Дызайнер, каваль, педагог: у каледжах Міншчыны адноўлены прыём на некаторыя спецыяльнасці

- 14:00Абитуриент, Образование

Падчас бягучай прыёмнай кампаніі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў каледжы Міншчыны будуць прыняты больш чым 3000 чалавек. З іх 2657 бу­дуць вучыцца на бюджэце, а 355 выпускнікоў школ прымуць на платную форму навучання, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

“За кошт сродкаў бюджэту адноўлены прыём на некаторыя спецыяльнасці дзённай формы навучання, якія прапануюць у Барысаве і Нясвіжы”, — звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.

Для таго каб задаволіць патрэбы ўстаноў адукацыі цэнтральнага рэгіёна ў педагагічных кадрах, кантрольныя лічбы прыёму па профілі “Педагогіка” за кошт сродкаў бюджэту на дзённую форму таксама будуць павялічаны.

“На Міншчыне адчуваецца ў тым ліку недахоп майстроў вытворчага навучання, — звярнуў увагу Мікалай Башко. — Каб вырашыць гэтую праблему, Капыльскі дзяржаўны каледж на “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі (педагагічная дзейнасць)” прыме 30 выпускнікоў школ, а ў Вілейскім дзяржаўным каледжы на адпаведную спецыяльнасць будуць залічаны 25 чалавек”.

На ўзровень ПТА ў каледжы Мінскай вобласці сёлета пасту­пяць больш як 3400 навучэнцаў. У адпаведнасці з заяўкамі і дагаворамі аб узаема­дзеянні ў дзевяці ўстановах адукацыі і ў Чэрвеньскім будаўнічым каледжы плануецца аднавіць навучанне па многіх напрамках. Так, Жодзінскі дзяржаўны каледж бу­дзе набіраць на спецыялізацыю “Каваль на молатах і прэсах”, Чэрвеньскі дзяржаўны каледж пачне навучанне па кірунку “Аператар камп’ютарнай графікі”, Капыльскі дзяржаўны каледж прапануе паступаць на электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі, Маладзечанскі дзяржаўны каледж — на аператара швейнага абсталявання, а ў Салігорскім дзяржаўным каледжы можна будзе атрымаць спецыяльнасць “Слесар па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваючага абсталявання”.

Мастацкі профіль

У Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа можна пайсці вучыцца на спецыяльнасці “Навучанне замежнай мове (нямецкая)” і “Дызайн (графічны)”.

Дырэктар установы адукацыі Алена Жураўлё­ва расказала, што спе­цыяльнасць “Дызайн (графічны)” няновая: набор на яе вядзецца кожныя два гады.

“Першапачаткова кіраваліся тым, што на “Дызайн (графічны)” будзем прымаць згодна з запатрабаванасцю з боку заказчыкаў кадраў, — тлумачыць Алена Васільеўна. — Пасля атрымалася так, што некаторы час патрэбы ў адпаведных спецыялістах не было, таму прыём па названым напрамку не вёўся. Сёння час патрабуе аднавіць прыём будучых дызайнераў. Зараз мы выпускаем 4 курс, а значыць, ужо вельмі хутка будучыя спе­цыялісты паедуць на свае першыя працоўныя месцы. Таксама ў нас ёсць будучыя дызайнеры, якія скончылі 3 курс, перайшлі на апошні год навучання”.

Абітурыенты, якія аддадуць перавагу “Дызайну (графічнаму)”, будуць здаваць малюнак, жывапіс і кампазіцыю. Таксама конкурсныя выпрабаванні чакаюць тых, хто паступае на “Фізічную культуру”.

Пасля заканчэння каледжа выпускнікі з дыпломам дызайнера змогуць выкладаць у школе маляванне, весці мастацкія гурткі або працаваць у цэнтрах творчасці.

На спецыяльнасць “Навучанне замежнай мове (нямецкая)” сёлета адноўлены набор. Апошнім часам прыём на яе вёўся кожныя 2—3 гады. Па словах А.Жураўлёвай, заказчыкі кадраў загадзя падалі заяўкі на пад­рыхтоўку будучых выкладчыкаў.

“У адрозненне ад англійскай, запатрабаванасць у настаўніках нямецкай не вельмі высокая, — тлумачыць дырэктар установы. — Думалі, што з часам прыйдзецца адмовіцца ад падрыхтоўкі па напрамку “Навучанне замежнай мове (нямецкая)”, але нам паступілі заяўкі ад работадаўцаў. Такім чынам, у гэтым го­дзе набяром адну падгрупу па профілі “Навучанне замежнай мове (нямецкая)”. Заказчыкамі кад­раў выступа­юць самі ўстановы адукацыі, якім неабходны адпаведныя спецыя­лісты”.

Што тычыцца ўступных экзаменаў, то іх у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа здаюць толькі тыя абітурыенты, якія паступаюць на “Дызайн (графічны)” і “Фізічную культуру”. Школьнікі, якія выбіраюць такія спецыяльнасці, як “Навучанне замежнай мове (англійская, нямецкая)”, “Пачатковая адукацыя”, “Да­школьная адукацыя”, заліч­ваюцца без уступных іспытаў па конкурсе дакумента аб адукацыі.

Заканамерны крок

Сёлета аддзяленне швейных прафесій, цырульніцкага мастацтва і дэкаратыўнай касметыкі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа папоўнілася кваліфікацыяй “тэрмаапрацоўшчык”.

“Мы будзем набіраць абітурыентаў на спецыяльнасць “Стварэнне швейных вырабаў”, па якой яны атрымаюць дзве кваліфікацыі: “швачка 4-га разраду” і “тэрмаапрацоўшчык швейных вырабаў 4-га разраду”, — расказвае дырэктар Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Марына Несцярэнка.

Тое, што спецыяльнасць “Стварэнне швейных вырабаў” дапоўнілася яшчэ адной кваліфікацыяй, — заканамерны крок. Сёння гэты прафесійны напрамак запатрабаваны эканомікай, а значыць, яго трэба развіваць. Асноўнымі заказчыкамі кадраў у БДК з’яўляюцца буйныя беларускія прадпрыемствы, такія як Mark Formelle, “Світанак”, Eliz і інш.

На ўзроўні ПТА на аснове агульнай базавай адукацыі сёлета ў каледж будуць залічаны 435 чалавек, а на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 60.

“Да нас ва ўстанову прыязджаюць вучыцца з многіх раёнаў Мінскай вобласці, — працягвае М.Несцярэнка. — Усім, хто мае патрэбу, прадастаўляецца месца ў інтэрнаце. Іх у нас чатыры. Аддзяленне педагагічных прафесій, а таксама аддзяленне прафесій лясной, сельскай гаспадаркі і садова-паркавага будаўніцтва ма­юць свае інтэрнаты. Для астатніх аддзяленняў выдзелены яшчэ два інтэрнаты, прычым у адным жы­вуць хлопцы, а ў другім — дзяў­чаты”.

Для паступлення амаль на ўсе спецыяльнасці, у тым ліку ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дастаткова вытрымаць конкурс сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Выключэнне складае спецыяльнасць “Мастак-ма­дэльер”. Для тых, хто яе выбірае, прадугледжаны асобны іспыт — малюнак.

Тым выпускнікам школ, хто разглядае варыянт завочнай формы навучання, прапаноўваецца некалькі запатрабаваных эканомікай прафесій, у тым ліку адноўленая спецыяльнасць “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”.

“Сёлета на завочную бюджэтную форму атрымання адукацыі набіраем на дзве спецыяльнасці: “Гандлёвае абслугоўванне” і “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, — працягвае дырэктар. — Акрамя гэтага, на ўзроўні ПТА адноўлены прыём па кваліфікацыі “аператар персанальных электронна-вылічальных машын 5-га разраду”. Такія групы мы набіраем кожныя тры гады. Яшчэ ў каледжы адноўлены прыём па кваліфікацыі “слесар-рамонтнік 4-га разраду” ў інтэграцыі з электраманцёрам ахоўна-пажарнай сігналізацыі. Раней набіралі выключна групу слесараў механазборачных работ і групу электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, а сёлета зрабілі такую камбінацыю”.

У пераліку спецыяльнасцей Барысаўскага дзяржаўнага каледжа з’явіўся напрамак “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”.

Незалежна ад выбранага напрамку ўсе выпускнікі каледжа забяспечваюцца гарантаваным першым працоўным месцам. Значна, што яшчэ падчас вучобы будучыя спецыялісты могуць зарэкамендаваць сябе на высокім узроўні і знайсці работадаўцаў.

“Па спецыяльнасцях, звязаных з грамадскім харчаваннем, выпускнікі могуць працаваць у шматлікіх арганізацыях. Напрыклад, кухары вельмі запатрабаваны і патрэбны паўсюль, — працягвае Марына Уладзіміраўна. — У гэтым пераліку школы, дзіцячыя сады, а таксама такая буйная арганізацыя, як “Веста-Барысаў” і інш.”

Пацвярджэннем таго, што каледж дае добрую базу для прафесійнага самаўдасканалення і развіцця, з’яўляюцца дасягненні навучэнца аддзялення грамадскага харчавання Івана Бурдыкі, які занесены ў банк даных адоранай моладзі і ў хуткім часе пойдзе працаваць у “Прэзідэнт-атэль”. Іван — адзін з лепшых навучэнцаў кале­джаў Мінскай вобласці, пераможца V Рэспублі­канскага конкурсу прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі па кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва” і “Хлебапячэнне”.

“Наш таленавіты Іван зрабіў партфоліа і разаслаў яго на самыя прэстыжныя прадпрыемствы, — расказвае аб прафесійным шляху лепшага пачынаючага кухара М.Несцярэнка. — Усе былі гатовы забраць нашага выпускніка, але Іван аддаў перавагу “Прэзідэнт-атэлю”, куды ён накіруецца па размеркаванні”.

Па словах дырэктара, грамадскае харчаванне — адно з найбольш папулярных аддзяленняў, на якое паступаюць дзеці з дастаткова высокім балам атэстата, як і на кваліфікацыі “слесар па рамонце аўтамабіляў”, “вадзіцель катэгорыі С”, “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 3-га разраду” і “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый С і Е”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА