Дзякуючы творчым ідэям Святланы Затварніцкай тэрыторыя дзіцячага сада № 9 Кобрына змянілася да непазнавальнасці

- 12:10На пользу дела, Новости

Кожны верасень дзіцячы сад № 9 Кобрына сустракае выхаванцаў і іх бацькоў свежымі ландшафтнымі кампазіцыямі і абноўленымі альтанкамі. Уся гэтая прыгажосць — справа рук руплівай гаспадыні, намесніка загадчыка па гаспадарчай рабоце Святланы Затварніцкай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прайсці міма ўстановы адукацыі, не звярнуўшы ўвагі на яе тэрыторыю, немагчыма. Уздоўж агароджы цягнуцца дэкаратыўныя туі, пастрыжаныя ў дзіўных формах, а пышныя самшытавыя кусты з дапамогай садовых нажніц ператвораны ў чароўныя расліны з казак. Міжволі спыняешся ля малых архітэктурных форм: вуллёў з пчолкамі, калодзежа з вавёркай і зайчыкам, млына з гномікам, вадаёма з качкай і жабкай, кветкавага веласіпеда, імправізаванай брукаванкі… Дбайная рука гаспадара адчуваецца і на невялікім агародзіку, дзе акуратна высаджана агародніна і не толькі.

Дзіцячы сад выглядаў так не заўсёды. Яго тэрыторыя змянілася да лепшага з прыходам новага намесніка загадчыка па гаспадарчай рабоце Святланы Затварніцкай, якая працуе тут ужо 7 гадоў. Адміністрацыя ўстановы не хавае: усё, што было створана за гэты час у двары, — справа рук гэтай руп­лівай гаспадыні.

— Нам вельмі пашанцавала са Святланай Уладзіміраўнай, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Юлія Сінкевіч. — Гэта надзвычай таленавіты і творчы чалавек, які з-за прыроднай сціпласці не любіць хваліцца сваімі заслугамі. А іх даволі шмат.

Па адукацыі Святлана Затварніцкая — эканаміст з пасведчаннем аб заканчэнні дызайнерскіх курсаў. Калі яна прыйшла ў дзіцячы сад, адразу вырашыла надаць сумным цагляным сценам будынка, якому сёлета спаўняецца 50 гадоў, больш яркіх фарбаў. Неўзабаве ніжняя частка фасада ўстановы стала нагадваць мураванку, а альтанкі былі размаляваны рамбічнымі фігурамі. Затым дайшла чарга і да раслін. У выніку прадуманага ландшафтнага дызайну тэрыторыя дзіцячага сада змянілася да непазнавальнасці.

— Усе кампазіцыі ствараю сама і з вялікім задавальненнем. Абыходжуся без дапамогі інтэрнэту. Больш за тое, выкладваю там вынікі сваёй работы, каб імі карысталіся іншыя, — прызнаецца Святлана Затварніцкая, якая лічыць, што прыгожае навакольнае асяроддзе валодае магутным эстэтычным і выхаваўчым патэнцыя­лам.

Вось-вось неўтаймоўная пчолка, як называюць Святлану Уладзіміраўну ва ўстанове, возьмецца за бетонна-каменную мазаіку ва ўнутраным дворыку. Кампазіцыя будзе створана ў розных колерах з выкарыстаннем дэкаратыўнай адсыпкі і агравалакна, якое дазво­ліць высаджваць кветкі на дрэннай глебе.

Цікавыя творчыя ідэі Святлана Ула­дзіміраўна ўвасабляе ў рэальнасць разам з педагогамі і тэхперсаналам пры поўнай падтрымцы загадчыцы Алены Мароз. Баць­кі дапамагаюць з будаўнічымі матэрыяламі. Асноўныя работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі праводзяцца летам, а на працягу года парадак падтрымліваецца ўласнымі сіламі.

Сярод безлічы дыпломаў, развешаных на адным з калідораў установы, увагу прыцягваюць тыя, што атрыманы па выніках раённых і абласных аглядаў-конкурсаў па навядзенні парадку і азеляненні тэрыторый “Цудоўней стане Брэстчына мая”. Ёсць на рахунку дзіцячага сада і дыплом ІІІ ступені рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа” ў намінацыі “Зялёныя слядочкі”. Гэтыя ўзна­гароды толькі пацвярджаюць: ва ўстанове ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва дзіцячага сада