#дзякуйнастаўнік, #дзякуйшкола!

- 10:52Актуально, Апошнія запісы

Учора і сёння выпускнікі атрымліваюць атэстаты аб заканчэнні агульнай сярэдняй адукацыі. Урачыстасці праходзяць у кожнай навучальнай установе. У гэтым навучальным годзе 11 класаў скончылі 52,6 тысячы школьнікаў. Як напярэдадні адзначылі ў Міністэрстве адукацыі, рашэнне аб фармаце мерапрыемства прымалася канкрэтнай установай адукацыі, яе кіраўніком з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Падчас правядзення мерапрыемстваў былі выкананы ўсе неабходныя меры па захаванні бяспекі і здароўя навучэнцаў з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя.

У сярэдняй школе № 14 Маладзечна ўрачыстае ўручэнне атэстатаў прайшло па ўсіх правілах. Святочныя і ўсхваляваныя выпуск­нікі разам з педагогамі сабраліся ў школьным зімовым са­дзе. Бацькі, якія пажадалі паназіраць за прыгожай і такой чаканай дзеяй, былі таксама запрошаны. Адзін­ае, каб забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне, яны размясціліся на другім паверсе зімовага саду. Але гэта не замінала ім бачыць, ганарыцца і радавацца за сваіх дзяцей.

Як і педагагічнаму калектыву на чале з дырэктарам школы Калінай Капуцкай, якія былі побач з юнакамі і дзяўчатамі на працягу 11 гадоў, перажываючы кожную перамогу і няўдачу. Роднасць, еднасць і гордасць можна было прачытаць у вачах настаўнікаў. А некалі маленькія, пужлівыя першакласнікі ператварыліся ў дарослых людзей, такіх разумных, адказных і творчых.

У 2019/2020 навучальным го­дзе адукацыйны працэс у сярэдняй школе № 14 Маладзечна для 1616 навучэнцаў ажыццяўлялі 126 педагогаў. Ва ўстанове адукацыі працуюць выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, 6 магістраў, 3 бакалаўры. З 2016 па 2020 год быў абагульнены вопыт 32 педагогаў школы. За пяць гадоў праведзена 25 семінараў раённага, 9 — абласнога, 3 — рэспубліканскага ўзроўняў. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Зінаіда Уладзіміраўна Давідовіч стала пераможцай міжнароднага конкурсу педагагічнага майстэрства “Педагог года — 2020”.

У 2019/2020 навучальным го­дзе педагагічны калектыў пачаў работу над рэалізацыяй рэспубліканскіх інавацыйных праектаў “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый вучняў у працэсе арганізацыі і функцыянавання медыяцэнтра ўстановы адукацыі” (2019—2022), “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умовы прафесійнага самавызначэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях” (2019—2021).

У школе ёсць народны музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. З 2017 года на базе музея працуе раённы рэсурсны цэнтр па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні. З 2013 года працуе школьная бізнес-кампанія “Старт”, дзейнасць якой накіравана на развіццё прадпрымальніцкіх навыкаў падлеткаў, іх занятасці сацыяльна значнай працай.

З 2016 па 2020 год у скарбонцы ўстановы — 248 дыпломаў, грамат, падзяк раённага ўзроўню, 41 — абласнога, 21 — рэспубліканскага і 10 — міжнароднага.

Сёлета з сярэдняй школы № 14 Маладзечна ў вялікае жыццё выходзяць 72 выпускнікі. Іх навучанне было арганізавана ў трох класах.

11“А” быў ваенна-патрыятычнай накіраванасці з павышаным узроўнем вывучэння фізікі і матэматыкі.

У 11 “Б” класе на павышаным узроўні вывучалі беларускую і замежную мовы. Акрамя таго, на яго базе была арганізавана група педагагічнай накіраванасці з 10 вучняў, і чатыры навучэнцы атрымалі рэкамендацыі для паступлення ў БДПУ імя Максіма Танка. У мінулым навучальным годзе паступіла 8 з 10 навучэнцаў гэтай профільнай групы.

11 “В” клас таксама быў адметным. У ім адна група на павышаным узроўні вывучала хімію і біялогію, а другая вывучала прадметы на базавым узроўні. Гэтыя адзінаццацікласнікі больш увагі ўдзялялі вывучэнню працоўнага навучання на базе Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. У выніку тры дзяўчыны атрымалі прафесію кухара, а чатыры юнакі — прадаўца. Выпускнікам прысвоены 3—4 разрады.

7 выпускнікоў школы атрымалі залатыя медалі, адзін — сярэбраны, 20 былі ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вывучэнні вучэбных прадметаў. Дзмітрый Чашко, Ілья Путырскі, Кірыл Руды сталі пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Акрамя таго, Кірыл Руды — медаліст, кандыдат у майстры спорту па плаванні, пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў — з’яўляецца пераможцам заключнага этапу рэспублікан­скай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” і будзе залічаны сёлета ва ўніверсітэт фізічнай культуры. Яго настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Васільевіч Лашук з’яўляецца выдатнікам адукацыі. І, канечне, Кірыл вельмі ўдзячны свайму педагогу, які выхаваў з яго мэтанакіраванага чалавека і таленавітага спартсмена.

Да слоў падзякі Кірыла далучыўся Ілья Путырскі, які свае словы адрасаваў настаўніцы біялогіі Таццяне Васільеўне Лешчанковай, адзна­чыўшы яе прафесіяналізм, чуласць і разуменне ў сумеснай працы па падрыхтоўцы да ўдзе­лу ў алімпіядзе.

Безумоўна, асаблівыя словы гучаць у адрас класных кіраўнікоў: настаўніцы хіміі Святланы Кянесаўны Шахметавай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Алены Антонаўны Жук, настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Наталлі Іванаўны Сасноўскай. Менавіта класны кіраўнік задае атмасферу ў класе, з’яўляецца першым памочнікам кожнаму вучню. Цёплыя словы падзякі ад выпускнікоў і бацькоў прагучалі для настаўніцы матэматыкі Зоі Ірэнеюшаўны Давідзёнак.

Усе выдатнікі вучобы, медалісты, пераможцы алімпіяды атрымалі стыпендыю папячыцельскай рады школы. Медалістам былі ўручаны памятныя сувеніры, бацькам — падзячныя пісьмы Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта.

Акрамя таго, выпускнікі сярэдняй школы № 14 Маладзечна далучыліся да акцыі “Дзякуй, настаўнік, дзякуй, школа!” і павіншавалі сваіх любімых педагогаў адметным відэаролікам.

Сёлета ў падтрымку ўсіх педагогаў краіны на афіцыйным сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ў афіцыйных сетках ведамства была запушчана ўсебеларуская акцыя “Дзякуй, настаўнік, дзякуй, школа!”. Выпускнікам устаноў адукацыі было прапанавана прыняць удзел у цікавых флэш-мобах, займальных чэленджах, крэатыўных марафонах, анлайн-лайф-актыўнасцях і сказаць “дзякуй” сваім настаўнікам за іх цярпенне, працу, за веды, якія атрымалі ў школе.

“Трыста дзён у годзе на працягу 11 гадоў вы праводзілі ў школе, побач з вамі заўсёды быў настаўнік. Настаўнік. Зусім не вялікае слова. Але колькі ўсяго яно зна­чыць… Як шмат схавана за гэтымі літарамі. Кожны дзень настаўнік быў побач з вамі, дапамагаў стаць асобамі, адкрываў дарогу ў дарослае жыццё. І вельмі хочацца, каб дабро, якое настаўнік дарыў вам, выпускнікі, вярнулася да іх у пасце падзякі”, — звярнуліся да выпускнікоў на сайце Міністэрства адукацыі.

Кожны выпускнік, які мае акаўнт у Instagram, можа выказаць словы падзякі і расказаць аб сваіх настаўніках.

Што трэба зрабіць?

– Успомніць любімага настаўніка;

– знайсці цікавыя фатаграфіі са школьнага жыцця або запісаць кароткае відэа;

– напісаць словы падзякі сваім настаўнікам або зняць відэа;

– дадаць хэштэгі #дзякуйнастаўнік, #дзякуйшкола;

– адзначыць сваіх аднакласнікаў, настаўнікаў, акаўнт школы;

– выкласці пост у Instagram.

Лепшыя пасты рэгулярна публікуюцца ў афіцыйным Instagram-акаўнце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Бе­ларусь. І калі вы не палянуецеся і зойдзеце туды, то зной­дзеце там флэш-мобы “Пост падзякі” вучняў сярэдніх школ №№ 4, 54 Мінска, сталічных гімназій №№ 40, 17, сярэдніх школ № 1 Фаніпаля, № 3 Стоўбцаў, № 14 Маладзечна, ад навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў Ленінскага раёна Мінска. Увогуле ў Instagram зроблена больш за 100 публікацый з хэштэгамі #дзякуйнастаўнік, #дзякуйшкола.

Акрамя таго, школьнікі актыўна падтрымалі і іншыя ініцыятывы Міністэрства адукацыі: YouTube-актыўнасць “Дзённік пажаданняў”, лайф-фота “Выпуск-2020”, музычны чэлендж “Маладосць у кармане” (сумесна з групай NaviBand).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.