Дзеля будучыні

- 10:25Авторские колонки, Мнение

Ігар ГРЭЧКА

 

 

 

 

 

 

Беларусь рыхтуецца да Дня народнага адзінства — самага маладога, але такога важнага дзяржаўнага свята.

Ужо 84 гады наш народ жыве адзі­най сям’ёй. Жыхары Гродна ез­дзяць у Магілёў, любуюцца дняпроўскімі прасторамі, гуляюць па пешаходнай Ленінскай, фатаграфуюцца на фоне ратушы… Жыхары горада над Дняпром таксама ў любы час могуць сесці на цягнік або маршрутку і праз некалькі га­дзін апынуцца на берагах Нёмана, ля старадаўняй Каложы, замкавых муроў.

Так было не заўсёды. Яшчэ са школьнага курса гісторыі мы ведаем пра Рыжскі мірны дагавор 1921 года. Па яго выніках дзяржаўная мяжа раз­дзяліла не толькі беларускую зямлю, але і беларускія сем’і, беларускія лёсы. Аднак не пазбавіла беларусаў жадання жыць у адной дзяржаве. Сяргей Прытыцкі, Вера Харужая, Максім Танк… Тысячы людзей змагаліся пад польскай акупацыяй за права беларусаў беларусамі звацца, чакалі прыходу Чырвонай Арміі.

Чакалі ўз’яднання і мае продкі, простыя сяляне-палешукі. Доб­ра памятаю аповеды бабулі Настассі
Фадзееўны пра яе бацьку, майго пра­дзеда, — актыўнага ўдзельніка падпольнага руху ў Заходняй Беларусі. Яна часта расказвала, як мужчыны таемна збіраліся ў сялянскіх хатах, чыталі лістоўкі, газеты, а яна і яе сябры, такія ж дзеці, залазілі на печ і слухалі, пра што гавораць таты.

“Здарова, таварышы! Доўга чакалі // Мы вас і чакала ўся наша зямля. // Не раз мы выходзілі ў сінія далі, // Не раз углядаліся ў сонечны шлях!” — так вітаў вызваленчы паход Чырвонай Арміі Максім Танк. Гэтыя словы ўслед за паэтам паўтаралі мільёны нашых землякоў.

Падчас рэспубліканскай акцыі “Беларусь адзіная”, якая ў гэтыя дні праходзіць у краіне, неаднаразова падкрэслівалася, што сённяшняя моладзь павінна ведаць праўду пра тыя часы. Сістэма адукацыі па добрай традыцыі (пачынаючы з 2021 года, калі 17 верасня стала дзяржаўным святам) прымае актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах. Для навучэнцаў і студэнтаў праводзяцца адзіныя ўрокі, рэс­публіканскі дыктант, адкрытыя дыялогі, выставы, інфармацыйныя гадзіны, велапрабегі па знакавых мясцінах, экскурсіі ў музеі. Адметнасць гэтага года — прагляд і абмеркаванне фільма “На іншым беразе”.

У верасні 1939 года была адноўлена гістарычная справядлівасць і наш народ зноў пачаў жыць адзінай сям’ёй. Няпростымі былі гэтыя восем дзесяцігоддзяў. Вялікая Айчынная вайна, пасляваенная разруха, чарнобыльская трагедыя… Але беларусы годна пераадолелі ўсе цяжкасці і працягваюць будаваць адзіную мірную будучыню на сваёй зямлі.