для зладжанай працы педагагічнага калектыву?

— У нас працуюць 10 настаўні­каў — выпускнікоў нашай установы. У наступным навучальным годзе прыйдзе яшчэ адзін. Я лічу, што гэта вельмі важна, калі выпускнік хоча вярнуцца ў сваю ўстанову, але ўжо ў новым статусе — калегі. Тут яму будзе камфортна. А я як кіраўнік ужо ведаю, чаго чакаць ад гэтага настаўніка, ведаю ўзровень яго магчымасцей, у якой галіне, акрамя прафесійнай, ён можа яшчэ сябе прая­віць. Трэба гадаваць дастойную змену.

Вельмі важна, каб кожны педагог мог прая­віць сябе. Не проста прыходзіў і праводзіў урок, прычым якасна, з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій, крэатыўна, хоць гэта ўжо нямала. Але і пісаў даследчыя работы, рыхтаваў навучэнцаў да алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў  — тады ў кожнага дзіцяці будзе рэальны шанс раскрыць свае здольнасці, свой талент.

— Задача няпростая, але выканальная. Поспехаў!

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва гімназіі