Дзіцячы сад № 2 Круглага атрымаў статус «Зялёная школа»

- 16:00Новости

Фарміраваць у дзяцей экалагічную культуру трэба змалку. Такога меркавання прытрымліваецца педагагічны калектыў дзіцячага сада № 2 Круглага. Надоечы ўстанова атрымала статус “Зялёная школа”.

Ключавым кірункам работы па экалагічнай асвеце ў дашкольнай установе з’яўляецца правядзенне інфармацыйных мерапрыемстваў. Актыўны ўдзел у іх прымаюць дзеці.

У рамках праекта “Зялёныя школы” была створана агітбрыгада “Экаляты”. У яе склад увайшлі старэйшыя выхаванцы, якія з задавальненнем выступалі перад дзецьмі з малодшых і сярэдняй груп. Малышам падрабязна рас­казвалі аб правілах паво­дзін у прыродзе. Падчас мерапрыемстваў удзельнікі агітбрыгады пагутарылі са сваімі маленькімі сябрамі на тэмы “Захаваем лес разам”, “Мы ў адказе за ўсё жывое, што ёсць на планеце!”, “Лес ад пажараў ратуем, дом для жывёл захоўваем!”. Старэйшым дзецям тлумачэнне матэрыялу дапамагло лепш асвоіць экалагічныя веды і ўменні, развіло самакантроль, адказнасць і адчуванне прыналежнасці да каманды. А нашы малышы ўбачылі больш зразумелы ім прыклад для пераймання.

Выступілі “Экаляты” і перад бацькамі на тэму “Шкодных жывёл не бывае” з афармленнем выставы “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”. Загадзя з дапамогай мам і татаў была выраблена насценная газета “Нашы хатнія гадаванцы”. Дзеці з захапленнем расказвалі пра сваіх жывёл, загадвалі загадкі, чыталі вершы, гулялі.

Вельмі аб’ядноўвалі выхаванцаў, педагогаў і бацькоў экалагічныя акцыі: “Кармушка каля сада”, “Пасадзім дрэва разам”, “Дапамажыце кропельцы”, “Збяры макулатуру — захавай жыццё дрэву!”. Часта праводзіліся тэматычныя конкурсы і выставы сумеснай творчасці: “Птушкі маёй краіны”, “Сямейная казка экалагічнай накіраванасці”, “Экасумка”. Сумесна з бацькамі  дзеці збіралі інфармацыю, матэрыял на экалагічную тэматыку, афармлялі памяткі і буклеты, якія пасля распаўсюджвалі.

Уся гэтая дзейнасць дапамагае выхаванцам атры­маныя экалагічныя ўяўленні выкарыстоўваць на практыцы. Яны ўсведамляюць адказнасць за вынікі сваіх учынкаў, а значыць, растуць адказнымі і неабыякавымі. Такім чынам, праект “Зялёныя школы” дазваляе сфарміраваць каштоўнасныя арыентацыі ў паводзінах дзяцей.

Галіна АТРАШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дзіцячага сада № 2 Круглага