Тэму «Рэлігія і вайна: вера, мужнасць, стойкасць» абмеркавалі на дыялогавай пляцоўцы ў Мінску

- 15:14Духовность и патриотизм, Новости

У храме­-помніку ў гонар Усіх Святых прайшла міжканфесійная дыялогавая пляцоўка, прысвечаная 80­-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Тэма “Рэлігія і вайна: вера, мужнасць, стойкасць” аб’яднала ў гэты дзень дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў рэлі­гійных канфесій, вучоных, педагогаў, сту­дэнтаў гістарычнага факультэта БДУ.

Па благаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна сустрэча пачалася ў крыпце храма, дзе прайшла цырымонія ўскладання кветак ля саркафага праху герояў і ўзнясення ціхай малітвы, у якой гучалі словы ўдзячнасці загінуўшым падчас вайны.

— Нас аб’ядноўваюць народная па­мяць і гістарычная праўда, нас кліча да святога месца наш народ. І гэта не высакамоўныя словы, гэта наша патрэба зазірнуць ва ўласную душу, пачуць пульсаванне свайго сэрца, — адзначыў протаіерэй Фёдар Поўны, старшыня Сінадальнага аддзела Беларус­кай Праваслаўнай Царквы па супрацоў­ніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі. — Ахвяры вайны просяць не аб помсце, а аб малітвеным уздыху, аб тым, каб іх памяталі.

Знаходзячыся побач з урнамі зямлі, дзе пахаваны прах праваслаўных, католікаў, мусульман, іўдзеяў, усіх, хто памёр у той страшны час, адчуваеш не толькі сардэчны боль, але і свяшчэнную ўдзячнасць героям. Гэта наш кліч да нашчадкаў, наказ будучым пакаленням захоўваць мір і бе­рагчы сваю Радзіму.

— Тэма адзінства нашага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, умацавання веры, мужнасці і стойкасці ў імя Перамогі сёння вельмі актуальная, асабліва ў маладзёжным асяроддзі, — перакананы Аляксандр Каханоўскі, дэкан гістарычнага факультэта БДУ. — Менавіта ў юнацкія гады на аснове гістарычнага мінулага нашага народа фарміруецца асоба кожнага з нас, выхоўваюцца пачуцці грамадзянскасці і патрыятызму, любові да Радзімы. Будаваць сваю будучыню і будучыню сваёй Айчыны нерэальна без паважлівага стаў­лення да гісторыі роднай краіны, да сваіх каранёў.

Гераізм і мужнасць нашага народа дапамагаюць лепш адчуць каштоўнасць свабоды і незалежнасці, міру і дабрабыту, захаваць духоўную спадчыну Вялікай Перамогі. Гэтая вайна была кровапралітнай і разбуральнай для нашага народа. Памяць аб ёй надае сілы, каб захоўваць мір, імкнуцца да стварэння і росквіту нашай краіны.Сяргей Герасіменя, намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, звяртаючыся да мола­дзі, адзначыў, што важна не толькі памятаць аб падзеях мінулай вайны, але і перадаваць гэтую памяць наступным пакаленням як залог захавання міру на нашай зямлі.

Перамога — трыумф чалавечага духу, непахіснай веры і ўсёпераможнай любові да жыцця і сваёй Айчыны. Імкненне да міру, адзінства, любові павінна заставацца ў цэнтры нашага жыцця.

— Гэтая тэма не толькі гістарычная, яна мае глыбокае значэнне для сучаснага грамадства, таму што закранае фундаментальныя каштоўнасці, якія працягваюць аказваць уплыў на наша жыццё, на кожнага з нас, — сказаў ксёндз Юрый Ясевіч. — У гады вайны, калі наша краіна сутыкнулася з нябачнымі выпрабаваннямі, дзяржава і рэлігія сталі крыніцай духоўнай сілы і падтрымкі для мільёнаў людзей. Свяшчэннікі і вернікі сталі адзінымі ў сваёй малітве за мір, за жыццё нашых салдат і за хутчэйшую перамогу.

Рэлігія падала руку ўсім, хто шукаў суцяшэння ў тыя цяжкія часы. Кожнае Божае слова станавілася сімвалам сілы духу.

Свяшчэннікі служылі не толькі ў цэрквах, многія з іх на фронце ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях. Сваёй малітвай яны ўзнімалі баявы дух і патрыятычны настрой воінаў у выкананні свяшчэннага абавязку перад Айчынай.

— Асэнсаванне ролі рэлігіі падчас вайны, міжканфесійнай садружнасці, захаванне спадчыны Вялікай Перамогі, умацаванне духу грамадзянскай супольнасці мае працяг і сёння, — адзначыў імам Дзмітрый Радкевіч. — Служэнне грамадству, у якім мы жывём, патрыятызм і грамадзянскасць — гэта і ёсць галоўная традыцыя нашых бацькоў. Такія паняцці, як любоў да Айчыны, да сваёй сям’і, заўсёды былі і ёсць у запаведзях бацькоў і дзяржавы.

Дзяржава і рэлігія адыгралі важную ролю ў згуртаванні нацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У адзінай веры людзі аб’ядналіся ў народ, гатовы да сама­ахвяравання дзеля адной мэты — Перамогі.

— Мы ўсе розныя па нацыянальнасці і веравызнанні, але ў нас адна Радзіма, адна зямля, і мы імкнёмся быць адзінай сям’ёй, берагчы мір і згоду, — сказаў рабін Рыгор Абрамовіч.

Протаіерэй Фёдар Поўны падкрэсліў, што сёння ўмацоўваецца фундамент нашай дзяржавы, пішацца гісторыя суверэннай Беларусі. Наша адказнасць перад нашчадкамі ў тым, каб рэлігія і дзяржава былі адзінымі ў выхаванні грамадзяніна і патрыёта. І гэтае адзінства павінна працягнуцца ў будучых пакаленнях.

Ала КЛЮЙКО
Фота аўтара