Ліры, гуслі, жалейкі… Больш за 40 народных інструментаў стварыў сваімі рукамі акампаніятар Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Дзмітрый Ціханаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Музычная спадчына
Дзмітрый Раманавіч — чалавек-аркестр. Ён аднолькава віртуозна іграе на балалайцы, кантрабасе, альце, домры, баяне, акардэоне, гармоні, фартэпіяна і інш. Але найбліжэй яму ігра на народных інструментах — жалейцы, гуслях, тальхарпе, гудку, ліры, бубне.
Альбіна Церабіленка, Валерыя Берашэвіч, Дзмітрый Ціханаў, Таццяна Барысевіч і Вольга Ціханава
У адказ на маё здзіўленне і захапленне музычным талентам суразмоўніка ён тлумачыць:
— Калі іграеш на прафесійным узроўні хаця б на адным інструменце, то асвоіць іншыя нескладана. Я магу прыйсці на выступленне аркестра, 10 мінут паглядзець, як іграюць музыканты на новым мне інструменце, і тут жа паўтарыць. Асабліва гэта тычыцца народных інструментаў. Таму яны так і называюцца, бо любы чалавек зможа на іх іграць.
Але я думаю, што ўсё ж такі не ў кожнага атрымаецца так іграць. Відаць, у выпадку Дзмітрыя Раманавіча адыграла сваю ролю і спадчыннасць, і выхаванне ў музычным асяроддзі.
— Я нарадзіўся ў вёсцы Забелле Бешанковіцкага раёна. Мая бабуля была загадчыкам мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі і мяне малога пастаянна брала разам са сваім фальклорным калектывам на ўсе святы: Каляды, Масленіцу, Купалле і інш. Калі мая сям’я пераехала на Сенненшчыну, у Машканы, я якраз пайшоў у 1 клас і адначасова ў музычную школу, дзе вучыўся па класе баяна. А пазней, у класе 8-м, з сябрамі-музыкантамі мы стварылі свой гурт “Ружовыя акуляры”, да выпускнога ігралі хіты самых папулярных выканаўцаў. Я іграў на баяне, а калі вызначаўся з прафесіяй, нават не задумваючыся, па гэтым кірунку паступіў у Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І.І.Салярцінскага, — расказвае Дзмітрый Ціханаў.
У Сянно малады музыкант вярнуўся ў 2020 годзе — па размеркаванні пасля каледжа працаваў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Тут ён пасябраваў з гукааператарам, з ім стварыў дзіцячы гурт: на электрагітарах, клавішных, ударных пад іх кіраўніцтвам ігралі дзяўчаты.
Тут жа, у цэнтры культуры, Дзмітрый Ціханаў знайшоў сваё каханне — з загадчыкам аддзела Вольгай Ціханавай яны 4 гады назад стварылі сям’ю. Пазней яны перайшлі працаваць у раённы цэнтр дзяцей і моладзі: Вольга Уладзіміраўна яго ўзначальвае, а Дзмітрый Раманавіч працуе акампаніятарам.
Выступленні юных музыкантаў з Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі ўпадабалі не толькі гледачы, але і журы. У скарбонцы фальклорнага калектыву “Басэтля” ўжо некалькі перамог на творчых конкурсах — ад раённых да рэспубліканскіх.
Ліра па аўтэнтычнай тэхналогіі
Акрамя класічнага набору інструментаў, у Дзмітрыя Ціханава ёсць некалькі народных. Ён сам іх стварае, сам жа на іх і іграе. Дзеляць з ім сцэну і захопленыя аўтэнтыкай навучэнцы цэнтра. А цікавасць да гэтага кірунку ў яго нарадзілася яшчэ ў маленстве, калі ён быў часткай музычнага калектыву сваёй бабулі.
— Усё жыццё я прыгадваў пажылога мужчыну, які ў тым калектыве іграў на гуслях. Тады я нават не ведаў, як інструмент называецца. Высветліў гэта праз шмат гадоў, калі быў студэнтам. Хацеў сабе такія ж купіць, але іх кошт для мяне быў непад’ёмным. На той момант некаторыя інструменты я ўжо навучыўся рабіць (напрыклад, жалейкі з трыснягу). Задумаў стварыць і гуслі. Стаў разбірацца, шукаць інфармацыю, знаёміцца з майстрамі Беларусі, Расіі, вучыцца ў іх. Першыя гуслі, якія было не сорамна паказаць людзям, я зрабіў у 2021 годзе. Гэта былі шасціструнныя крылападобныя аўдошы ізумруднага колеру. Сваю назву інструмент атрымаў ад сяла Аўдошы ў Свярдлоўскай вобласці, адкуль ён і пачаў сваё распаўсюджванне, — расказвае Дзмітрый Ціханаў.
Пасля таго ў руках майстра нараджалася мноства гусляў, гудкоў, тальхарпаў… Пакуль набіваў руку, ствараючы гэтыя параўнальна простыя інструменты, музыкант марыў зрабіць яшчэ адну рэч — сапраўдную колавую ліру па аўтэнтычнай тэхналогіі.
— У колавай ліры — складаны механізм з валам, корпусам, клавішным блокам, а галоўнае — унутры круціцца кола, якое замяняе сабой смычок. Каб зрабіць яе, патрэбен адметны інструмент, а ў мяне, учарашняга студэнта, былі толькі дзве стамескі, нажоўка і малаток. Ні чарцяжоў, ні рэкамендацый у інтэрнэце я не знайшоў, таму з першай лірай прамахнуўся у памерах — зрабіў меншай, чым трэба, таму рабочая струна (мензура) атрымалася карацейшай, не было добрага гуку, — успамінае сваю першую няўдалую спробу мой суразмоўнік.
Да вырабу другой ён прыступіў, ужо калі пазнаёміўся з двума лірнікамі з Міншчыны і Сібіры і шмат чаму ў іх навучыўся. Штуршком да пачатку новай работы стаў і рэспубліканскі фестываль-конкурс даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”. У выніку праект Дзмітрыя Ціханава па стварэнні гэтай колавай ліры ўвайшоў у тройку пераможцаў на рэспубліканскім узроўні.
— Ліру ў асноўным рабілі з суцэльнага кавалка. Лепш за ўсё браць елку: у яе прамыя і тонкія валокны, таму праз іх гук праходзіць лепш. Яна ссякалася, распільвалася на цурбаны па паўметра, якія потым расколваліся папалам і адпраўляліся сушыцца. З такога кавалка рабілі карытца, пакідаючы месца для галавы і для пяткі, а зверху ставілася дэка — прычым яна не прыклейвалася і не прыбівалася цвікамі. Тут прынцып такі: струны абапіраюцца на парожак, які і прыціскае сабой дэку да корпуса. Гэта максімальна класічная аўтэнтычная колавая беларуская ліра.
Самае складанае — зрабіць кола з прывадам. Для яго найлепш падыходзяць дуб і ясень — шчыльная драўніна не такая ўспрымальная да перападу тэмператур, інакш зімой зрэз драўніны выцягваецца ў адзін бок, а летам — у другі. Па гэтай жа прычыне корпус трэба абклейваць шпонай па крузе, каб трымаць яго форму. Пасля пачынаецца зборка. Тут важна не памыліцца з памерамі. На гэты раз я ўсё вымераў да міліметра.
Асобная гісторыя са струнамі. Для колавай ліры патрабуюцца адмысловыя. У Беларусі толькі два чалавекі такія робяць. Можна разбіраць на струны і тэнісныя ракеткі, у якіх замест лёскі — кручаная жыла ці чэрава барана. Але і кошт такіх ракетак вельмі высокі. Таму я струны раблю сам: купляю чэрава барана, вымочваю яго, складваю ў некалькі разоў (для асноўнай галасавой струны, напрыклад, патрэбны тры столкі), нацягваю паміж цвікамі і скручваю ў тоненькую вяровачку. Праз тыдні два сушкі яны гатовы. Струны атрымліваюцца максімальна аўтэнтычнымі — менавіта такія струны нашы продкі ставілі і на лютні, і на колавыя ліры.
Колавая ліра — сваячка скрыпкі. А назву сваю яна атрымала дзякуючы таму, што ў адрозненне ад скрыпкі, на якой іграюць смычком, ролю смычка выконвае кола. Атрымліваецца такі “смычок” бясконцым — пакуль круціш ручку, кола круціцца, трэцца аб струну, утвараючы гук. А каб гук быў яшчэ больш выразным, на струну папярэдне трэба накруціць авечую шэрсць, а кола нацерці каніфоллю, — дзеліцца сакрэтамі майстар.
Ён не шкадуе часу на стварэнне інструментаў, хаця яго для гэтай справы патрэбна шмат. Калі рабіў толькі ручныя інструменты, на работу ішло месяцы 3—4, а цяпер, калі набыў распіловачны і свідравальны станкі, шліфмашынку, электралобзік, электрарубанак, спраўляецца за паўтара-два месяцы. Эканоміць ён час і на гатаванне клею. Некалі майстры рабілі яго самастойна, выварваючы рыбную луску і косці. Цяпер жа клей можна купіць.
Новыя планы
Дзмітрый Ціханаў не збірае інструменты выключна для калекцыі. Ён перакананы: інструменты павінны іграць. Усе яго сябры і знаёмыя, якія так ці інакш звязаны з музыкай, ужо маюць розныя інструменты ад Дзмітрыя. У самога ж на руках двое гусляў, ліра, дзве тальхарпы. Прычым адна тальхарпа хутка адправіцца ў Полацк, а гэта нагода ствараць наступную.
У планах Дзмітрыя Раманавіча — асвоіць выраб і новых інструментаў:
— Наступнай, хутчэй за ўсё, будзе тагельхарпа — старэйшая сястра тальхарпы. Па сутнасці, гэта скрыпка, але з клавішамі. Хачу стварыць і традыцыйны беларускі гармонік. Тыя ж гуслі ў памяшканні гучаць выдатна, а як толькі я іх вынесу на вуліцу, як толькі яны ўдыхнуць вясновае вільготнае паветра, іх тут жа павядзе: струны нацягнуцца, страціцца строй, і трэба будзе зноў настройваць. Гармонь у гэтым дачыненні непатрабавальная. Шмат розных інструментаў — шырэйшы рэпертуар нашага калектыву.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ