Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна — суцэльная творчасць, натхненне і невычэрпны педагагічны рэсурс (стваральны, арганізацыйны, метадычны). Такое магчыма? Безумоўна, калі працуе каманда аднадумцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дзейнасць цэнтра вельмі шматгранная: ён дае магчымасць рэалізацыі дзіцячых патрэб у творчым, інтэлектуальным і фізічным развіцці, а таксама ў прафесійным самавызначэнні, фарміраванні здаровага ладу жыцця і грамадзянскай пазіцыі. У бягучым навучальным годзе тут дзейнічае 111 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведваюць 1368 навучэнцаў. 30 аб’яднанняў функцыянуюць на базе сельскіх школ раёна (14 — у аграгарадках). Работа аб’яднанняў арганізавана па 14 напрамках дзейнасці: тэхнічным, эколага-біялагічным, турыстычна-краязнаўчым, фізкультурна-спартыўным, дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым, харэаграфічным, музычным, тэатральным, сацыяльна-педагагічным, ваенна-патрыятычным, культурна-адпачынкавым, грамадска-гуманітарным, прыродазнаўча-матэматычным.
Акрамя таго, Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці вядомы трыма калектывамі з высокімі званнямі. Гаворка пра народную студыю дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чараўніцы” (кіраўнік Святлана Крыкун), узорны тэатр моды “Хобі-style” (кіраўнік Ірына Іскрыцкая) і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны ансамбль танца “Мілавіца” (кіраўнік Людміла Кабаева).
“Сумесная творчасць педагогаў і выхаванцаў — мэтанакіраваная дзейнасць па захаванні самабытнай культуры нашага народа, вывучэнні і распаўсюджванні рэгіянальных традыцый дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Нашы дзеці з вялікай цікавасцю вывучаюць саломапляценне, валенне, ткацтва, вышыўку, працуюць з ільном, робяць маляванкі. Супрацоўнічаем з гісторыка-культурным цэнтрам Буда-Кашалёўскага раёна. У рамках праекта “Вытокі рамяства” праводзяцца майстар-класы, арганізоўваюцца выставы работ навучэнцаў.
Калекцыі юных мадэльераў тэатра моды “Хобі-style” пакарылі журы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Неаднаразова станавіліся пераможцамі рэспубліканскага фестывалю “Млын моды” (у 2022 годзе заваявалі дыплом І ступені).
Удзельнікі “Мілавіцы” вядуць актыўную канцэртную і конкурсную дзейнасць, годна прадстаўляючы цэнтр, раён, вобласць і рэспубліку на мерапрыемствах рознага ўзроўню. У калектыве вельмі паважліва ставяцца да традыцый мясцовай харэаграфічнай творчасці (усё скрупулёзна збіраецца, сістэматызуецца і потым прымяняецца), удзяляецца павышаная ўвага сцэнічнай апрацоўцы фальклорных танцаў, збору і распаўсюджванню рэгіянальнага фальклорнага матэрыялу, рэканструкцыі рэгіянальнага беларускага касцюма”, — адзначыла дырэктар цэнтра Ірына Зыблева.
Пашырыць творчыя гарызонты
Як бы натхнёна Ірына Барысаўна ні гаварыла, пакуль сам не адчуеш жыватворную сілу творчасці, да канца не зразумееш ні яе сэнсу, ні чароўнага ўздзеяння. Я вельмі ўдзячна ўваравіцкім педагогам, якія далі мне такую магчымасць, бо, калі проста хадзіць па класах і студыях, у захапленні ахаючы і охаючы ад пашытай, вышытай, пабудаванай або намаляванай прыгажосці, нельга ў поўнай меры пранікнуцца атмасферай творчасці. Па-сапраўднаму адчуць яе можна толькі тады, калі ўласнымі рукамі паўдзельнічаеш у стварэнні нечага прыгожага ці сакральнага.
Таму, калі мне прапанавалі саткаць пару сантыметраў ручніка, я, нягледзячы на страх здацца няўмекай, зачаравана прысела за станок. І праз пару хвілін зразумела, што справа гэтая не проста творчая, але і вельмі сістэмная, ды і фізічна напружаная. Мала таго, што трэба пастаянна сачыць за ніткай і прасоўваць яе згодна з задуманым узорам, дык яшчэ і нацягваць. Ткачыха, па праўдзе кажучы, з мяне так сабе. Як, зрэшты, і валюшніца. Калі перада мной паклалі прыстасаванні для валення, усё здавалася простым: бяры маленькімі кавалачкамі воўну, выкладвай па малюнку і ўціскай іголкай у аснову будучай карцінкі. У мяне павінна была атрымацца птушка. І магчыма, атрымалася б, калі б не зламаная іголка. Не хапіла спрыту. Разам з тым я вельмі ўдзячна педагогам Ірыне Кавалёвай і Святлане Крыкун за магчымасць дакрануцца да мастацтва сваімі рукамі, бо па сённяшні дзень помняцца цярплівасць і далікатнасць маіх памочніц. Яны пашырылі мае творчыя гарызонты і заклалі веру ва ўласныя здольнасці. Так што ўсё наперадзе.
У гэтым плане творча-педагагічны лёс Людмілы Кабаевай паказальны. Некалі дзяўчынкай яна прыйшла танцаваць у “Мілавіцу”. Цяпер жа яна, творчая, ініцыятыўная і харызматычная, кіраўнік гэтага калектыву. Падчас камандзіроўкі яна дазволіла мне папрысутнічаць на рэпетыцыі малодшай групы. Дзяўчынкі і хлопчыкі ў чорна-белых касцюмах вучыліся своечасова мяняць пазіцыі, трапляць у музычны рытм, усміхацца і дзякаваць за апладысменты. Здавалася б, звычайная тэхнічная трэніроўка, але ўсе былі ў прыўзнятым настроі і парады педагога выконвалі без напружання. Рухі атрымліваліся плаўнымі і свабоднымі, хоць часам і ўзнікала некаторая мітусня. Усё ж такі дзеці, ды і я сваёй прысутнасцю ўвагу адцягвала. А ў канцы нашай сустрэчы ўсе радасна пазіравалі для агульнага фотаздымка.
Ужо падчас размовы з Людмілай Аляксандраўнай зразумела, што яе выхаванцы такія бадзёрыя і вясёлыя таму, што яна сама выпраменьвае бадзёрасць і радасць. Інакш проста немагчыма, бо любы з танцаў “Мілавіцы” ўзнімае настрой.
“Мы танцуем розныя танцы, але найперш вучу дзяцей любіць сваё. Наша танцавальная культура мае багатыя традыцыі, вартыя працягу. У нас шмат аматарскіх танцаў, і мы ўвесь час у пошуку сваіх, мясцовых, адметнасцей у танцах. Вінікам гэтай пошукавай дзейнасці сталі стварэнне “Вянка побытавых танцаў”, рэканструкцыя традыцыйнага беларускага народнага касцюма”, — падзялілася Людміла Аляксандраўна.
Прафесійны рост
Яшчэ адным творчым напрамкам, які рэалізуецца ва Уваравіцкім цэнтры дзіцячай творчасці, з’яўляецца стварэнне маляваных мультфільмаў. Анімацыя захапіла і дарослых, і дзяцей. Ды так, што ад створаных у сумеснай творчасці мульцікаў “Калядкі” і “Страказа” немагчыма адарвацца. Яркія, прыгожыя, добрыя, прафесійна знятыя, яны вартыя не проста ўзнагарод, а масавага распаўсюджвання. Выдатная праца, якая стала магчымай дзякуючы пастаяннаму прафесійнаму росту педагогаў.
У цэнтры вядзецца мэтанакіраваная работа па абагульненні і трансляцыі эфектыўнага вопыту работы, яго прадстаўнікі пастаянна ўдзельнічаюць у выставах навукова-метадычнай літаратуры, конкурсах прафмайстэрства. Педагогі цэнтра чытаюць лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, выступаюць на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных семінарах і канферэнцыях. Цэнтр мае статус апорнай метадычнай пляцоўкі ў дзвюх інавацыйных галінах: “Развіццё эфектыўнага педагагічнага вопыту і сучасных практык дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і “Удасканаленне метадычнай работы па бесперапынным персаніфікаваным павышэнні прафесійнага майстэрства педагагічных кадраў”. У 2022 годзе пачаў рэалізоўвацца інавацыйны праект “Укараненне кластарнай мадэлі ўзаемадзеяння рэгіянальных устаноў адукацыі розных тыпаў для фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”.
Навучэнцы і педагогі цэнтра творчасці неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Толькі ў 2022 годзе яны сталі ўладальнікамі 92 дыпломаў абласных і 90 дыпломаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Маладзёжныя ініцыятывы і рашэнні
“Для актыўных юных грамадзян Буда-Кашалёўскага раёна на базе цэнтра з 2016 года дзейнічае цэнтр маладзёжных ініцыятыў, які дае магчымасць моладзі раёна развіваць і рэалізоўваць свой патэнцыял у інтарэсах рэгіёна падчас сумеснай сацыяльна значнай дзейнасці. Ініцыятывы вылучаюцца і рэалізуюцца ўдзельнікамі раённага савета старшакласнікаў, у склад якога ўваходзяць і навучэнцы раённага клуба “Лідар”, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Ірына Камарова.
На сённяшні дзень працягваецца рэалізацыя раённага сацыяльна значнага праекта “Пакаленне Z: час дзейнічаць разам”. Раённы праект накіраваны на дасягненне Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь на мясцовым узроўні з дапамогай распрацоўкі і рэалізацыі ўласных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё экалагічных кампетэнцый, барацьбу са шкоднымі звычкамі, развіццё такіх якасцей, як павага, добразычлівасць, чалавечнасць. Акрамя таго, члены раённага савета старшакласнікаў у межах супрацоўніцтва з камісіяй па справах непаўналетніх Буда-Кашалёўскага райвыканкама прымалі ўдзел у распрацоўцы сацыяльна-прафілактычнага праекта “След”, які быў накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў сярод падлеткаў шляхам іх актыўнага ўключэння ў дзейнасць па прававым выхаванні, на павышэнне рухальнай актыўнасці, асваенне карысных для развіцця пазнавальнага, творчага і маральнага патэнцыялу інтэрнэт-сэрвісаў, фарміраванне спрыяльнага эмацыянальнага клімату ў вольны ад вучобы час.
Цэнтр дзіцячай творчасці з’яўляецца і каардынатарам дзейнасці раённай піянерскай арганізацыі. Старшынёй раённага савета ГА “БРПА” з’яўляецца Маргарыта Савянкова, старшынёй дзіцячай палаты раённага савета ГА “БРПА” — Марыя Кабаева. Дзяўчаты вельмі ініцыятыўныя і актыўныя, таму на рахунку арганізацыі вялікая колькасць сучасных і запатрабаваных моладдзю мерапрыемстваў, конкурсаў, праектаў, якія адзначаны як мінімум на абласным узроўні. Напрыклад, у мінулым годзе сумесна з камісіяй па справах непаўналетніх Буда-Кашалёўскага раённага выканаўчага камітэта быў распрацаваны і рэалізаваны раённы сацыяльна-творчы праект “Піянерыя: сучасная тэрыторыя магчымасцей”. Вопыт работы па праекце быў адзначаны дыпломам І ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу піянерскіх распрацовак “Лічбавая трансфармацыя”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара