Дзве ракі — адзін выток

- 15:32Родная земля

Докшыцкі раён не славіцца вялікімі азёрамі, шырокімі паўнаводнымі рэкамі, аднак яго водныя багацці не меншыя, чым на Браслаўшчыне або Ушаччыне. Менавіта тут праходзіць галоўны Еўрапейскі водападзел паміж басейнамі рэк Балтыйскага і Чорнага мораў, на гэтай зямлі пачынаюць працяглы звілісты шлях Бярэзіна, якая імкнецца на паўднёвы ўсход у Дняпро, а потым разам з ім у цёплае мора, і Вілія, што нясе свае воды на паўночны захад у халодную Балтыку. Акрамя таго, у докшыцкіх лясах струменяць дзясяткі крыніц, якія ператвараюцца ў рачулкі, такія як Поня, Сэрвач.

Сапраўдныя жамчужыны

Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск… Калі паглядзець на палітыка-адміністратыўную карту Беларусі, то можна заўважыць, што гэтыя гарады, пазначаныя каляровымі кружочкамі, нібыта пацеркі, насаджаны на звілістую блакітную нітку — Бярэзіну. Здаецца, разарві нітку — і пацеркі рассыплюцца, разаб’юцца. Гэтак і ў рэальным жыцці: перасохне рака, і гарады страцяць сваю адметнасць, непаўторнасць, іх жыццё, канечне, не спыніцца, але стане ўжо іншым. Зменіцца лёс і тых раёнаў Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей, па тэрыторыі якіх працякае адна з галоўных водных артэрый нашай краіны. Тое ж самае можна сказаць і ў дачыненні да Вілейшчыны, Смаргоншчыны, Астравеччыны. Цяжка ўявіць маляўнічасць, непаўторнасць гэтых мясцін без знакамітай Віліі.
Паўнаводныя, рыбныя, а некалі і суднаходныя, названыя рэкі з’яўляюцца нашымі прыроднымі жамчужынамі. Нават і не верыцца, што шырокая пры ўпадзенні ў Дняпро Бярэзіна ў сваім вытоку падобна на звычайны канал, зарослы чаротам, а знакамітая Вілія, на якой стаіць старажытная Вільня, выцякае з балота тоненькай звілістай стужкай. Аднак жыхары Докшыцкага краю любяць гэтыя рэкі і такімі, вузкімі, неглыбокімі. І няхай яны нешырокія, затое рыбныя, няхай неглыбокія, затое якія маляўнічыя! Нездарма кожны год па Докшыцкім раёне вандруюць беларускія і замежныя турысты, каб падчас водных і пешых паходаў не толькі праверыць сваю фізічную падрыхтоўку, але і цудоўна адпачыць.
Гэтыя рэкі выконваюць яшчэ і выхаваўчую ролю: фарміруюць у людзей любоў да докшыцкай зямлі. І сапраўды, каб палюбіць гэты край, дастаткова ўсяго некалькі хвілін паназіраць за тым, як віецца сярод ляснога гушчару Вілія, як раптоўна яна выбягае на ўскраек вёскі, а потым праз некалькі дзясяткаў метраў зноў хаваецца сярод гушчэчы дрэў. Вось так цесна Вілія пераплялася і з лёсам жыхароў Докшыцкага краю. Жыццё гэтых людзей непарыўна звязана не толькі з Бярэзінай, Віліяй, але і іншымі, няхай і не такімі знакамітымі, аднак не менш маляўнічымі рачулкамі, у чым пераконваешся пасля размовы з педагогамі Дзяржаўнага цэнтра дзіцячай творчасці Докшыцкага раёна, Бягомльскай сярэдняй школы і Бягомльскай школы-інтэрната.

Пра клумбу і альтанкі

Каб вызначыць галоўную асаблівасць таго ці іншага краю, неабходна пазнаёміцца з яго гісторыяй, геаграфіяй, побытам жыхароў, перачытаць адпаведную літаратуру. Аднак у дачыненні да Докшыцкага раёна рабіць гэта неабавязкова. Дастаткова раскрыць энцыклапедыю ці геральдычны даведнік і пазнаёміцца з гербам райцэнтра. А лепш за ўсё завітаць у Докшыцы, прыйсці на цэнтральную плошчу і некалькі хвілін палюбавацца незвычайнай кампазіцыяй. На вялікай клумбе, створанай у выглядзе геральдычнага французскага шчыта, ляжаць два перавернутыя вялікія збаны. Шчыра кажучы, я да іх не дакранаўся, але здалося, што яны гліняныя. З гэтых збаноў выцякаюць струмені вады, што сімвалізуе вытокі Бярэзіны і Віліі.
Праўда, на клумбе ваду імітуюць сотні каменьчыкаў, выкладзеных адпаведным чынам і пафарбаваных у блакітны колер. Што ж, даволі арыгінальна, прывабліва. Нядзіўна, што каля збаноў любяць фатаграфавацца турысты і проста прахожыя.
Папулярнасцю карыстаецца не толькі арыгінальная клумба, але і месца вытоку Бярэзіны. Нягледзячы на тое, што рака пачынаецца прыкладна за кіламетр ад горада, прынята лічыць, што яе выток менавіта ў Докшыцах, на месцы штучнага возера. Гэтая геаграфічная недакладнасць цалкам апраўдана, паколькі ўздоўж вадаёма праходзіць аўтамабільная дарога на Глыбокае, Браслаў. Кожны дзень па ёй праязджаюць сотні машын і аўтобусаў. Мясцовыя ўлады правільна зрабілі, што добраўпарадкавалі бераг возера, паставілі каля дарогі прыгожыя альтанкі і на адной з іх змясцілі герб Докшыц, флігель з датай першага летапіснага ўспаміну сённяшняга райцэнтра (1407) і шыльду з надпісам “Выток р. Бярэзіна”. Няхай усе ведаюць пра галоўную адметнасць докшыцкага краю! Спыняцца тут любяць не толькі аўтааматары. На беразе возера сустракаюць світанак выпускнікі, а таксама закаханыя. А яшчэ на альтанцы можна ўбачыць прыкмету цяперашняй моды — дзясяткі замкоў. Хто іх тут павесіў, здагадацца няцяжка, пра гэта гавораць надпісы: “Выпуск 2011” або “Вольга + Дзяніс = Каханне”.

Пачатак жыццёвых дарог

Адсюль пачынаецца не толькі самастойнае дарослае жыццё ўчарашніх школьнікаў і сямейны шлях докшыцкіх хлопцаў і дзяўчат, але і экскурсіі, якія для навучэнцаў горада і раёна праводзіць кіраўнік гуртка “Гісторыкі-краязнаўцы”, што дзейнічае пры раённым цэнтры дзіцячай творчасці, Ірына Станіславаўна Аліноўская. Знаёмства з вытокам Бярэзіны адбываецца падчас экскурсіі “Наш слаўны горад”.
— Мы з вамі знаходзімся каля вытоку Бярэзіны. Як бачыце, на альтанцы змешчаны герб Докшыц, на якім выявы збаноў, з якіх выцякаюць дзве ракі: Бярэзіна і Вілія. Бярэзіна імкнецца да цёплага паўднёвага мора, а Вілія насычае халодную Балтыку. Адметнасцю нашага краю з’яўляецца тое, што ён знаходзіцца на галоўным Еўрапейскім водападзеле басейнаў рэк Чорнага і Балтыйскага мораў. Калісьці праз наш раён праходзіла і частка знакамітай Бярэзінскай воднай сістэмы, якая адыгрывала вялікую ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці краю. З цягам часу сістэма прыйшла ў запусценне, канал абмялеў і рэкі страцілі ранейшае транспартнае значэнне, аднак гаспадарчую ролю ў жыцці нашага краю яны па-ранейшаму выконваюць.
Пра адну з гэтых рэк, Вілію, складзена цікавая легенда. Калісьці жылі хлопец Сцяпан і дзяўчына Вільяна. Яны моцна кахалі адзін аднаго, але ім не суджана было быць разам. Каб захаваць каханне, Сцяпан прадаў душу д’яблу і ператварыўся ў камень. Вільяна, калі ўбачыла свайго каханага акамянелым, пачала плакаць. З гэтых слёз утварылася крынічка, а потым і рака, — праводзіць экскурсію для вучняў 7 класа сярэдняй школы № 1 Докшыц Ірына Станіславаўна Аліноўская.

Па водных прасторах

Як бачым, Бярэзіна і Вілія своеасаблівым чынам дапамагаюць педагогам праводзіць выхаваўчую работу і ў першую чаргу фарміраваць у вучняў любоў да роднай зямлі. Важная роля тут належыць не толькі экскурсіям, але і водным паходам, якія ладзяць супрацоўнікі Дзяржаўнага цэнтра дзіцячай творчасці Докшыцкага раёна. Галоўная мэта такіх паходаў — вывучэнне роднай зямлі, а дакладней помнікаў архітэктуры, гісторыі, прыроды, даследаванне ваеннага мінулага. Нездарма цэнтр дзіцячай творчасці каардынуе краязнаўчую, экалагічную, грамадзянска-патрыятычную работу, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі раёна, з’яўляецца арганізатарам раённага этапу рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
— Нашы выхаванцы займаюцца ў мастацкіх, мастацка-эстэтычных, тэхнічных, экалагічных, турыстычна-краязнаўчых, спартыўных гуртках. Непасрэднае знаёмства з рэкамі і іх вывучэнне адбываецца на занятках турыстычна-краязнаўчых гурткоў падчас пешых, веласіпедных і водных паходаў выхаднога дня, а таксама аднадзённых, шматдзённых, ступенных ці катэгарыйных паходаў. Паходы праводзяцца пад кіраўніцтвам Сяргея Аляксандравіча Васько, Наталлі Уладзіміраўны Рандарэвіч, Пятра Уладзіміравіча Шумскага, Тамары Тадэвушаўны Калягі, Ірыны Станіславаўны Аліноўскай. Самым папулярным з’яўляецца водны паход ІІІ ступені складанасці на байдарках па рэках Поні, Бярэзіне, возеры Медзазол, — гаворыць дырэктар цэнтра Тэрэза Генрыхаўна Урбан.
Выхаванцы цэнтра дзіцячай творчасці пакараюць водныя прасторы не толькі Докшыцкага, але і суседніх Глыбоцкага, Ушацкага, Лепельскага раёнаў. Актыўныя заняткі турызмам прыносяць плённыя вынікі: на абласных турысцкіх спаборніцтвах докшыцкія педагогі і вучні часта займаюць прызавыя месцы. Водныя паходы арганізоўваюцца як выключна для вучняў, так і выключна для педагогаў з мэтай падрыхтоўкі турысцкіх кадраў, якія ў далейшым маглі б належным чынам арганізаваць адпаведную работу з вучнямі. Адзін з такіх байдарачных паходаў праводзіўся летам 2009 года.
— Воднае падарожжа пралягала праз самыя прыгожыя мясціны Докшыцкага раёна, па рэках Поні, Бярэзіне, возеры Медзазол. На нашым шляху сустракалася шмат археалагічных помнікаў, гарадзішч і курганных могільнікаў, а таксама мясцін, звязаных з мужнай барацьбой беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У выніку была складзена работа “Водныя прасторы Докшыцкага краю”. Падчас паходу адбывалася і знаёмства з прыроднымі, гістарычнымі і культурнымі помнікамі. Аднак асноўную ўвагу мы ўдзялялі вывучэнню рэк Поні, Бярэзіны і возера Медзазол, — расказвае супрацоўнік цэнтра дзіцячай творчасці кіраўнік паходу Сяргей Аляксандравіч Васько.
Гэтае вывучэнне праходзіла пераважна ў выглядзе назірання. Вынікі даследавання не самыя аптымістычныя. Па словах Сяргея Аляксандравіча, рака ў многіх месцах зарастае чаротам, на яе берагах, асабліва ў зонах адпачынку, валяецца смецце. Канечне, як сумленныя грамадзяне настаўнікі і вучні праводзяць экалагічныя акцыі, наводзяць чысціню, аднак у рэшце рэшт — гэта не іх справа, а клопат адпаведных дзяржаўных службаў.

У госці да Вільяны і Сцяпана

Вывучэнне рэк роднай зямлі праводзяць не толькі школьнікі Докшыц. Краязнаўчыя паходы здзяйсняюць і вучні Бягомльскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алы Міхайлаўны Сушко.
— Асноўная выхаваўчая дзейнасць настаўнікаў нашай школы накіравана на тое, каб дзеці ведалі малую радзіму. Можа, Докшыцкі раён і невялікі па плошчы, аднак для вучняў гэта цэлая нязведаная краіна. Таму лічу вельмі важным пазнаёміць дзяцей хаця б з ваколіцамі Бягомля, і не толькі тэарэтычна падчас класных
гадзін, а практычна — падчас падарожжаў, — гаворыць Ала Міхайлаўна.
Са сваімі выхаванцамі Ала Міхайлаўна адпраўляецца ў паход у той час, калі для дзяцей толькі пачаліся заняткі ў 5 класе. На думку настаўніцы, важна як мага раней сфарміраваць у вучняў цікавасць да актыўнага адпачынку і пазнання роднага краю. Знаёмства з роднай зямлёй адбываецца паступова. Спачатку працягласць маршрутаў складае прыкладна 5 кіламетраў, потым, калі вучні становяцца больш моцнымі, вынослівымі, —
10 кіламетраў і г.д. Тады ўжо разам з дзецьмі можна адпраўляцца на пошукі і Акулінінай сасны, і Сцёп-каменя, і Мядзведзь-каменя. Дарэчы, цікава праводзяцца пошукі гэтых помнікаў прыроды. Вучні разам з настаўніцай наладжваюць сапраўдную аблаву-гульню. Дзеці ідуць ланцужком, працягласцю некалькі дзясяткаў метраў, і ўважліва глядзяць навокал.
— Для вучняў гэта своеасаблівае спаборніцтва. Вы б толькі чулі, з якой радасцю яны крычаць на ўвесь лес: “Знайшоў!” — адзначае Ала Міхайлаўна.
Самым працяглым падарожжам была вандроўка да вытоку Віліі. Такіх паходаў Ала Міхайлаўна правяла некалькі. Першы быў здзейснены 13 чэрвеня 2000 года. Падчас паходу вучні сустрэліся з сястрой знакамітага кампазітара Нестара Сакалоўскага, наведалі малую радзіму Героя Савецкага Саюза Аляксандра Чэрныша і, канечне, дайшлі да таго месца, адкуль Вілія пачынае струменіць з-пад вялікага каменя.
— Актыўную дапамогу ў правядзенні паходаў мне аказваюць бацькі вучняў, таму што, пагадзіцеся, ісці адной у лес з 5-6-класнікамі трывожна, баязліва. Адной з актыўных памочніц з’яўляецца маці маёй былой вучаніцы Дашы Паляк Наталля Мікалаеўна, якая працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Бягомльскай школы-інтэрната. Дзякуючы Наталлі Мікалаеўне, мы дакладна вызначылі месца вытоку Віліі, — расказвае Ала Міхайлаўна.
Ва ўтульным кабінеце беларускай мовы і літаратуры Ала Міхайлаўна апавядала і пра бабрыныя хаткі, якія падчас таго паходу шукалі вучні, і пра рознакаляровыя кветкі, якія сустракаліся на іх шляху, і пра смачную ваду з крыніц, ад якіх пачынаюць свой шлях невялікія рачулкі. Канечне, прыемна слухаць гэты захапляльны аповед, аднак праўду кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму пасля размовы ў школьных сценах Ала Міхайлаўна прапанавала наведаць тое месца, адкуль, згодна з легендай, з-пад каменя цякуць слёзы дзяўчыны Вільяны. Перад тым, як расказваць пра нашу вандроўку, — асобныя словы падзякі настаўніку фізічнай культуры Бягомльскай школы Генадзю Мікалаевічу Сіўцэвічу, які пагадзіўся даставіць нас на сваім аўтамабілі на ўскраек вёскі Вялікае Сяло, акурат да самага вытоку Віліі. Ролю правадніка ў гэтым
падарожжы выконвала Наталля Мікалаеўна Паляк, якая нарадзілася якраз у тых мясцінах. Калі мы крочылі праз лес і поле ўздоўж забалочанай поймы Віліі да яе вытоку, Наталля Мікалаеўна ўзгадвала дзіцячыя гады, расказала пра ранейшы стан ракі, тыя змены, што адбыліся тут за многія гады.
— Раней берагі Віліі былі цвёрдыя, на іх і праходзілі нашы дзіцячыя забаўкі. Пасля таго, як сюды прыйшлі бабры і пабудавалі свае плаціны, узровень вады падняўся. Цяпер, як бачыце, выток забалочаны. Нават вялікі камень, у які нібыта ператварыўся Сцяпан, схаваны пад вадой. Наогул, пра гэтую легенду я даведалася нядаўна. Напэўна, яе склалі жыхары іншых раёнаў. У нас жа гаварылі так: Вілія, таму што віляе. Тутэйшыя жыхары і цяпер называюць раку Вілляй. З ёй непарыўна звязана жыццё маіх аднавяскоўцаў. Напрыклад, калісьці людзі на яе дне капалі рыдлёўкамі торф, расчышчалі ваду ад чароту. Расчышчаныя месцы называлі віркамі, у іх мы любілі купацца. У Вілію цякла вялікая колькасць крыніц, з якіх мы пілі ваду. Гэтыя крыніцы лічылі святымі, і ніхто з дзяцей не меў моды падысці да крынічкі і нешта туды кінуць, засмеціць яе, — расказвае Наталля Мікалаеўна.
Каля вытоку Віліі і цяпер няма смецця: ці ад таго, што тутэйшыя жыхары настолькі любяць родную зямлю, а можа, таму, што сюды прыйшлі бабры, пабудавалі свае хаткі, плаціны, і цяпер чалавеку цяжка знайсці месца, дзе з-пад зямлі выцякаюць слёзы дзяўчыны Вільяны. А калі б не бабры і выток не быў забалочаны? Напэўна, разам з людзьмі, якія б адпачывалі на беразе ракі, тут з’яўляліся б і пустыя пластмасавыя бутэлькі, папера. На жаль, ад гэтай заганы наша грамадства яшчэ не пазбавілася. А так, дзякуючы бабрам, акамянелы хлопец Сцяпан і яго каханая Вільяна надзейна прыхаваны ад людскога вока, цяпер нішто не парушыць іх пяшчотных абдымкаў.
Воднымі багаццямі ганарацца многія раёны нашай краіны. Азёрамі — Браслаўшчына, Ушаччына, рэкамі — Піншчына, Лоеўшчына, Петрыкаўшчына. Сярод гэтага пераліку лясісты Докшыцкі край займае асаблівае месца, тут нараджаюцца дзве знакамітыя ракі. Хоць у кожнай з іх свой шлях (у Бярэзіны да Чорнага мора, у Віліі — да Балтыйскага), аднак радзіма і выток у іх адзін — маляўнічая Докшыцкая зямля.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.