Вуцеўская сярэдняя школа ўжо не першы раз ветліва сустракае карэспандэнтаў “Настаўніцкай”, і педагогі ўстановы знаходзяць, чым здзіўляць зноў і зноў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дарэчы, яны з задавальненнем дзеляцца фішкамі і з калегамі. Напрыклад, у Жлобіне на абласным семінары-практыкуме па пытаннях арганізацыі харчавання на інтэрактыўнай пляцоўцы яны прадставілі не толькі вырашчаную на прышкольным участку вітамінную прадукцыю, якая дазволіла зрабіць таннейшым харчаванне, але і прэзентавалі каліфарнійскіх чарвякоў, а таксама атрыманы ад іх біягумус. Практыка паказала, што выкарыстанне біягумусу для вырошчвання агароднінных культур значна павышае ўраджайнасць, а на аснове прынцыпаў арганічнага земляробства расце экалагічна чыстая агародніна, садавіна і ягады.
Па словах дырэктара ўстановы адукацыі Ганны Станкевіч, да школьных эксперыментаў юныя даследчыкі ставяцца сур’ёзна, нават збудавалі над скрыняй з чарвякамі спецыяльны навес, каб “працаўнікам” не пагражала спякота і праліўныя дажджы. А яшчэ вучням удалося паназіраць за рэдкай для нашай мясцовасці птушкай — удодам. Яркая птушка з аранжавым чубчыкам на галаве і чорна-белымі крыламі асабліва аблюбавала тое месца, дзе ўлетку жылі чарвякі.
— Працоўнае выхаванне ў нашай школе — найважнейшы напрамак, які развіваецца дзякуючы людзям, улюбёным у сваю прафесію, — падкрэсліла Ганна Мікалаеўна. — Іх зацікаўленасць і ўпэўненасць у добрым выніку матывуюць школьнікаў адкласці ўбок гаджэты і праявіць сябе ў любой карыснай справе. Дарэчы, дзеці нароўні з дарослымі ўцягнуты ў развіццё бізнес-кампаніі, даследчых праектаў, валанцёрскай дзейнасці і перспектыўных ініцыятыў. Хлопчыкаў і дзяўчынак з 1 класа вучаць, што праца — важная і патрэбная справа. Ключавая роля ўскладаецца на жаночыя плечы педагогаў-альтруістаў. Напрыклад, пад чулым наглядам настаўніцы рускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання Лідзіі Дудзянавай (яна ж загадчыца прышкольнага вучэбна-доследнага ўчастка, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны прадпрымальнік” і бізнес-кампаніі “Гаспадар”) навучэнцы займаюцца палівам і праполкай, зборам ураджаю з прышкольных сотак. Нашы дзеці ведаюць аб працы на зямлі не па чутках. Ім падабаецца прыносіць карысць роднай школе. Толькі летась пры ўдзеле дзяцей сабраны багаты ўраджай.
Гэта 1200 кілаграмаў бульбы, 570 — морквы, 359 — буракоў, 407 — капусты, 255 — цыбулі, 118 — памідораў, 36 — агуркоў, 25 — чорнай парэчкі, 10 — салодкага перцу. 200 кілаграмаў наліўных пладоў беражліва знялі з дрэў яблыневага саду.
У Добрушскім раёне Вуцеўская школа з’яўляецца апорнай па экалагічным выхаванні. Ёй прысвоены статус “Зялёная школа”.
— Праца на градках і ў цяпліцах — неверагодна карпатлівы і працаёмкі працэс. Гэта скажа кожны, хто калі-небудзь капаў, палоў, уносіў угнаенні, паліваў. І ў нашай школе створана моцная і дзейсная сістэма па далучэнні дзяцей да гэтай справы, — адзначыла Ганна Станкевіч. — Вынік выхаванцы адчуваюць і сёння, калі з задавальненнем ядуць згатаваныя школьнымі кухарамі смачныя абеды. Яны ведаюць, што на талерцы — тое, што вырасцілі менавіта яны. Агародніны хапае практычна да канца навучальнага года. Акрамя таго, на год цалкам забяспечылі морквай Добрушскі ЦКРНіР. Экалагічна чыстую агародніну — агуркі, памідоры, капусту — даставілі ў Церахоўскі дзіцячы сад. Таматы перадалі ў Вуцеўскі дзіцячы сад.
Праца на зямлі спалучаецца з даследчай дзейнасцю. Дзеці разам з педагогамі распрацоўваюць экалагічныя праекты, якія дабаўляюць перамог у скарбонку навучэнцаў і школы на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Галоўным ідэйным натхняльнікам з’яўляецца настаўніца геаграфіі і біялогіі кіраўнік школьнага навукова-даследчага таварыства “Будучыня” і праекта “Зялёныя школы” Ірына Ярцава. Пад яе чулым кіраўніцтвам юныя аграрыі эксперыментуюць на зямлі і фіксуюць свае назіранні на паперы. З дапамогай настаўніцы школьнікі з галавой акунуліся ў даследчую дзейнасць і ўпершыню вырасцілі бамію, артышок, стэвію. Акрамя таго, навучэнцы праштудзіравалі інтэрнэт і знайшлі рэцэпт хрумсткіх чыпсаў з баміі. Стэвію выкарыстоўвалі ў якасці замяняльніка цукру. Кожнае дзіця змагло прынесці дадому і паказаць бацькам сушанае лісце стэвіі, якое вырасла на градцы. А калісьці разумнікі і разумніцы нават арганізавалі ў двары школы ямачны рамонт пры дапамозе пластыкавых адходаў, да якіх дабавілі бітумную сумесь. У Ірыны Міхайлаўны і на гэты сезон прызапашаны ідэі для рэалізацыі яшчэ аднаго аграпраекта — даследчы падыход абавязкова знойдзе адлюстраванне ў новай конкурснай рабоце.
— Галоўнае ў рабоце з дзецьмі — эфект. Навучэнцы ўкладваюць уласныя сілы і бачаць, як іх дзейнасць ператвараецца ў вынік. Тады яны старанна працуюць і да намаганняў іншых ставяцца больш паважліва, — лічыць Ірына Ярцава.
Пасільную дапамогу адзінокім і людзям старэйшага пакалення аказваюць валанцёры, дзейнасць якіх курыруе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Шкурко. Старшакласнікі праяўляюць клопат і дапамагаюць бабулям і дзядулям. Так, разам з аднакласнікамі яны прыбіраюць снег зімой і фарбуюць альтанкі летам. Апошнім часам прапаноўваюць пажылым людзям даставіць агародніну і садавіну з магазіна ці з сезонных кірмашоў. Людзі сталага ўзросту рады простай увазе і зносінам з моладдзю. Добрыя справы дзеці робяць незалежна ад акцый і па поклічы сэрца. Заўважыўшы бабулю з цяжкімі пакетамі, абавязкова данясуць іх да яе дома. Школьнікі адзначаюць, што ім падабаецца дапамагаць людзям, яны любяць размаўляць з пенсіянерамі, якія часта расказваюць цікавыя гісторыі, а дзеці дзеляцца з імі выпадкамі са свайго жыцця. Гэтыя размовы — важная і цёплая частка такіх сустрэч.
Педагогі не першы год прыцягваюць школьнікаў да актыўнай дзейнасці на зямлі і да ўдзелу ў праектах. Работа па працоўным выхаванні падрастаючага пакалення пастаўлена на рэйкі яшчэ шмат гадоў назад.
— Пачатак пакладзены ў 2012 годзе, калі па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама быў праведзены конкурс на лепшы працоўны атрад. Тады нашы навучэнцы з атрада “Кантакт” сталі ўладальнікамі цудоўнай статуэткі за 1-е месца, — з гордасцю прамаўляе Ганна Станкевіч. — Рамонт мэблі, кабінетаў, добраўпарадкаванне і азеляненне школьнага двара, пашыў штор, касцюмаў для атрада юных ратавальнікаў-пажарных, камплектаў пасцельнай бялізны для дашкалят дзіцячага сада № 6 Добруша — гэта тое, чым жывуць сельскія школьнікі ў вольны ад вучобы час. Магу сказаць, што наша ўстанова ўзорная па добраўпарадкаванні і азеляненні, калектыў атрымліваў падзякі за ўзорнае ўтрыманне прышкольнай тэрыторыі. Дзеці ніколі не аднекваліся: трэба пасадзіць туі ці прапалоць градкі — заўсёды за! Рэалізуем і праекты па другаснай занятасці. У летні перыяд старшакласнікі дапамагалі аграрыям на зернетаку і на ферме. Сезонныя работы прынеслі не толькі новы вопыт, але і добры заробак.
— З кожным годам усё больш школьнікаў хочуць працаваць летам, і ва ўстанове адукацыі падлеткам даюць такую магчымасць, — далучылася да размовы настаўніца беларускай мовы і літаратуры намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Лакіза. — Моладзь прафесійных навыкаў пакуль не мае, і ў фермерскай гаспадарцы, на зернетаку ім даручалі тую працу, з якой яны маглі справіцца. Пачыналі з малога і з цягам часу займаліся не толькі прыбіраннем тэрыторый, але і нарыхтоўкай збожжа.
Кіраўнік установы адукацыі заўсёды падтрымлівае ініцыятыўных юнакоў, падводзячы вынікі навучальнага года, на ўрачыстай лінейцы абавязкова адзначае дыпломамі тых, хто сапраўды стараўся і вучыцца, і працаваць.
— Радасць і гордасць перапаўняюць дзяцей, калі заслужана ўручаю ім дыпломы за поспехі ў алімпіядным руху, конкурсах, за ўдзел у працоўных і валанцёрскіх праектах, — гаворыць дырэктар. — Уся вёска ведае нашу творчую, таленавітую, працавітую моладзь і ганарыцца ёй!
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара