Не толькі дзяўчаты, але і хлопцы пад кіраўніцтвам настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Алесі Леанідаўны Хлусавай шчыруюць на прыгожых рознакаляровых клумбах, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Сёлета з-за частых дажджоў цыніі, петуніі, бягоніі трэба рэгулярна праполваць. Таксама асаблівага догляду патрабуюць іншыя ўчасткі школьнай тэрыторыі, у прыватнасці, стадыён. Тут вучні праводзяць летнія канікулы не толькі з мячом, але і з граблямі, рыдлёўкамі.

— Традыцыі добраўпарадкавання ў нашай установе закладваліся яшчэ ў гады майго вучнёўства, калі дырэктарам працавала Валянціна Іосіфаўна Краўчанка. Разам з аднакласнікамі на ўроках працоўнага навучання, падчас грамадска карыснай працы вырошчвалі расаду, высаджвалі кветкі, фарміравалі клумбы, даглядалі іх. Сёння гэтым займаюся ўжо ў якасці дырэктара маёй роднай школы, працягваю пачынанні сваёй папярэдніцы Алены Аляксандраўны Дабатоўкінай. Гэта дзякуючы ёй тэрыторыя школы набыла сучасны выгляд, а ў лютым 2022 года быў скончаны капітальны рамонт будынка. Цяпер наша з калегамі задача — памнажаць традыцыі, — паведаміла Вікторыя Кузняцова.
Разам з лабарантам Юліяй Мікалаеўнай Ляйчонак, намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы Людмілай Сяргееўнай Малахоўскай, намеснікамі дырэктара па вучэбнай рабоце Ірынай Паўлаўнай Александровіч і Валянцінай Сямёнаўнай Белай Вікторыя Юр’еўна ўпрыгожыла ганак, стварыла арыгінальную клумбу да 80-годдзя Перамогі.

Белыя бардзюры — па контуры зоркі, а вакол зоркі ў спецыяльным коле — белыя каменьчыкі. І ўсё гэта дапаўняецца чорным грунтам з чырвонымі кветачкамі. Кантрасна, стрымана, з густам…
Побач банер з лічбай 80, словамі “Помним прошлое, ценим настоящее, думаем о будущем” і сілуэтамі жураўлёў, гледзячы на якія згадваеш словы знакамітай песні Марка Бернеса “Жураўлі”.
Не толькі клумба, а ўся школьная тэрыторыя добраўпарадкавана з густам, у адпаведнасці з правіламі ландшафтнага дызайну. Таму цалкам лагічным было маё пытанне: “Ці не вучыліся вы з калегамі на спецыяльных курсах?” На што Вікторыя Юр’еўна толькі ўсміхнулася:
— Усе ідэі распрацоўваем самі. Канечне, нешта падглядваем у калег з іншых устаноў адукацыі, у інтэрнэце, сацыяльных сетках, аднак абавязкова адаптуем да нашай тэрыторыі, дадаём свае задумы.
Лагеры працы і адпачынку, акрамя 4-й школы, дзейнічаюць гэтым летам на базе яшчэ дзвюх устаноў адукацыі раёна — сярэдняй школы № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага і сярэдняй школы № 2 Новалукомля імя Ф.Ф.Азміцеля. Намаганнямі навучэнцаў добраўпарадкоўваецца прышкольная тэрыторыя, вядзецца рамонт мэблі.
— Штогод аддзелам па адукацыі сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў перыяд канікул арганізуецца часовая працоўная занятасць навучэнцаў з прыцягненнем сродкаў бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У летні перыяд плануецца арганізаваць занятасць навучэнцаў у васьмі ўстановах адукацыі, асвоіць каля 56 тысяч рублёў, — паведаміла намеснік начальніка аддзела па адукацыі Чашніцкага райвыканкама Наталля Бурмак.

Запланавана работа 17 прышкольных выхаваўча-аздараўленчых лагераў, у якіх адпачнуць больш за 400 навучэнцаў. Напрыклад, на базе міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі ў 1-й школе Новалукомля для 55 юнакоў дзейнічае выхаваўча-аздараўленчы лагер “Патрыёт”. Усяго аздараўленне пройдуць 1366 дзяцей і падлеткаў. Акрамя таго, сумесна з раённай арганізацыяй БРСМ будзе арганізавана работа 12 студэнцкіх атрадаў для 140 байцоў, якімі стануць навучэнцы падуліковых катэгорый.
— Летняя аздараўленчая кампанія 2025 года вызначана тэматыкай Года добраўпарадкавання, што знойдзе адлюстраванне ў праектах, формах работы з выхаванцамі лагераў, — працягвае Наталля Уладзіміраўна. —
У кожнай змене будзе весціся работа па фарміраванні паважлівага стаўлення да дзяржаўных сімвалаў, прыродных і энергетычных рэсурсаў. Таксама будуць арганізаваны мерапрыемствы ў адпаведнасці са значнымі датамі ў гісторыі Беларусі, дзяржаўнымі святамі, юбілеямі вядомых людзей. Упэўнена, нашы навучэнцы адпачнуць ярка і карысна.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі





