Дыялог з міністрам: І.В.Карпенка сустрэўся з навучэнцамі і выкладчыкамі Гомельшчыны

- 11:15Актуально, Апошнія запісы

Двухдзённы візіт міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў Гомельскую вобласць пачаўся з Чачэрскага раёна. Ён наведаў раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе пазнаёміўся з талентамі выхаванцаў і педагогаў, а таксама пабываў у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Брыз”, дзе ёсць басейн, які наведваюць вучні не толькі са школ райцэнтра, але і з сельскіх устаноў адукацыі.

У размове з педагогамі міністр закрануў тэму змен у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, гаварыў пра пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю і пра іншыя новаўвядзенні.

Цікавай атрымалася сустрэча міністра з навучэнцамі Чачэрскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Размова Ігара Васілье­віча з маладымі людзьмі ў большай ступені была не пра вучобу і работу, а пра жыццё. Так, юныя грамадзяне разважалі аб тым, што робіць чалавека шчаслівым, расказвалі пра свае мары аб будучай сям’і, дзяліліся сваімі думкамі пра сямейныя каштоўнасці.

— Дзяржаўны падыход да навучання сёння заключаецца не толькі ў перадачы ведаў, але і ў фарміраванні маральных і духоўных якасцей, перадачы традыцый, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Галоўная задача ўстановы адукацыі заключаецца ў там, каб разам з бацькамі выхаваць грамадзяніна, сем’яніна і прафесіянала.

І.В.Карпенка на сустрэчы са старшакласнікамі гомельскай сярэдняй школы № 11 у рамках праекта “ШАГ”.

Раніцай другога дня міністр адукацыі наведаў гомельскую сярэднюю школу № 11, дзе ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” (ШАГ) сустрэўся з навучэнцамі старшых класаў. “Незалежная і квітнеючая Беларусь. Мы зрабілі гэта разам” — так гучала тэма лістападаўскіх заняткаў у ШАГ.

Ігар Карпенка адзначыў, што ў Беларусі збераглі і развіваюць важныя сацыяльныя кірункі, якія закладваліся яшчэ папярэднімі пакаленнямі.

— Я нарадзіўся ў далёкай Сібіры, у Беларусь мая сям’я пераехала ў 1974 годзе, — падзяліўся з юнакамі і дзяўчатамі Ігар Васільевіч. — Тут я заканчваў школу, атрымліваў вышэйшую адукацыю. Мне давялося пабываць у многіх краінах свету, але заўсёды вельмі цягне дадому. Тут, на Радзіме, у цябе шмат дарагога: сям’я, дом, школа, настаўнікі — гэта заўсёды з табой. Я хачу, каб вы зберагалі ў сабе гэтыя пачуцці, бо менавіта яны робяць нас сапраўднымі людзьмі.

На ўрок з міністрам адукацыі сабраліся адказныя, старанныя вучні школы. Бадай, самым важным для будучых выпускнікоў было тое, што яны маглі напрамую задаць пытанне міністру. Напрыклад, Сцяпан Баннікаў цікавіўся пра змены ва ўступнай кампаніі. Хлопец марыць стаць доктарам, і яго хвалюе, да чаго трэба быць гатовым у найбліжэйшую ўступную кампанію. Ігар Карпенка патлумачыў, што змены плануюцца, але яны ўступяць у сілу толькі летам 2021 года.

Падчас сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі ГДУ імя Ф.Скарыны.

Адказваючы на пытанне журналістаў, наколькі праект ШАГ цікавы дзецям, І.В.Карпенка заўважыў, што практыка паказвае, як зацікаўлены школьнікі ў такіх жывых прамых зносінах з дарослымі, у тым, што могуць атрымаць адказы на многія хвалюючыя пытанні. Важна гэта і для тых, хто прыходзіць на сустрэчу з навучэнцамі. “Вось, напрыклад, сёння я як міністр разумею, што мы можам абмеркаваць праблемы, якія ёсць у адукацыі, пачуць, што хвалюе старшакласнікаў, менавіта з вуснаў саміх старшакласнікаў. Гэта немалаважна, таму што кожнага навучэнца мы разглядаем як актыўнага суб’екта адукацыйнага працэсу. Пагадзіцеся, калі дзіця ўключана ў гэты адукацыйны працэс, то яно актыўна ўдзельнічае ў ім, не проста атрымлівае веды, а нароўні з настаўнікам удзельнічае ў важных падзеях, вырашае нейкія пытанні, праблемы і тым самым атрымлівае неабходныя веды. Гэта, на маю думку, правільны падыход да адукацыйнай дзейнасці”, — сказаў міністр.

Ігар Карпенка таксама падкрэсліў, што важна, каб гэты праект рыхтаваўся не толькі настаўнікамі, а каб у ім актыўна ўдзельнічалі дзеці, каб яны былі ўключаны ў працэс, знаёміліся з неабходнай інфармацыяй, рабілі нейкі аналіз.

— Я хачу пажадаць вам, каб вы ставілі перад сабой мэты і дасягалі іх, — звярнуўся на развітанне да старшакласнікаў Ігар Васілье­віч. — Гэтыя мэты абавязкова павінны суадносіцца з запатрабаваннямі нашага грамадства, нашай дзяржавы. Калі вы будзеце ставіць мэты толькі асабіста для сябе, не думаючы пра тое, які ўклад зробіце ў развіццё сваёй краіны, свайго народа, сваёй сям’і, то, верагодна, гэтыя мэты будуць мізэрныя.

Ігар Карпенка азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ва ўстанове, зайшоў у кабінеты, дзе праходзілі ўрокі, у настаўніцкай пагутарыў з настаўніцай геаграфіі Аленай Лукашэвіч, якая рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядзе па геаграфіі. Дырэктар школы Наталля Літвінава разам з вучнямі расказала міністру пра валанцёрскую работу ўстановы, дзейнасць грамадскіх арганізацый, развіццё бізнес-кампаніі ў школе.

— Выхаваўчая функцыя школы не менш важная, чым веды, якія настаўнікі даюць дзецям на ўроках, — падкрэсліў міністр. — Сацыяльна значныя справы — гэта пляцоўкі, дзе маладыя людзі могуць выконваць розныя сацыяльныя ролі, шмат чаму вучыцца і рыхтавацца да самастойнага жыцця.

І.В.Карпенка таксама наведаў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, сустрэўся са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам УВА.

Ігар Васільевіч адзначыў, што ўстановы вышэйшай адукацыі Гомельшчыны — гэта важныя складнікі сістэмы адукацыі. “Падрыхтоўка кадраў для пэўнай мясцовасці перш за ўсё належыць рэгіянальным УВА, паколькі яны ў большай ступені знаёмы з асаблівасцямі і запатрабаваннямі мясцовай эканомікі”, — адзначыў міністр адукацыі.

Міністр пабываў на экскурсіі ў літаратурным музеі факультэта і ў цэнтры навучання кітайскай мове. Міністр адзначыў, што сёння не хапае настаўнікаў кітайскай мовы, якая ўво­дзіцца як абавязковая замежная мова, і такіх спецыялістаў неабходна рыхтаваць. Гомельскі ўніверсітэт гэтую праблему прадугледзеў. Сёлета атрыманы дазвол Міністэрства адукацыі на адкрыццё новай спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Кітайская мова”, першы набор на якую плануецца ў найбліжэйшую ўступную кампанію.

На сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта Ігар Карпенка гаварыў аб праблемах і перспектывах развіцця вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Міністр выслухаў прапановы выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта, адказаў на іх пытанні.

У размове пра перспектывы, якія тычацца непасрэдна рэгіянальных УВА, Ігар Васілье­віч пазначыў праект “Універсітэт 3.0”, удзель­нікі якога займаюцца камерцыялізацыяй ведаў. Зараз ідзе размова пра тое, што неабходна ўцягваць у гэты праект і рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Далей, па словах міністра, чакаецца наступны крок — фармат “Універсітэт 4.0”. Гэта будуць універсітэты, здольныя вырашаць праблемы і патрэбы сучаснай прамысловасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.