Разнастаіць летні адпачынак, дабавіць у яго крыху экстрыму, праверыць сілу свайго характару, фізічную вынослівасць — усё гэта толькі невялікая частка магчымасцей, якія прадастаўляюць навучэнцам ваенна-патрыятычныя лагеры, што традыцыйна падчас летніх канікул працуюць на базе воінскіх часцей.
Сур’ёзна, па-мужчынску
Чэрвень, ліпень… Хутка жнівень… Лета, як заўсёды, пралятае імкліва. Але ж застануцца ўспаміны. Уражанняў, якія атрымалі хлопчыкі і дзяўчынкі за 9 дзён адпачынку ў ваенна-патрыятычным лагеры “Доблесць” на базе вайсковай часці 3214, хопіць аж да наступнага лета. Увечары пасля адбою (за дзень нахадзіўшыся, набегаўшыся, нагаварыўшыся, настраляўшыся, наслухаўшыся экскурсаводаў) дзеці адразу ж засыналі. Некалькі секунд — і ў казарме наступала цішыня. “У лагеры столькі ўражанняў! Тут я стаў па-сапраўднаму высыпацца”, — прызнаўся вучань 5 класа сярэдняй школы № 93 Мінска Раман Чэбікаў.
А яшчэ Раман, як і іншыя яго “браты па зброі”, падчас комплексных заняткаў па баявой падрыхтоўцы на палігоне “Уручча” ўпершыню… назбіраў у лясным масіве чарніц і суніц. Упершыню самастойна распаліў вогнішча (безумоўна, пад наглядам ваеннаслужачых). Упершыню абсталяваў дзённы лагер ва ўмовах уяўных баявых дзеянняў. Упершыню страляў халастымі патронамі. Гэта вам не дваровыя гульні “ў вайнушку”. Тут усё сур’ёзна, па-мужчынску. Дарэчы, менавіта тут, у ваенна-патрыятычным лагеры, хлопчыкі ўпершыню пачулі, як да іх звяртаюцца словам “мужчыны”. Дзевяць дзён армейскага жыцця, дзевяць дзён сапраўднага мужчынскага выхавання!
Дзявочая доблесць
Былі сярод выхаванцаў і дзяўчынкі. Чым прыцягвае іх армейскі лад жыцця? Чаму для адпачынку яны выбралі “Доблесць”? “Мы былі тут яшчэ ў пазамінулым годзе, — дзеліцца вучаніца 8 класа Бараўлянскай сярэдняй школы Мінскага раёна Ганна Казакевіч. — На жаль, у мінулым годзе лагер не працаваў, таму калі сёлета нам прапанавалі адпачыць у “Доблесці”, то адразу пагадзіліся. Нас тут 5 дзяўчынак, і нам усё падабаецца. У ваенна-патрыятычным лагеры прыцягваюць дысцыпліна, асаблівы распарадак дня. У маёй школе ёсць кадэцкія класы, дзе вучацца дзеці старэйшыя за мяне на год. Я хацела б вучыцца ў такім класе, але не трапіла па ўзросце. А тут ёсць магчымасць адчуць, якое яно, армейскае жыццё. Можа, сваё дарослае жыццё я і не звяжу з ваеннай справай, але ўсё роўна навыкі, атрыманыя ў летніку, мне спатрэбяцца”.
Юлія Атабекава з 6 класа сярэдняй школы № 26 Мінска, як і яе сяброўка Ганна Казакевіч, захапляецца музыкай і любіць маляваць. У дзень, калі праводзіліся комплексныя заняткі па баявой падрыхтоўцы, замест любімай флейты і ўкулеле дзяўчынкі трымалі ў руках аўтаматы. “Зброя дысцыплінуе, трымаць яе — вялікая адказнасць”, — сказалі сяброўкі. Наогул, дысцыпліна — гэта асноўная рыса характару, якая фарміруецца ў выхаванцаў ваенна-патрыятычных лагераў дзякуючы асабліваму распарадку дня, той праграме, што распрацоўваецца кіраўніцтвам воінскіх часцей і мясцовымі органамі кіравання адукацыяй.
Сумесная работа
Згодна з планам ваенна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, Міністэрствам адукацыі сумесна з сілавымі міністэрствамі і ведамствамі рэалізуецца шмат праектаў, у тым ліку арганізацыя летнікаў на базе воінскіх часцей. Пасля ўрачыстага адкрыцця лагера “Доблесць” на базе вайсковай часці 3214 быў арганізаваны круглы стол з удзелам кіраўніцтва Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства аховы здароўя, на якім разглядаліся пытанні ўдасканалення работы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.
Як паведаміў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, гэтая работа з’яўляецца адным з важных напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі. Асноўныя яе падыходы знайшлі адлюстраванне ў дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021—2025 гады. Таксама распрацавана Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2030 года. З мэтай удасканалення ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць профільныя класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Навучэнцы такіх класаў вывучаюць два вучэбныя прадметы на павышаным узроўні і асвойваюць праграму факультатыўных заняткаў “Гатовы Радзіме служыць!”.
Эфектыўнымі формамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі з’яўляюцца ваенна-патрыятычныя і абаронна-спартыўныя аздараўленчыя лагеры, спартыўныя гульні і спаборніцтвы па ваенна-прыкладных відах спорту і фізічнай падрыхтоўцы. Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам абароны, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, Міністэрствам унутраных спраў, Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь. У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі 2021 года запланавана больш за 150 аздараўленчых лагераў ваенна-патрыятычнага профілю для больш як 10 тысяч выхаванцаў. “Міністэрствам адукацыі праводзіцца значная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Але, як паказвае вопыт, толькі працуючы разам і ўзгоднена мы зможам выхаваць сапраўдных грамадзян і патрыётаў”, — адзначыў намеснік міністра адукацыі.
З любоўю да Радзімы
Выдатным прыкладам такога ўзаемадзеяння і з’яўляецца лагер “Доблесць”. На працягу многіх гадоў ва ўнутраных войсках МУС ва ўзаемадзеянні з абласнымі, раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі па месцы дыслакацыі воінскіх часцей (падраздзяленняў) паспяхова рэалізуецца рэспубліканская міжведамасная праграма “Клопат” з мэтай арганізацыі летняй занятасці і вольнага часу непаўналетніх, недапушчэння здзяйснення імі адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў у канікулярны перыяд. З чэрвеня па жнівень 2021 года на базе злучэнняў і воінскіх часцей унутраных войскаў запланавана правядзенне 31 ваенна-патрыятычнага лагера для падлеткаў з агульнай колькасцю 1601 чалавек (з іх 102 знаходзяцца на ўліку ў ІСН). У такіх летніках фарміруецца маральна-псіхалагічная ўстойлівасць моладзі, праводзіцца прафілактыка наркаманіі, алкагалізму, адбываецца фізічнае развіццё падлеткаў і моладзі, прапагандуецца здаровы лад жыцця.
“Лагер “Доблесць” праводзіцца другі раз (першы — у 2019 годзе). Мінулым летам у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй быў перапынак. Наогул, на базе нашай часці акрамя лагера кожны год рэгулярна праводзяцца ваенна-патрыятычныя зборы навучэнцаў. Частка мерапрыемстваў ладзіцца па лініі ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, аднак большая частка праводзіцца вайсковай часцю. Гэта заняткі па баявой, ідэалагічнай падрыхтоўцы. Яшчэ падлеткі наведваюць розныя выставы, музеі, вяровачныя гарадкі, кінатэатры. Галоўнае — гэта асновы баявой падрыхтоўкі, прывіццё дзецям патрыятызму, любові да Радзімы. Гэта наша галоўная задача, і ў гэтым сэнс правядзення лагера”, — паведаміў намеснік камандзіра батальёна капітан Уладзімір Іваноў.
Асаблівае выпрабаванне выхаванцам лагера “Доблесць” падрыхтавала спякотнае надвор’е. “Думала, што вучням будзе складана адаптавацца, бо і смартфонамі ім нельга карыстацца, і шумець забараняецца, і трэба прытрымлівацца пэўнага распарадку дня. У іх жа такі ўзрост, што хочацца пабегаць, пагуляць, а тут рэжым, прычым не такі, як у звычайным прышкольным лагеры, ды яшчэ і спякотнае надвор’е, — падзялілася настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 93 Мінска Сабіна Мехдзіева. — Але падлеткі спраўляюцца з умовамі. Цікава назіраць, як дзеці глядзяць на ваеннаслужачых, як у іх фарміруецца характар. Вучням тут цікава, ды мне і самой цікава, хоць я і працую выхавальнікам у лагеры ўсяго тры дні”.
Незабыўныя дні
Усяго дзевяць дзён доўжыўся ваенна-патрыятычны лагер “Доблесць”. Але якія гэта былі дні! Насычаныя, яркія, незабыўныя. Яны, безумоўна, запомняцца хлопчыкам і дзяўчынкам, якія не пабаяліся спякотнага надвор’я і вырашылі праверыць сілу свайго характару, фізічную вынослівасць і напоўніць летнія канікулы армейскім жыццём.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.