Дзякуючы STEM-­адукацыі, у гімназіі Ганцавіч паспяхова развіваюць інтэлектуальныя здольнасці выхаванцаў

- 14:35Образование

Дзякуючы STEM-­адукацыі, у гімназіі Ганцавіч паспяхова ажыццяўляюць праектную дзейнасць і развіваюць інтэлектуальныя здольнасці выхаванцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Работа аб’яднання па інтарэсах “Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі” пабудавана па квантумах. Адзін з іх — “Стэм-праекты”.

— Гэта вучэбны праект, накіраваны на вырашэнне практыка-арыентаваных задач на аснове ведаў з розных галін навукі ці розных прадметных дысцыплін, — гаворыць настаўніца фізікі і інфарматыкі Таццяна Гурман. — Так, праект “Біярытмы” (матэматыка + інфарматыка + біялогія) распрацаваны для разліку календара біярытмаў, вылічэння дат неспрыяльных дзён і пабудовы графікаў біярытмаў, на аснове чаго можна візуалізаваць мадэль фізічнага, эмацыянальнага і інтэлектуальнага стану, а таксама аналізаваць індывідуальныя біярытмы. А вось праект “Календары” (астраномія + інфарматыка + гісторыя) уяўляе сабой своеасаб­лівы калькулятар вылічэння дат. З яго дапамогай можна вызначыць, на які дзень тыдня выпадае пэўная дата: напрыклад, калі святкуецца праваслаўны Вялікдзень у наступным годзе (https://drive.google.com/file/d/1nf8q2l0o4tss7NHafsagwGWJf0fYPa0G/view?usp=share_link; https://drive.google.com/file/d/1p5L6EGgTL0OpicI8xw7xuQhYw7XvU7V4/view?usp=share_link).

Квантум Scratch заснаваны на вучэбным асяроддзі, якое дазваляе вучням ствараць уласныя аніміраваныя і інтэрактыўныя гісторыі, прэзентацыі, мадэлі, гульні і іншыя прадукты, а потым абменьвацца імі. У рамках гэтага квантума быў распрацаваны шэраг праектаў: ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца” (https://scratch.mit.edu/projects/752201571/fullscreen/); “Матэматычны калейдаскоп” (https://scratch.mit.edu/projects/508690197/fullscreen/); “Астрык” (https://scratch.mit.edu/projects/676687201/fullscreen/); “Кола” (https://scratch.mit.edu/projects/486754241/fullscreen/).

— Квантум “Робататэхніка” ўключае праграмаванне, праектаванне і распрацоўку розных робатаў з дапамогай спецыяльных канструктараў. Гэта і гульня, і тэхнічная творчасць адначасова, — працягвае Таццяна Гурман. — Дзеці з лёгкасцю далучаюцца да самастойнага канструявання, бо ім вельмі цікава ўбачыць вынікі сваёй работы.

Квантум RobboScratch прадугледжвае вывучэнне асноў праграмавання з выкарыстаннем аднайменнага асяроддзя праграмавання, схематэхнікі, праграмавання платформы “РОББО” і інш. Усё гэта, па словах пе­дагога, актуа­лізуе эксперыментальную дзейнасць вучняў. Стварэнне праектаў у віртуальным і ў рэальным асяроддзі адыгрывае важную ролю ў іх творчым развіцці.

Работа ў асяроддзі RobboScratch дазваляе дзецям ствараць гульні і мультфільмы, праграмаваць работу рэальных прылад, а таксама значна павышае вучэбную матывацыю. У рамках гэтага квантума ажыццёўлены праекты “Бугаркі”, “Паветраны бой” і “Даўжыня, плошча, аб’ём”.

— Квантум “Схематэхніка” прызначаны для навучання азам электронікі, — расказвае Таццяна Гурман. — Для гэтага выкарыстоўваецца набор “РОББО”. Ён складаецца з розных электронных кампанентаў, якія лёгка падключаюцца да мікракантролера Arduino. Электронныя схемы праграмуюцца з дапамогай блочнай мовы праграмавання Scratch. Гэта захапляльная галаваломка, якая развівае творчыя навыкі і вынаходніцкія ўменні. У межах гэтага квантума створаны праект “Святлафор”.

Па словах педагога, STEM-падыход дазваляе дзецям вывучаць навакольны свет сістэмна, разумець логіку розных з’яў, выяўляць іх узаемасувязь, адкрываць для сябе штосьці новае і не­звычайнае. Усё гэта развівае ці­каўнасць і пазнавальную актыўнасць, творчы пошук, крытычнае мысленне і навыкі каманднай работы, што адкрывае большыя магчымасці пры выбары будучай прафесіі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ