Дзіцячы погляд на недзіцячыя праблемы

- 11:50Выхаванне

Чаму гліну называюць казачнай? Навошта вожыку яблыкі? Для чаго газіроўцы фарбавальнік? Чаму караблі не тонуць? Як звязаны дождж, сонца і вясёлка? На гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі адказы дашкольнікі і малодшыя школьнікі, якія з’ехаліся з усіх куточкаў Міншчыны на фінал адкрытага фестывалю “Я — даследчык”, які прайшоў у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мінскі абласны ІРА.

На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства з прывітальнымі словамі да юных да­следчыкаў звярнулася намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Антаніна Абалевіч. Яна адзначыла, што менавіта Мінская воб­ласць стала ініцыятарам правядзення падобных мерапрыемстваў для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, бо ў сталічным рэгіёне фестываль праходзіць ужо ў адзінаццаты раз.

Рэктар Мінскага абласнога ін­стытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Інга Кандрацьева прапанавала ўдзель­нікам фестывалю  невялікае інтэлектуальнае выпрабаванне, з якім пачынаючыя вучоныя выдатна справіліся.

Фестываль традыцыйна праходзіў у два этапы: першы — раённы (гарадскі), другі — абласны ў форме завочнага адбору работ. Для ўдзелу ў абласным этапе юныя навукоўцы Міншчыны прадставілі 168 работ. У фінале выступілі больш за 90 дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, якія прэзентавалі свае даследаванні на адкрытай стэндавай абароне ў 8 намінацыях: “Бюро знаходак”, “Мая Радзіма — Беларусь”, “Незвычайнае ў звычайным”, “Дзіця і прырода”, “Гуманітарныя веды”, “Прыродазнаўства (нежывая прырода)”, “Прыродазнаўства (жывая прырода)”, “Матэматыка, фізіка, тэхніка, робататэхніка”.

Падчас стэндавай абароны юныя навукоўцы з захапленнем прэзентавалі свае работы членам экспертных груп, бацькам, педагогам і равеснікам. Яны эксперыментальна даказалі, што ў хатніх умовах можна стварыць халадзільнік і паўплываць на рост раслін, вырабіць харчовы клей і сабраць робата. Навучэнцы вывучалі магчымасці перапрацоўкі арганічных хатніх адходаў і ператварэння іх у біягумус, правяралі слых у аднакласнікаў і складалі рэкамендацыі па яго захаванні, вывучалі лад жыцця стрыжа для таго, каб дапамагчы знясіленай птушцы вярнуцца на волю.

Таямніца назвы Белавежскай пушчы зацікавіла Стафанію Кандратовіч, выхаванку Прылуцкага ясляў-сада Мінскага раёна. Для таго каб раскрыць гэтую загадку, дзяўчынка вывучала карту Беларусі, лічыла бярозы ў Белавежскай пушчы і нават брала інтэрв’ю ў Дзеда Мароза. Стафанія пераканалася, што назва “Белавежская пушча”, звязаная з белым колерам, азначае свабоду і незалежнасць. І гэта вельмі падыходзіць запаведнаму месцу нашай краіны, якім кожны з нас можа ганарыцца.

Выхаванка ясляў-сада № 4 Стоўбцаў Соф’я Лапко, гуляючы па парку з бацькамі, задалася пытаннем “Навошта бярозе чорныя палоскі?”. Адказ на яго дзяўчынка знайшла на аснове ўласных назіранняў, параўнальнага аналізу малюнкаў, ілюстрацый з кніг і гутаркі са спецыялістамі. Сапраўдным адкрыццём стаў навуковы факт: праз маленькія трэшчынкі ў бярозу паступае паветра, і так дрэва дыхае. А называюцца чорныя палоскі “чачавічкі”.

Дамініка Вышнікава, выхаванка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мар’інай Горкі “Расток”, у сваёй рабоце “Навошта газіроўцы фарбавальнік?” высветліла, для чаго ў газіраваную ваду дабаўляюць харчовы фарбавальнік. Аказваецца, вытворцы робяць гэта для таго, каб прыцягнуць пакупнікоў, каб у магазіне людзі маглі па колеры знайсці жаданы густ. Пры гэтым смак напою ад колеру фарбавальніка не залежыць.

Вучань 2 класа Жыліхоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Капыльскага раёна Мацвей Уласовіч захапіўся тэмай аэрадынамікі. У прыватнасці, яго зацікавіла пытанне, як лётаюць верталёты. Цікавасць вучня падаграваў той факт, што старэйшы брат — пілот верталёта, таму ў Мацвея была магчымасць не толькі пабы­ваць у кабіне лятальнага апарата, але і паўдзельнічаць у сапраўдных палётах. Прэзентацыя работы Мац­вея была ўзмоцнена эфектнымі дэманстрацыямі канструктарскіх рашэнняў і рэальнага паветранага палёту, якія выклікалі непадробную цікавасць і серыю пытанняў ад аднагодкаў. Варта адзначыць і ўклад бацькі, які дапамагаў і накіроўваў сына ў яго даследаваннях. Прадстаўленая тэма мае сур’ёзныя перспектывы развіцця для нашай краіны, асабліва ў трэндзе пераходу да аднаўляльных крыніц энергіі і электрарухавікоў.

Работа Данііла Пляшко, трэця­класніка Грыцкевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, уяўляе сабой далёка не дзіцячае рашэнне глабальнай праблемы пошуку і выкарыстання альтэрнатыўнага паліва. Хлопчык сумесна з настаўнікам сканструяваў мадэль бытавой біягазавай уста­ноўкі, якая працуе на ліставым ападзе дрэў. Ён абгрунтаваў магчымасць атрымання біягазу з апалага лісця клёну, разлічыў неабходныя аб’ёмы сыравіны і выхад біягазу.

Юныя даследчыкі Міншчыны прадэманстравалі, што іх хвалю­юць зусім не дзіцячыя, а сур’ёзная навуковыя праблемы. Намаганні хлопчыкаў і дзяўчынак ацэньвала кампетэнтнае прафесійнае журы — вучоныя з Нацыянальнага інстытута адукацыі, БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, МАІРА. За праведзеныя даследаванні ўсе ўдзельнікі фіналу атрымалі заслужаныя медалі і памятныя прызы ад арганізатараў і спонсараў.

У вольны час малыя наведалі захапляючае навуковае шоу прафесара Мазгакруцікава ад музея навукі “Элемента”, адправіліся ў чароўнае падарожжа з Лунцікам, пабывалі ў гасцях у шахматнай каралевы, у гульнявым пакоі LEGO і на арт-пляцоўцы выдавецтва “Шапакляк”. Атмасферу свята на працягу дня стваралі тэматычныя гульнявыя пляцоўкі, арганізаваныя актывістамі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных.

Бацькам і педагогам была прадастаўлена магчымасць наведаць “Адукацыйны салон” і паўдзельнічаць у трэнінгу “Бацькі і дзеці: разумеем адзін аднаго”, а таксама праслухаць інтэрактыўную лекцыю аб адукацыйных рашэннях LEGO для гульні і навучання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлена МАІРА.