Дзе зімуюць буслы? Пра гэта раскажа экспазіцыя музея Краснадворскай школы, што на Салігоршчыне

- 16:18Новости

Наведаць унікальны музей “Птушкі Беларусі і прамысловая птушкагадоўля” прапануюць педагогі Краснадворскай сярэдняй школы Салігорскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У Салігорску прамысловы турызм разві­ваецца даўно і актыўна. Але не толькі з дзейнасцю сусветнавядомага “Беларуськалія” могуць азнаёміцца арганізаваныя групы турыстаў, у тым ліку настаўнікаў і вучняў. Побач з горадам знаходзіцца яшчэ адзін флагман айчыннай прамысловасці — Салігорская птушкафабрыка. Прадпрыемства — па вядомых прычынах аб’ект закрыты, таму трапіць на яго тэрыторыю, а тым больш убачыць працэс вытворчасці можа далёка не кожны.

Паколькі жадаючых атрымаць адказ на адвечнае пытанне, што было спачатку — курыца або яйка, шмат, у 2016 годзе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара птушкафабрыкі Барыса Іванавіча Зінчука ў Краснадворскай сярэдняй школе быў адкрыты экалагічны музей, да гэтага з 2009 года ён дзейнічаў як музейны пакой. Месца размяшчэння экспазіцыі выбралі невыпадкова: прадпрыемства з’яўляецца шэфам установы адукацыі і знаходзіцца літаральна за яго агароджай.

— Па назве музея зразумела, што ён складаецца з дзвюх частак. Першая знаё­міць з арніталагічнай разнастайнасцю нашай краіны, а другая — з прамысловай птушкагадоўляй, дзейнасцю фабрыкі, — пачала аповед загадчыца музея Людміла Сацкевіч.

Арніталогія для Людмілы Васільеўны да моманту стварэння музея была справай малазнаёмай. Ёй як настаўніцы біялогіі больш падабалася вывучаць расліны, аднак ад прапановы прыняць удзел у стварэнні птушынага музея і ўзначаліць яго не адмовілася.

Цяпер, калі слухаеш педагога, можа падацца, што экскурсію праводзіць не проста настаўніца біялогіі, а вучоны-арнітолаг. Вобразна, з параўнаннямі, эпітэтамі, цікавымі фактамі з жыцця птушак, асаблівасцямі іх характару — так яна знаёміць наведвальнікаў з чароўным птушыным светам.

— Вы ведалі, што многія беларускія буслы зімуюць у Егіпце, а, напрыклад, лебе­дзі і нават некаторыя совы ствараюць пары на ўсё жыццё. Называецца гэта манагаміяй. А вось глушэц — палігамны, што і нядзіўна. Паглядзіце, якія ў самца вялікія яркія бровы. Любая самачка зверне на іх увагу, — захапляльна, з ноткамі гумару праводзіць экскурсію Людміла Васільеўна.

Для кожнага ўзросту наведвальнікаў у яе свой падыход. Для малодшых школьнікаў — аглядная экскурсія, а для вучняў 8 класа, якія на ўроках біялогіі якраз вывучаюць птушак, аповед дапаўняецца шматлікімі навуковымі звесткамі, тэрмінамі, пытаннямі. Як прызналася настаўніца, калі дзеці правільна адказваюць, а тым больш калі самі задаюць дадатковыя пытанні экскурсаводу, то яе душа радуецца — значыць, экскурсія ім цікавая! Людміла Васільеўна не толькі паспяхова выхоўвае ў дзяцей любоў да роднай прыроды, але і ўласным прыкладам дапамагае вызначыцца з будучай прафесіяй. Некаторыя яе вучні сталі біёлагамі, а, напрыклад, Аляксандр Кусянкоў працуе заатэхнікам-селекцыянерам на птушка­фабрыцы.

— Падчас знаёмства з раздзелам “Дзённыя і начныя драпежныя птушкі” расказваю, што іх відавы склад вельмі разнастайны. Падрабязна спыняюся на характарыстыцы савы балотнай, пугача, — працягвае знаё­міць з адметнасцямі музея настаўніца. — Наступны раздзел — “Вадаплаўныя птушкі”. Тут самая багатая калекцыя. Звярніце ўвагу на імправізаваны вадаём, на якім сядзіць лысуха. Гэтая чорная птушка з белай дзюбай будуе гняздо літаральна на вадзе. Тут і лебедзь, а побач адзін з сімвалаў Беларусі — бусел. Пераходзім да птушак лесу: глушэц, цецярук, рабчык, курапатка. Асобна вядзём аповед пра птушак антрапагеннага ландшафту — сароку, каўку, шэрую варону, крумкача.

Мэта дзейнасці школьнага музея — не толькі знаёмства вучняў з чароўным птушыным светам Беларусі, выхаванне любові да роднай прыроды, але і прафесійная арыентацыя.

Менавіта гэта стала адной з прычын адкрыцця другой залы, прысвечанай птушкагадоўлі.

Тут і гісторыя Салігорскай птушка­фабрыкі, і аповед пра яе прадукцыю, у першую чаргу курыныя і перапяліныя яйкі.

— Паглядзіце на гэты цуд прыроды, — трымаючы ў руках невялікае стракатае яйка, гаворыць Людміла Васільеўна. — У ім не толькі шмат карысных для нашага арганізма элементаў. Кожны малюнак на перапяліным яйку ўнікальны, не падобны на іншыя.

Як арганізавана вытворчасць на птушка­фабрыцы, якое там выкарыстоўваецца абсталяванне, колькі яек за дзень можна знесці курыца і, нарэшце, што было спачатку: курыца або яйка — адказы на ўсе гэтыя пытанні вы можаце атрымаць падчас наведвання ўнікальнага школьнага музея.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара