Дзеці з Санкт-Пецярбурга расказваюць юным беразаўчанам пра блакаду Ленінграда, а тыя ім — пра партызанаў

- 11:06Новости

Ездзіць адно да аднаго ў госці і камунікаваць падчас тэлемастоў. Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведалася, як завязалася цікавае і плённае супрацоўніцтва школьнікаў расійскага Санкт-Пецярбурга і беларускага горада Бяроза Брэсцкай вобласці.

Як расказала загадчык аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Алена Саковіч, кантакты паміж навучэнцамі двух гарадоў пачаліся з лёгкай рукі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ваенных маракоў», якое плённа супрацоўнічае з ветэранскімі арганізацыямі Санкт-Пецярбурга. Падчас адной з сустрэч калега прапанавала, каб ветэраны дапамаглі юным беразаўчанам наладзіць зносіны з равеснікамі з горада на Няве. І крокі ў гэтым напрамку не заставілі сябе чакаць.

Па ініцыятыве аддзела адукацыі Фрунзенскага раёна Санкт-Пецярбурга ў снежні мінулага года ў паўночную сталіцу Расіі запрасілі навучэнцаў сярэдніх школ, членаў ваенна-патрыятычных клубаў Бярозаўскага раёна, якіх суправаджалі прадстаўнікі раённай сістэмы адукацыі. Пецярбургцы падрыхтавалі для беларускіх гасцей цікавую і насычаную праграму. Дзеці пабывалі на азнаямленчай экскурсіі па горадзе, на свае вочы пабачыўшы яго ўнікальныя славутасці. Паглядзелі спектакль у Міхайлаўскім тэатры. Наведалі Кранштат, у прыватнасці Музей ваенна-марской славы, дзе азнаёміліся з гісторыяй флоту. Моцнае ўражанне ў школьнікаў пакінуў Музей абароны і блакады Ленінграда.

Важным пунктам праграмы стаў візіт у пецярбургскую школу № 325. Тут адбылася сустрэча з прадстаўнікамі адміністрацыі ўстановы адукацыі, аддзела адукацыі Фрунзенскага раёна Санкт-Пецярбурга і навучэнцамі. Абмеркавалі пытанні патрыятычнага выхавання юных грамадзян, перспектывы супрацоўніцтва паміж школамі Бярозы і Санкт-Пецярбурга, абмяняліся вопытам работы ваенна-патрыятычных клубаў.

Беларускія школьнікі расказалі расійскім равеснікам аб Бярозе і раёне, увогуле аб Беларусі. У ліку іншых актыўнасцей правялі для іх квест на веданне беларускіх слоў. Дарэчы, юныя расіяне з вялікім азартам імкнуліся знайсці правільныя адказы, хаця адгадалі значэнне толькі некалькіх слоў.

Расійскія школьнікі, члены пошукавага атрада «Абеліск-92/2», расказалі гасцям аб сваёй дзейнасці, запрасілі на экскурсію ў школьны ваенна-краязнаўчы музей «Каб памяталі…». Дарэчы, у яго экспазіцыі амаль 900 гістарычных прадметаў: зброя з месцаў баёў, асабістыя рэчы, прадметы побыту, дакументы, медальёны салдат і афіцэраў.

Цяпер у сістэме адукацыі Бярозы рыхтуюцца прымаць з візітам пецярбургскіх школьнікаў і калег. Па папярэдняй дамоўленасці, яго плануецца прымеркаваць да 9 Мая.

А тым часам зносіны паміж прадстаўнікамі падрастаючага пакалення дзвюх брацкіх краін працягваюцца ў фармаце тэлемастоў. Іх у студзені адбылося ўжо два, рыхтуюцца да наступнага. Тэмы выбіраюцца грамадска-патрыятычнай накіраванасці. Нашы вучні з розных школ збіраюцца ў музеі «Памяці і ўдзячнасці» сярэдняй школы № 2 Бярозы, пецярбургскія — у школах № 325 і 301. Расказваюць адно аднаму аб гісторыі сваіх населеных пунктаў, школьных музеях, патрыятычных клубах. Пецярбургскім дзецям цікава больш даведацца пра беларускіх партызан, юныя беразаўчане са спачуваннем слухаюць аповеды равеснікаў пра блакаду Ленінграда. Дарэчы, напрыканцы нядаўняга тэлемоста навучэнка бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Паліна Салавей прачытала ўласны верш, прысвечаны блакаднікам Ленінграда. Ён крануў сэрцы слухачоў па абодва бакі экрана.

— Вельмі важна, каб беларускія і расійскія дзеці мелі як мага больш магчымасцей знаёміцца, кантактаваць паміж сабой, бачыць, наколькі шмат паміж намі агульнага. Мы вельмі рады, што адкрылі для юных беразаўчан такую цікавую старонку супрацоўніцтва. І зробім усё магчымае, каб яно працягвалася і ўзмацнялася, — падкрэсліла А. Саковіч.

Аксана МЫЦЬКО
Фота з сайта school325.ru
і прадастаўлена аддзелам па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама