Эфектна пра космас

- 10:41Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

У яслях-­садзе № 42 Магілёва вырашылі знаёміць выхаванцаў з астраноміяй максімальна зразумела і цікава. Так, каб малышы па­сапраўднаму палюбілі навуку аб космасе і змаглі ў будучыні здзейсніць якое­-небудзь грандыёзнае навуковае адкрыццё.

У першую чаргу мы вучым дзяцей назіраць! У які б час сутак мы ні паглядзелі на неба, убачым там касмічныя аб’екты: днём — Сонца, ноччу — зоркі і Месяц. Неба, здаецца, зусім блізка — працягні руку і дакранешся, а калі залезці на верхавіну высокага дрэва, то і зусім апынешся побач з Сонцам і Месяцам. На самай справе гэта не так. Ні мы сваёй рукой не маем магчымасці дацягнуцца да неба, ні дрэвы сваімі верхавінамі. Велізарны Сусвет складаецца з мільярдаў касмічных аб’ектаў, але яны вельмі далёка ад нас. А якія розныя і дзіўныя планеты ў Сонечнай сістэме: гарачая Венера з цяжкай і атрутнай атмасферай або грозны Юпітэр, які прыцягвае ўсё, як магніт. Малышам цікава даведацца, як пакараўся космас чалавеку: ад палёту першага сабакі-касманаўта Лайкі да аповедаў аб касмічных ракетах і функцыянаванні касмічных станцый.

У залежнасці ад узросту дашкольнікаў пра адзін і той жа касмічны аб’ект можна падаць інфармацыю па-рознаму. Напрыклад, малышам можна расказаць казку пра непаслухмянае медзведзяня. Яно ўцякло ад мамы, заблукала ў лесе, а дзядуля Вецер, дапамагаючы медзведзяняці, закінуў непаседу высока на неба. І там мішка зачапіўся за зорку хвосцікам. Мама мядзведзіца не пакінула сыночка і таксама адправілася на неба. Так і з’явіліся на зорным небе Вялікая і Малая мядзведзіцы. Старэйшых дзяцей можна ўжо знаёміць з легендай Старажытнай Грэцыі аб прыгожай німфе па імені Каліста. Улічваючы асаблівасці дзіцячага ўзросту, вельмі важна зрабіць аповед простым і эфектным.

У інтэрнэце зараз вялікая колькасць інфармацыі, прысвечанай космасу: пачынаючы ад развіццёвых мультфільмаў для дзяцей і заканчваючы фатаграфіямі туманнасцей і далёкіх галактык, зробленых касмічным тэлескопам Хабл, і анлайн-трансляцыямі з Міжнароднай касмічнай станцыі. Нават у наш век лічбавых тэхналогій яркія карцінкі з экрана ноўтбука ці планшэта не могуць замяніць сапраўдную кнігу, якую можна чытаць разам з кімсьці або гартаць аднаму, разглядаючы карцінкі. Цікавай дзіцячай літаратуры для чытання па астраноміі шмат. Яна разлічана на самы ранні ўзрост. Ёсць касмічныя казкі (Я.Левітан “Малышам пра зоркі і планеты”, “Казачны сусвет”, М.Носаў “Нязнайка на Месяцы”), энцыклапедыі, мастацкія кнігі для старэйшых дзяцей.

Параўноўваючы вялікі мяч і пацерку, можна растлумачыць дзецям суадносіны памераў Зямлі і Сонца.

З дапамогай простых, але эфектыўных доследаў мы тлумачым дзецям, што ж такое космас, чаму і як адбываецца змена дня і ночы. Звычайная настольная лямпа і мячык тлумачаць, чаму мы не заўсёды бачым поўны Месяц. Паварочваючы мяч, у залежнасці ад асвятлення можна ўбачыць ці поўны мяч, ці толькі яго частку ў выглядзе паўмесяца.

Вельмі наглядны дослед з паветраным шарыкам пакажа дзіцяці асноўны прынцып узлёту ракеты. Бяром паветраны шар, надзімаем яго, заціскаем пальцам, а потым рэзка адпускаем. Шар узлятае, а калі паветра ў ім заканчваецца, то ён падае. Так ляціць і ракета. Адзінае адрозненне, што замест паветра ў ёй гаручае, таму пры ўзлёце бачны агонь і клубы дыму. 

Каб зразумець, наколькі складана рухацца ў касмічных касцюмах у бязважкасці, дзеці могуць правесці просты, але вельмі эфектыўны эксперымент. У ёмістасць з вадой змяшчаюцца дробныя гайкі, шрубы і іншыя прадметы. Дзеці па чарзе надзяваюць “пальчаткі касманаўта” і спрабуюць у вадзе дастаць дробныя прадметы. Гэты эксперымент дэманструе, наколькі складана ўпраўляцца з дробнымі прадметамі ў бязважкасці.

Малюючы на тлустым малацэ кроплямі харчовага фарбавальніка з піпеткі, можна стварыць “касмічную туманнасць”. Калі дзіця апусціць у цэнтр каляровай кроплі ватную палачку, змочаную ў сродку для мыцця, туманнасць будзе як у космасе. Параўноўваючы вялікі мяч і пацерку, можна растлумачыць дзецям суадносіны памераў Зямлі і Сонца. Карысна пагуляць з дзецьмі ў гульні на касмічную тэматыку. Напрыклад, сярод прапанаваных карцінак, на якіх адлюстраваны кніга, блакнот, скафандр, яблык, цукерка, цюбік з маннай кашай, будзільнік, каўбаса, выбраць тое, што можна ўзяць з сабой на касмічны карабель. Ці можна вылажыць на свае “арбіты” мадэлі планет Сонечнай сістэмы.

Космас для дзяцей дашкольнага ўзросту бясконца цікавы, і не варта чакаць, пакуль яны пачнуць вывучаць астраномію ў школе. Калі вам удасца зачараваць уяўленне дзіцяці, то, магчыма, стаўшы дарослым, яно будзе з усмешкай на твары ўспамінаць вашы аповеды і доследы.

Галіна ДЗЯВЯТНІКАВА, 
выхавальніца ясляў-сада № 42 Магілёва.