Дырэктар нарацкай сярэдняй школы № 2: «Крэатыўнасць і настойлівасць — абавязковыя прынцыпы маёй дзейнасці»

- 13:08Знак качества, Интервью

Як натхніць калектыў на высокія вынікі і якімі інструментамі неабходна для гэтага валодаць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар нарацкай сярэдняй школы № 2 Генадзь Крыштафовіч.

— Генадзь Віктаравіч, указам Прэзідэнта Беларусі вы ўдастоены медаля “За працоўныя заслугі”. Што для вас значыць такая ўзнагарода?

— Любая ўзнагарода — гэта падстава ганарыцца тым, што доўгія гады ўпартай карпатлівай працы на карысць сваёй краіны, малой радзімы і людзей не прайшлі бясследна і значныя як для галіны адукацыі, так і для дзяржавы ў цэлым. Атрыманы медаль прымусіў па-іншаму паглядзець на тую што­дзённую працу, якую я выконваў на працягу больш як 30 гадоў, і асэнсаваць такі факт: тое, што раблю, мае значэнне. Таксама гэта яшчэ адна нагода ганарыцца сваім калектывам — згуртаванай камандай, гатовай да вырашэння любых задач. Разам з тым медаль абавязвае быць яшчэ больш адказным у выкананні тых планаў і задач, якія ў хуткім часе будзем рэалізоўваць, правільна вызначыць прыярытэты на найбліжэйшую і аддаленую перспектыву развіцця школы.

— Як з гадамі мяняўся ваш падыход, стыль кіраўніцтва і што неабходна для таго, каб стаць паспяховым дырэктарам?

— Насамрэч за ўвесь час кіраўніцкай дзейнасці мае падыходы істотна не мяняліся. Пачынаючы з 1993 года, калі стаў дырэктарам, імкнуўся ўкараняць усе навацыі, якія з’яўляліся ў сістэме, у сваёй установе, падбіраць прафесійныя кадры і спрыяць таму, каб яны надоўга заставаліся ў нас. Безумоўна, для пастаяннага развіцця і руху наперад неабходна трымаць калектыў у тонусе. Я заўсёды ўдзяляў многа ўвагі ўмацаванню матэрыяльнай базы, гаспадарчай дзей­насці і, безумоўна, выхаванню дзяцей. Сёння застаюцца актуальнымі пытанні ўкаранення ва ўстановах адукацыі сучасных тэхналогій, электронных сродкаў і рэсурсаў. Таксама важна ствараць магчымасці для бесперапыннага павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў. Гэтыя напрамкі для мяне як для кіраўніка былі і застануцца прыярытэтнымі.

Вялікае значэнне надаём бяспечнай арганізацыі адукацыйнага працэсу. Жыццё і здароўе абсалютна кожнага дзіцяці, якое знаходзіцца на тэрыторыі школы, мы павінны ахоўваць на самым высокім узроўні.

Што тычыцца сакрэтаў кіраўніцкай дзейнасці, то перш за ўсё неабходна любіць тую справу, якой займаешся. Таксама павінна быць пастаяннае жаданне зрабіць сваю ўстанову больш дасканалай і прывабнай, забяспечыць яе высокі рэйтынг. Крэатыўнасць і настойлівасць — абавязковыя прынцыпы маёй дзейнасці. Імкнуся ствараць у калектыве атмасферу творчасці і добразычлівасці. Для таго каб ён працаваў эфектыўна, важныя не толькі сіла загаду і распараджэнні, але і своечасова сказанае добрае слова. Важная таксама адэкватная ацэнка работы кожнага без выключэння педагога — яго асабісты ўклад у агульную справу трэба заўважаць. І, безумоўна, любому паспяховаму кіраўніку неабходна валодаць такімі якасцямі, як вялікая працаздольнасць і актыўнасць, уменне натхняць і весці за сабой калег, вызначаць шляхі развіцця ўстановы з улікам сучасных тэндэнцый у развіцці дзяржавы і грамадства, бесперапынна рухацца да дасягнення пастаўленых мэт.

— На ваш погляд, якія тэндэнцыі ў грамадстве ўплываюць на сучасную школу?

— Безумоўна, тэндэнцыі развіцця сучаснага грамадства накладваюць адбітак на функцыянаванне як школы, так і сістэмы адукацыі ў цэлым. Нам, педагогам, хочацца, каб гэты ўплыў на выхаванне юных грамадзян нашай дзяржавы быў толькі станоўчы.

На мой погляд, у апошнія гады сярод баць­коў назіраецца выключна спажывецкае стаўленне да школы, настаўніка, класнага кіраўніка. Калісьці на класныя бацькоўскія сходы прыходзілі цэлымі сем’ямі, а агульнашкольныя мерапрыемствы право­дзіліся пры поўным аншлагу. Сёння многія бацькі ўпэўнены, што, аддаўшы малыша ў 6 гадоў у школу, праз 11 гадоў яны абавязкова павінны атрымаць адукаванага, выхаванага, дастойнага грамадзяніна. Але самі для гэтага нічога не робяць, не прыкладаюць намаганняў. Узаемаадносіны са школай такія бацькі падтрымліваюць толькі віртуальна, з дапамогай месенджараў і сацыяльных сетак, пазбягаючы жывых зносін з педагогамі, псіхолагамі і інш.

У выпадку, калі школьнік здзяйсняе супрацьпраўнае дзеянне, дарослыя абараняюць яго, нават калі віна відавочная. Гэтым бацькі паказваюць, што іх дзіцяці дазволена ўсё. Калі яно зноў здзейсніць нешта падобнае, то будзе чакаць такой жа абароны і падтрымкі. Я апісаў своеасаблівы партрэт сучасных бацькоў, які дапамагае акрэс­ліць тэндэнцыю сучаснага грамадства — самаўхіленне ад выхавання ўласных дзяцей. Сур’ёзнасць і актуальнасць праблемы пацвярджае і прапанова органаў пракуратуры аб увядзенні крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці бацькоў у выпадку сістэматычнага невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей, вызначаных Кодэксам аб шлюбе і сям’і.

Захапленне дзяцей сацыяльнымі сеткамі і электроннымі сродкамі камунікацыі таксама аказвае ўплыў на працэс выхавання ў сучаснай школе.

— Вы закранулі тэму ўзаемадзеяння з сям’ёй. Як будуеце адносіны з бацькамі і вучнямі?

— Галоўнае ва ўзаемаадносінах — гэта адкрытасць і прыстойнасць. Ні ад бацькоў, ні ад вучняў мы не хаваем і не замоўчваем тых праблем, якія ўзнікаюць і патрабуюць вырашэння. Калі гаварыць пра формы ўзаема­дзеяння, то гэта сходы, сумеснае баўленне вольнага часу, асветніцкая работа і інш. У апошнія гады паспяхова сябе зарэкамендаваў бацькоўскі ўніверсітэт. Удзел законных прадстаўнікоў у кіраванні школай забяс­печваецца з дапамогай іх удзелу ў рабоце савета ўстановы. На ўзроўні класных калектываў таксама наладжана цеснае супрацоў­ніцтва педагогаў і бацькоў, якое ажыццяўляецца праз класныя бацькоўскія камітэты.

— Для школы вельмі важна развіццё выхаваўчага кампанента. Як ён рэалізуецца ў вашай установе?

— За час работы на пасадзе кіраўніка мне даводзілася сутыкацца з мноствам тэорый і поглядаў на тое, што такое выхаванне. Я чуў розныя азначэнні гэтага паняцця, але больш за ўсё мне падабаецца наступнае: выхаванне — гэта развіццё, якім можна кіраваць. Развіваючы дзіця з шасцігадовага ўзросту, калектыў школы імкнецца рэалізаваць шэраг напрамкаў выхаваўчай работы. Так, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ва ўсе часы было адным з прыярытэтных. У 2022 годзе мы першымі ў раёне адкрылі патрыятычны клуб для старшакласнікаў “Вулкан”. З 2023 года ў школе функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Гэтаму папярэднічала стварэнне сучаснага кабінета аховы жыцця і здароўя. Сумесная пошукавая работа навучэнцаў і педагогаў знайшла сваё ўвасабленне ў экспазіцыях “Беларусь — мая краіна”, “Непераможная і легендарная”, “З гісторыі курортнага пасёлка Нарач”.

Мы жывём у маляўнічым месцы, на тэрыторыі нацыянальнага парку “Нарачанскі”, таму адзін з кірункаў выхаваўчай работы — гэта развіццё прыродаахоўных навыкаў. Нашы навучэнцы і педагогі прымаюць удзел у экалагічных акцыях і праектах, перамагаюць у конкурсах. Калектыў паслядоўна займаецца кветкава-дэкаратыўным азеляненнем тэрыторыі школы і курортнага пасёлка, працуе над стварэннем музея прыроды і экалогіі Нарачанскага краю. Неад’емнай часткай выхаваўчага працэсу з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчы кірунак, мэта якога — захаванне здароўя школьнікаў. Вучні ўсіх узростаў актыўна далучаюцца да масавых школьных спартыўных свят, сумесных мерапрыемстваў з бацькамі. Дзякуючы выдатнай матэрыяльнай базе, дзеці з цікавасцю наведваюць заняткі па скалалажанні, каратэ, займаюцца ў трэнажорнай зале і на вулічных трэнажорах. Таксама наша ўстанова ўдзельнічае ў рэс­публіканскім праекце “Школа — тэрыторыя здароўя”, у раённай круглагадовай спарта­кіядзе.

Асобнае месца ў сістэме выхавання зай­мае работа з падлеткамі, якія схільныя да асацыяльных паводзін, сацыяльнай рызыкі, а значыць, патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі. На жаль, колькасць такіх сем’яў не памяншаецца. Да работы з гэтай катэгорыяй дзяцей прыцягваем спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, супрацоўнічаем з медыцынскімі работнікамі, праваахоўнымі органамі, сацыяльнымі цэнт­рамі.

— З якімі дасягненнямі і планамі бу­дзеце сустракаць новы навучальны год?

— Ідэй і планаў заўсёды многа, а перад пачаткам кожнага навучальнага года хочацца ажыццявіць іх як мага больш і з максімальнай эфектыўнасцю. Плануем, што завершым стварэнне музейна-педагагічнага комплексу, які складаецца з пяці асобных тэматычных экспазіцый. Зараз ідзе працэс афармлення і аснашчэння пятай экспазіцыі, прысвечанай прыродным багаццям і ўнікальнай прыгажосці Нарачанскага краю. У нас завяршаецца паспяховая рэалізацыя педагагічнага праекта “Фарміраванне і развіццё ў вучняў праектна-прадпрымальніцкіх кампетэнцый ва ўмовах сацыяльнага партнёрства сродкамі вучэбнага стартапа “PROект”. Таксама прынята рашэнне аб далучэнні ўстановы адукацыі да рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай кампетэнтнасці навучэнцаў сродкамі фізічнай культуры з улікам асобасных характарыстык і дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу”. У новым навучальным годзе працягнем дэкаратыўнае афармленне тэрыторыі школы і прылеглай тэрыторыі, створым новыя кветкавыя кампазіцыі, прадумаем ландшафтныя рашэнні з папаўненнем калекцыі іглічных і ліставых зялёных насаджэнняў. З больш лакальных і штодзённых планаў — прадоўжыць прафілізацыю навучання старшакласнікаў на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, надаць новы змест і абнавіць склад патрыятычнага клуба “Вулкан”, пашырыць спектр паслуг, якія прадстаўляюцца насельніцтву на платнай аснове.

— Генадзь Віктаравіч, як лічыце, ці павінен дырэктар быць ідэйным натхняльнікам для калектыву?

— Здольнасць і магчымасць генерыра­ваць ідэі, аб’ядноўваць калектыў для іх паспяховай рэалізацыі — гэта аснова кіраўніцкай дзейнасці любога паспяховага дырэктара. Без накіравальнай і натхняльнай функцый дырэктара немагчыма сфарміраваць згуртаваны калектыў аднадумцаў, нацэліць калег на эфектыўны, творчы і стваральны працэс. Не менш важна своечасова падтрымліваць і развіваць ідэі, якія прапаноўваюць калегі, і гэта таксама павінна стаць неад’емнай функцыяй кіраўніка. Калі да гэтага дабавіць любоў да сваёй прафесіі, жаданне рабіць сваю ўстанову больш прагрэсіўнай, калі кіраўнік крэатыўны і настойлівы, то поспех абавязкова будзе.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА