Дзённік вандроўніка

- 18:50Выхаванне, Краязнаўства

Наведванне турыстычных лакацый роднага краю — важны сродак выхавання грамадзянскасці і патрыятызму школьнікаў. 

“Як толькі пераступаеш парог Квасыніцкага цэнтра рамёстваў, трапляеш у асаб­лівую атмасферу. Невялікае фае з густам і веданнем справы аформлена ў нацыянальным стылі. Усё радуе вока: і выстава паясоў, і лялькі ў нацыянальным адзенні, і дзівосныя работы (інкрустацыя) з залатой саломкі. А далей, як у казцы: пойдзеш налева — на лепку з гліны і лозапляценне трапіш, яшчэ лявей — ткаць навучышся, а прама пойдзеш — там цуды з саломы твораць,” — такое апісанне ра­зам з яскравымі фотаздымкамі на рэсурсе “Дзённік вандроўніка” па адрасе https://dnevniktur.tilda.ws/ нікога не пакіне абыякавым і заматывуе накіравацца ў падарожжа па родным краі.

Аўтарамі-стваральнікамі гэтага рэсурсу з’яўляюцца педагогі Казловіцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна: настаўніца гісторыі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Ірына Фурманец (кіраўнік праекта), дырэктар школы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Аляксандр Слуцкі (тэхнічны рэдактар) і дзесяцікласніца Яна Карніенка. 

— Сеткавы праект “Дзённік вандроўніка” — гэта своеасаблівы рэсурс для фіксавання наведванняў экскурсійных аб’ектаў Беларусі, які на працягу навучання будзе дапамагаць школьнікам вывучаць сваю радзіму, — адзначае Аляксандр Слуцкі. — Наш рэсурс — прататып друкаванага дзённіка вандроўніка. Гэта вынік нашай экскурсійнай, турыстычнай і краязнаўчай работы за 2015—2021 гады. Ён накіраваны на ўдасканаленне форм арганізацыі даследчай работы навучэнцаў у галіне краязнаўства, паглыбленне ведаў школьнікаў па гісторыі, культуры, геаграфіі, вывучэнне прыроднай і духоўнай спадчыны роднага краю. 

На конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” сеткавы рэсурс “Дзённік вандроўніка навучэнцаў Казловіцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна” адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

Тэхнічнае рашэнне сайта — сэрвіс Tilda, які дазваляе з шэрага блокаў выбраць пэўны дызайн элементаў. Сеткавы рэсурс уключае ў сябе тры вэб-старонкі: “Дзённік вандроўніка”, “Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні сэрвісу” і “Палітыка абароны персанальных даных”. 

У пачатку галоўнай старонкі размешчана навігацыя сайта, якая прадстаўлена наступнымі раздзеламі: “Рэспубліка Беларусь”, “Мінская вобласць”, “Горад Мінск”, “Слуцкі раён”. Для зручнасці карыстальніка дабаўлены пункт “Галоўнае”, які дазваляе вярнуцца ў пачатак з любой пазіцыі прагляду. Таксама размешчаны спасылкі для пераходу на сацыяльныя сеткі. 

Структура сайта прадстаўлена блокамі, у якіх адлюстраваны матэрыял пра наведванне турыстычнай лакацыі навучэнцамі школы. Інфармацыя ўяўляе сабой фота турыстычнай лакацыі, цікавыя гістарычныя факты аб аб’екце і водзыў аб яго наведванні. Так, напрыклад, у сталіцы карыстальнікі могуць віртуальна наведаць Літаратурны музей Максіма Багдановіча, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, а таксама кандытарскую фабрыку “Слодыч”, мінскі гарадскі дэльфінарый і іншыя аб’екты. Адной з ключавых лакацый з’яўляецца Случчына, якая валодае багатымі турыстычнымі магчымасцямі. Тут цікавасць уяўляюць Музей гісторыі слуцкіх паясоў, Квасыніцкі цэнтр рамёстваў, Вераб’ёўскае лясніцтва і інш. 

Школьнікам прапануюцца для выканання і цікавыя інтэрактыўныя заданні. Напрыклад, размясціць аб’екты па часе стварэння на стужцы часу альбо суаднесці факты і турыстычныя аб’екты на ўкладаннях на сэрвісе Learningapps.org. 

У канцы старонкі размешчана інтэрактыўная карта з пазначанымі на ёй турыстычнымі пунк­тамі. Па меркаванні аўтараў, гэтая карта можа быць карыснай любому жыхару Беларусі і гасцям нашай краіны. Гледзячы на яе, заўсёды можна самастойна праду­маць невялікае падарожжа па славутых мясцінах нашай Ра­дзімы.

— Рэсурс мае шэраг пераваг перад друкаванай версіяй дзённіка, — адзначае Ірына Фурманец. — Па-першае, ён дазваляе зручна выкарыстоўваць відэафрагменты і гіперспасылкі на дадатковыя матэрыялы і сеткавыя рэсурсы, маецца магчымасць іх прааналізаваць. Па-другое, можна выкарыстоўваць інтэрактыўныя формы навучання, што мадэлююць элементы вучэбнай экскурсіі. Па-трэцяе, атрымаць доступ да матэрыялаў магчыма ў любы час і ў любым месцы пры наяўнасці выхаду ў інтэрнэт.

Сеткавы рэсурс можа выкарыстоўвацца на ўсіх этапах навучання: пры тлумачэнні новага матэрыя­лу, яго замацаванні, паўтарэнні, кантролі. Так, на этапе актуалізацыі ведаў матэрыял можа прымяняцца для вырашэння праблемных сітуацый, а на этапе абагульнення і сістэматызацыі ведаў — пры выкананні творчых заданняў (стварэнне вэб-старонкі, інтэрактыўнага плаката, выкананне міні-даследавання). Фотаздымкі дазваля­юць пашырыць ілюстрацыйны рад, слайд-шоу з дыктарскім суправаджэннем надаюць уроку большую эмацыя­нальнасць, выраз­насць. Увогуле прынцып нагляднасці мае асаблівае значэнне, бо, як бы цікава і захапляюча ні быў напісаны дапаможнік, як бы прыгожа ні расказ­ваў настаўнік, вобраз той ці іншай тэрыторыі лепш перадаецца з дапамогай яркіх фотаздымкаў, ілюстрацый, відэаролікаў, віртуальных экскурсій.

— Пры планаванні вучэбных заняткаў з выкарыстаннем сеткавага рэсурсу неабходна выконваць шэраг дыдактычных патрабаванняў, у адпаведнасці з якімі дакладна вызначаецца педагагічная мэта прымянення сэрвісу, выбраны сродак узгадняецца з іншымі тэхнічнымі сродкамі навучання, улічваюцца спецыфіка вучэбнага матэрыялу, асаблівасці класа, характар тлумачэння новай інфармацыі, адбываецца замацаванне і кантроль ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў, — заўважае дырэктар. 

Карыстальнікі могуць далучыцца да напаўнення рэсурсу: адпра­віць фота з экскурсіі і невялікі водзыў аб наведванні той ці іншай мясціны. Гісторыя будзе апублікавана ў  “Дзённіку вандроўніка”.

Наталлі КАЛЯДЗІЧ.